Пачынаецца прыём заяваў на нацыянальную візу на тэрыторыі Польшчы


З 22 верасня пачынаецца прыём заяў на атрыманне нацыянальнай (у тым ліку гуманітарнай) візы на тэрыторыі Польшчы. Аб гэтым паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці

Польская віза. Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле паведамлення, падаць заяву можна будзе паводле папярэдняга запісу праз сайт visa.vfsglobal.com.

Пасля атрымання даты і часу візіту заяву неабходна будзе падаць у адзін з візавых цэнтраў, размешчаных у Варшаве, Познані або Любліне.

Адрасы візавых цэнтраў:

  • Варшава, вул. Алеі Еразалімскія 181B (першы паверх, уваход B-1), гадзіны працы 8:30–16:30;
  • Познань, вул. Францішка Ратайчака 19 (першы паверх), гадзіны працы 8:30–16:30;
  • Люблін, вул. Тамаша Зана 39A (пяты паверх), гадзіны працы 8:30–16:30.

Калі нехта не паспее падаць заявы ў першыя даты, прадугледжаныя дадатковыя даты, якія будуць паступова зʼяўляцца на сайце.

У Цэнтры беларускай салідарнасці адзначаюць, што атрыманне беларусамі візаў не выязджаючы з Польшчы і адпаведныя змены ў польскім заканадаўстве сталіся магчымымі дзякуючы супрацы цэнтру з Офісам Святланы Ціханоўскай і МУС Польшчы.

Хто мае права на атрыманне візаў на тэрыторыі Польшчы

Адпаведна пастанове міністра замежных справаў аб выдачы нацыянальных візаў замежнікам, якія застаюцца ў Польшчы, беларускі грамадзянін мае права на атрыманне візаў, калі:

1) у дзень падачы заявы легальна застаецца ў Польшчы на ​​падставе дзейнай гуманітарнай візы, а таксама заявіць, што не можа вярнуцца ў краіну паходжання з меркаванняў бяспекі або з прычыны пагрозы рэпрэсіяў ці пераследу;

2) або заявіць, што:

a) непасрэдна да 24 лютага 2022 года легальна быў на тэрыторыі Украіны і

b) прыбыў на тэрыторыю Польшчы ў перыяд пасля 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Украіны ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на яе тэрыторыі, а таксама

c) што не можа вярнуцца ў краіну паходжання з меркаванняў бяспекі або з прычыны пагрозы рэпрэсіяў ці пераследу.

Апроч таго, грамадзяне Беларусі могуць падаваць заявы міністру замежных справаў на выдачу візы з мэтай працы ў якасці кіроўцы ў міжнародным транспартаванні грузаў або людзей ці працы ў некамерцыйных міжнародных аўтамабільных перавозках. Умовай ёсць легальны побыт на тэрыторыі Польшчы ў дзень падачы гэтай заявы.

Раней паведамлялася, што грамадзяне Беларусі, якія цяпер у Польшчы, змогуць звяртацца па гуманітарныя візы да 31 снежня 2022 года.

Каментар
Ці вырашацца праблемы беларусаў з польскімі візавымі цэнтрамі? Спыталі МЗС Польшчы
2022.09.15 17:17

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў