Рэферэндумы ў «ЛНР» і «ДНР»: што гэта значыць і чаму так хутка


Кіраўнікі так званых ЛНР і ДНР абвясцілі аб правядзенні з 23 па 27 верасня рэферэндумаў аб далучэнні да Расеі. Падобныя плебісцыты могуць адбыцца ў Херсонскай і Запарожскай вобласцях Украіны. Аб гэтым паведамляе УНІАН і іншыя медыі

Сцяг самаабвешчанай ДНР. Выява мае ілюстратыўны характар.
Фота: ura.news

Паведамляецца, што кіраўнік «ЛНР» Леанід Пасечнік у аўторак 20 верасня тэрмінова падпісаў закон, які прыняла так званая народная рада самаабвешчанай рэспублікі. Аб правядзенні рэферэндума ў той жа перыяд, што і «ЛНР» заявіў кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін. Чакаецца, што вынікі галасаванняў будуць абвешчаны 28 ці 29 верасня, пасля чаго «ДНР» і «ЛНР» могуць накіраваць афіцыйны запыт на ўступленне ў склад Расеі. Волевыказванне будзе як вочным, так і завочным.

УНІАН таксама паведамляе, што кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда заявіў, што рэферэндум па ўваходжанні рэгіёну ў склад Расеі таксама прызначаны на 23 – 27 верасня.

Па дадзеных двух крыніц «Медузы», блізкіх да адміністрацыі Пуціна, рэферэндумы адначасова пройдуць не толькі ў «ДНР», «ЛНР», але ў Херсонскай вобласці, рыхтуюцца да нечага падобнага і на Запарожжы.

На што спадзяюцца прарасейскія кіраўнікі акупаваных тэрыторыяў Украіны

Паводле паведамлення «РИА Новости Крым», намеснік кіраўніка расейскай ваеннай адміністрацыі ў Херсонскай вобласці Кірыл Страмавусаў заявіў аб гатоўнасці ўсіх тэрытарыяльных камісій рэферэндуму па ўваходжанні ў склад РФ, для правядзення якога будзе выкарыстоўвацца, у тым ліку, анлайн галасаванне.

Страмавусаў выказаў меркаванне, што людзі «разумеюць, што калі мы станем субʼектам Расеі, мы паўнапраўна і паўнацэнна будзем пад яе абаронай». Па словах Страмавусава, практычна 95% Херсонскай вобласці знаходзіцца пад поўным кантролем РФ, рэферэндум «у выпадку падпісання адпаведных дакументаў адбудзецца».

Рэферэндум па ўваходжанні Запарожскай вобласці ў склад Расейскай Федэрацыі можа прайсці ў найбліжэйшыя дні, паведаміў у сваім тэлеграм-канале старшыня руху «Мы разам з Расеяй» Уладзімір Рогаў. У Мелітопалі тэрмінова ў аўторак 20 верасня адбыўся «агульнанародны зʼезд грамадзян Запарожскай вобласці». На «зʼездзе» Рогаў і іншыя чальцы руху звярнуліся да кіраўніка адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўгена Баліцкага з патрабаваннем як мага хутчэй правесці рэферэндум аб далучэнні да Расеі.

«Агульнанароднае галасаванне можа адбыцца ўжо ў бліжэйшыя дні. Мы хочам пэўнасці і стабільнай, шчаслівай будучыні. Мы чакаем абʼяўлення галасавання з нецярпеннем. Мы гатовы рэалізаваць сваё права на самавызначэнне і паставіць кропку ў пытанні тэрытарыяльнай прыналежнасці Запарожскага краю», – цытуе Уладзіміра Рогава агенцыя «РИА Новости». Пры гэтым непасрэдна ў горадзе Запарожжа ніякага рэферэндуму не будзе.

Што за ўсім гэтым стаіць

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) зрабілі выснову, што контрнаступленне ЗСУ выклікае паніку ва ўплывовых асоб з Крамля і падрывае і без таго нізкі маральны дух расейскіх вайскоўцаў са складу элітных падраздзяленняў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць тэрміновае абмеркаванне неабходнасці неадкладнай анексіі Расеяй Луганскай і Данецкай абласцей, якое адбылося 19 верасня сярод расейскіх даверанных асобаў. Пры гэтым інстытут звяртае ўвагу, што большая частка Данецкай вобласці не знаходзіцца пад кантролем Расеі.

ISW паведамляе, што расейскія прапагандысты ўжо паспяшаліся назваць тое, што адбываецца ў «ЛНР» і «ДНР» крымскім сцэнаром. Так, галоўная рэдактарка «Раша Тудэй» ​​Маргарыта Сіманян напісала, што, прызнаўшы акупаваную ўкраінскую зямлю тэрыторыяй Расеі, Расея магла б лягчэй пагражаць NATO ударамі ў адказ на ўкраінскія контратакі, «развязаўшы Расеі рукі ва ўсіх адносінах».

Аналітыкі інстытуту лічаць такі падыход непаслядоўным. Расейскія войскі не кантралююць усёй тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. Анексіяй заяўленых тэрыторый ДНР і ЛНР Расея хоча пазбегнуць іх вызвалення законнымі ўкраінскімі ўладамі і ўкраінскімі сіламі, якія працягваюць наступленне. Пры гэтым, украінскія ўдары па анексаваным Расеяй Крыме ясна дэманструюць, што атакі Украіны на незаконна анексаваную Расеяй тэрыторыю не выклікаюць аўтаматычна помсты Расеі супраць NATO.

«Частковая анексія на гэтым этапе таксама паставіць Крэмль у дзіўнае становішча патрабавання, каб украінскія сілы не акупавалі «расейскія» тэрыторыі, і ў зневажальнае становішча немагчымасці выканаць гэта патрабаванне. Застаецца вельмі незразумелым, ці захоча прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін патрапіць у такую ​​завязку дзеля сумнеўнай выгады, каб палегчыць пагражаць НАТА ці Украіне эскалацыяй, якую ён наўрад ці зробіць на дадзеным этапе», – падкрэслілі аналітыкі ISW.

Найбольш верагодная прычына актывізацыі расейскіх уладаў і іх стаўленікаў на ўкраінскіх тэрыторыях у тым, што Расеі, магчыма, не хапае спосабаў спыніць украінскія сілы, калі яны прасоўваюцца праз раку Аскіл і набліжаюцца да Луганскай вобласці.

«Крэмль можа меркаваць, што частковая анексія можа падштурхнуць да вярбоўкі дадатковых сіл як з Расеі, так і з тэрыторыі нядаўна анексаванай Украіны. Расейскія сілы адчайна спрабуюць мабілізаваць дадатковыя сілы з усіх патэнцыйных крыніц, каб запоўніць свае моцна дэградаваныя і дэмаралізаваныя падраздзяленні, але апынуліся не ў стане стварыць значную баявую моц», – лічаць аналітыкі ISW.

Рэакцыя Кіева

У сваю чаргу, афіцыйны Кіеў дэманструе рашучасць працягваць абарончыя дзеянні і контрнаступленне. Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба напісаў у сваім Твітары, што рэферэндумы 23-27 верасня – фіктыўныя.

«Ні фэйкавыя «рэферэндумы», ні гібрыдная «мабілізацыя» нічога не зменяць. Расея як была, так і застаецца дзяржавай-агрэсарам, які незаконна акупуе частку ўкраінскай зямлі. Украіна мае поўнае права вызваляць свае тэрыторыі і будзе ў далейшым вызваляць іх, што б там ні казалі ў Расеі», – адзначыў кіраўнік украінскай дыпламатыі.

Нагадаем, першапачаткова верагоднай датай правядзення рэферэндумаў у так званых ДНР і ЛНР называлася 4 лістапада з прыцэлам на абвяшчэнне вынікаў 7 лістапада, у дзень чарговай гадавіны бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе. Затым паведамлялася, што пад ціскам контрнаступлення ЗСУ Крэмль адклаў правядзенне рэферэндумаў на невызначаны тэрмін.  Актыўныя дзеянні па легалізацыі анексіі чарговых украінскіх тэрыторыяў Масква пачала знянацку, на тле поспехаў украінскіх воск па вызваленні захопленых земляў Украіны ад расейскіх войск.

Hавiны
У самаабвешчаных ЛНР, ДНР і Херсонскай вобласці хочуць неадкладна правесці рэферэндум
2022.09.19 21:52

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў