Расейскія акцыі імкліва патаннелі на фоне навінаў пра «рэферэндумы»


Расейскі рынак акцыяй 20 верасня перажыў наймацнейшы абвал з пачатку «спецаперацыі» на Украіне. Таннелі паперы ўсіх асноўных сектараў. Абвал адбываўся на фоне навін аб хуткіх рэферэндумах у «ЛДНР», Херсонскай і Запарожскай вобласцях, паведамляе «Forbes».

Каціроўкі расейскіх акцый вельмі моцна зрэагавалі на навіны пра «рэферэндумы». Скрыншот індэксаў. Крыніца: «Forbes» / forbes.ru

Падчас таргоў на Масбіржы ў аўторак, 20 верасня, адбыўся моцны абвал акцыяў. Ключавы індыкатар гандлёвай пляцоўкі, індэкс Масбіржы, пачаў зніжацца з раніцы, у першую гадзіну таргоў страціўшы больш за 2% да закрыцця папярэдняга дня. Днём падзенне паскорылася – да 10, 7% да 15:10 маскоўскага часу (мсч), індэкс апускаўся да 2171 пункта. Доларавы індэкс РГС на працягу дня падаў на 10,5%.

«Гэтак моцна расейскі рынак не падаў з пачатку «спецаперацыі» ва Украіне ў канцы лютага», – піша «Forbes».

Абвал адбыўся ва ўсіх асноўных блакітных фішак: «Сбербанк» да 13:15 зніжаўся на 5,35%, «Лукойл» – на 9%, «Газпром» – на 8%, «Яндекс» – на 8,9%, VK – на 10 %, «Норникель» – на 2%. Падзенне таксама назіралася ва ўстойлівых на агульным фоне паперах рэтэйлераў і дэвэлапераў (забудоўшчык «Самолёт» губляў каля 8%, «Магнит» – каля 2%).

Паводле «Forbes», падзенне рынку пачалося з-за заяваў расейскага ўраду аб падтрымцы экспарцёраў сыравіны, але паскорылася на тле іншых навін. Пасля 14:00 мсч аб рашэнні правесці 23-27 верасня рэферэндумы аб далучэнні да Расеі абвясцілі ўлады Данецкай і Луганскай народных рэспублік, на гэтыя ж даты плануюцца рэферэндумы ў Херсонскай і Запарожскай вобласцях.

«Індэксы відавочна абвальваюцца на фоне страхаў вакол рызыкаў мабілізацыі і вайсковага становішча. Яны падсілкоўваюцца навінамі аб хуткім правядзенні рэферэндумаў у «ДНР», «ЛНР» і Херсонскай вобласці, а таксама даручэннем прэзідэнта нарасціць выпуск абароннай прадукцыі », – тлумачыць аналітык «Тинькофф Инвестиции» Кірыл Камароў.

«Рэферэндумы ва Украіне могуць стаць сігналам аб далейшай эскалацыі сітуацыі, і рынак гэтага баіцца. Усё будзе залежаць ад далейшага развіцця геапалітычнай сітуацыі, але пакуль усё выглядае дастаткова трывожна для рынку, і зніжэнне можа зацягнуцца», – кажа інвестыцыйны стратэг КК «Арикапитал» Сяргей Сувераў.

На думку аналітыка ІК «Велес Капитал» Алены Кожуховай, магчымае далучэнне да Расіі ўкраінскіх тэрыторый, якое правакуе новы віток геапалітычнай эскалацыі, таксама можа прывесці да ўвядзення новых санкцый у дачыненні да Расіі, .

Hавiны
Рэферэндумы ў «ЛНР» і «ДНР»: што гэта значыць і чаму так хутка
2022.09.20 19:34

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў