«Гэта недружалюбны крок». Беларускі МЗС адмовіў прадстаўніку ЕЗ Дырку Шубэлю ў візе


Беларускае Міністэрства замежных спраў не працягнула акрэдытацыю амбасадару Дырку Шубэлю, кіраўніку дэлегацыі Еўрапейскага Звязу ў Менску. Ён займаў гэтую пасаду з канца лета 2019 года, аднак у чэрвені 2021 года адбыў для кансультацый у Брусель і з таго моманту не вяртаўся ў Беларусь.

Дирк Шубель
Амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль на форуме Каліноўскага ў Бруселі, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Галоўны прэсавы сакратар Еўракамісіі Пэтэр Стана пацвердзіў «Белсату» гэтую інфармацыю і выступіў з заявай:

«Увогуле, нашыя дэлегацыі і нашыя амбасадары, кіраўнікі нашых дэлегацыяў у свеце ёсць асноўнымі пунктамі кантактаў для ўзаемадзеяння з краінамі і для развіцця партнёрства і кантактаў з краінамі. Таму для нас вельмі важна, каб у нас былі людзі, акрэдытаваныя на месцах, і нашыя амбасадары маглі працаваць без абмежаванняў, штучных абмежаванняў. А цяпер канкрэтна: пасля незаконнага і недапушчальнага затрымання і пераследу нашай часовай паверанай у дэлегацыі ў Менску беларускія ўлады пастанавілі пайсці яшчэ далей, не працягнуўшы акрэдытацыі нашаму амбасадару Дырку Шубэлю, кіраўніку дэлегацыі ЕЗ у Менску, нягледзячы на ягоную гатоўнасць працягваць свой мандат у якасці кіраўніка дэлегацыі ЕЗ у Менску. Відавочна, што гэта недружалюбны крок, які яшчэ больш абмяжуе вузкія дыпламатычныя кантакты і двухбаковыя адносіны паміж Еўразвязам і Беларуссю».

Дырк Шубэль – нямецкі дыпламат і эканаміст. З 2019 года ён працуе ў Еўрапейскай службе знешніх сувязей (EEAS) у якасці кіраўніка дэлегацыі Еўрапейскага звязу ў Беларусі. Раней Шубэль быў кіраўніком дэлегацыі Еўрапейскага звязу ў Малдове ў 2009-2013 гадах, а затым перайшоў на працу ў галаўны офіс EEAS.

Пасля пачатку працы ў Беларусі, Шубэль заяўляў, што хоча зрабіць Беларусь бліжэй да Еўропы і планаваў павялічыць фінансаванне беларускіх праектаў у межах ініцыятывы ЕЗ для суседніх краін – «Усходняе партнёрства».

Як прадстаўнік Еўразвязу, Шубэль асудзіў вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, як і рэпрэсіі, які былі далей. Ён ладзіў у Менску сустрэчу дыпламатаў ЕЗ з роднымі палітвязняў, выказваў ім сваю падтрымку.

Hавiны
Дыпламаты ЕЗ сустрэліся ў Менску з роднымі палітвязняў
2021.02.07 15:48

28 чэрвеня МЗС Беларусі заявіла, што краіна прыпыняе свой удзел ва «Усходнім партнёрстве». Такое рашэнне МЗС было звязана з уведзенымі санкцыямі супраць Беларусі і крытыкай Еўразвязу інцыдэнту з пасадкай самалёта авіякампаніі «Ryanair», які быў вымушаны здзейсніць пасадку ў Менску. Нагадаем, на гэтым борце знаходзіліся Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, якія пасля былі затрыманыя.

Пасля гэтага ў беларускае ведамства быў выкліканы кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Дырк Шубэль. Падчас сустрэчы амбасадару была заяўлена «цвёрдая пазіцыя беларускага боку аб абсалютнай непрымальнасці прымянення санкцый як інструмента ціску на суверэнную і незалежную дзяржаву».

«Кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ у Рэспублікі Беларусь таксама прапанавана адправіцца ў Брусель для кансультацый, каб даказаць свайму кіраўніцтву пазіцыю беларускага боку адносна непрымальнасці націску і санкцый», – было сказана ў заяве.

Пад такім ціскам Дырк Шубэль пакінуў Беларусь 30 чэрвеня 2021 года і дагэтуль не вяртаўся ў краіну.

«Беларусь сёння – не зусім тая краіна, у якую я прыбыў 22 месяцы таму, але я ўпэўнены, што беларусы будуць настойлівымі і выйдуць з гэтага крызісу моцнымі і больш устойлівымі, чым калі-небудзь раней, каб пабудаваць свабоднае, квітнеючае, гасціннае, бяспечнае грамадства. Тым часам, мае думкі – з усімі палітвязнямі, усімі, хто знаходзіцца за кратамі і пакутуе ад несправядлівасці, і з іх сем’ямі; з тымі, хто за апошні бурны год страціў сваіх блізкіх», – напісаў ён пасля рашэння аб ад’ездзе.

Тады ж ён дадаў, што з нецярплівасцю чакае магчымасці вярнуцца ў Беларусь, але пакуль будзе выконваць сваю працу з Бруселю.

Пасля ад’езду ў інтэрвʼю «Deutsche Welle» Шубэль заяўляў, што ён спрабуе выконваць тыя ж задачы, што і раней у Менску, але, паводле яго слоў, гэта магчыма толькі на 80 працэнтаў. «Чаго мне, канечне, не хапае, дык гэта асабістых кантактаў з людзьмі ў Беларусі: з чыноўнікамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, бізнесам, журналістамі, іншымі дыпламатамі. Канешне, усё гэта лепш рабіць асабіста, чым па відэасувязі. Тым не менш, я выконваю сваю працу з Бруселю і адсюль кірую дэлегацыяй», – распавядаў прадстаўнік ЕЗ.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадарам ЕЗ у Беларусі Дыркам Шубелям. Вільня, Літва. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Па словах Шубэля, пасля яго адʼезду ў Менску засталася ягоная кампетэнтная калега – спадарыня Шульц, якая выконвае свае абавязкі і з якой ён кожны дзень узгадняе працу і задачы. Яна працуе на месцы, прадстаўляе дэлегацыю, у тым ліку падчас перамоваў.

На пытанне, ці плануе ён вярнуцца ў Менск, Шубэль адказаў, што вярнуўся б ужо заўтра, калі б яму дазволілі.

«Мы некалькі разоў рабілі запыт. Мне падабалася працаваць там, нягледзячы на ​​існуючыя абставіны. Я палюбіў Беларусь […] палюбіў людзей, і вельмі хацеў бы мець магчымасць вярнуцца і працаваць там да канца свайго мандата. Гэта было б у інтарэсах усіх, і я спадзяюся, што беларускія ўлады дадуць мне такую ​​магчымасць», – казаў Шубэль у сакавіку 2022 года.

Падчас свайго ад’езду з Беларусі Дырк Шубэль таксама ўзмацняў сувязі з Дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Сустракаўся са Святланай Ціханоўскай, прымаў удзел у розных беларускіх канферэнцыях, у тым ліку выступаў на форуме Каліноўскага, які праходзіў сёлета ў чэрвені.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадарам ЕЗ у Беларусі Дыркам Шубэлем
2022.04.06 22:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў