Чым небяспечныя святары?

20 верасня з хуткасцю маланкі пачало распаўсюджвацца паведамленне пра затрыманне пастара евангельскай царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнкі.

Сілавікі не сталі цягнуць: працэс прызначылі адразу пасля абедзеннага перапынку ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Вердыкт – штраф Br 3200. Святару закідаюць парушэнне Адміністратыўнага кодэксу, а менавіта – арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. А акцыя – гэта ўсяго толькі малітва на вуліцы каля былога будынку царквы. Каму гэта магло перашкодзіць жыць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстантскія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

На фоне таго, што адбываецца ў Беларусі апошнія два гады, чарговае затрыманне, хоць бы і святара, успрымаецца, як звычайная штодзённая падзея. Спісы затрыманых і арыштаваных суайчыннікаў сталіся неад’емнаю часткаю нашага жыцця. Перапоўненыя турмы, ЦІПы, следчыя ізалятары больш нікога не здзіўляюць.

Абывацелі, якія раней толькі ў мастацкіх фільмах бачылі тыя акенцы, дзе прымаюць перадачы, добра ведаюць і расклад прыёмных дзён у розных установах, і нават колькі ды чаго можна ў тыя перадачы пакласці. Ды што там перадачы – сёння нават падлеткі могуць на памяць назваць з дзясятак крымінальных артыкулаў, якія ўжо атрымалі назву «народных».

Але суд над пастарам Вячаславам Ганчарэнкам – гэта не зусім шараговая падзея, калі ўвогуле можна такія рэчы называць шараговаю падзеяй. Так, гэты суд не стаўся нечаканасцю ні для пастара, ні для вернікаў. Яшчэ летась 17 лютага, калі міліцыя і судовыя выканаўцы, узламаўшы дзверы, захапілі будынак царквы, было ясна, што наступствы чакаюцца самыя кепскія. Пагатоў за паўгода да гэтага, 16 жніўня 2020-га, пастар публічна асудзіў жорсткасць і гвалт з боку ўладаў. Тады дзясяткі святароў і вернікаў, у тым ліку царквы «Новае жыццё», падпісалі адкрыты зварот хрысціянаў Беларусі, у якім заклікалі прадстаўнікоў дзяржаўных органаў спыніць гвалт, аднавіць законнасць і правесці новыя, сумленныя выбары. Ну няўжо ўлады пра такое забудуцца і не адпомсцяць?

Сітуацыю вакол царквы «Новае жыццё» можна назваць самаю доўгай і вядомай эпапеяй супрацьстаяння ўладаў і царквы. Ці думалі вернікі, калі ў 2001 годзе набывалі стары будынак калгаснай фермы на ўскрайку Менску, што ім давядзецца прайсці столькі іспытаў за сваю веру?

Сваймі рукамі яны тады расчысцілі сметнік, адрамантавалі кароўнік, усталявалі стацыянарнае ацяпленне, электрычнасць, закупілі разнастайнае абсталяванне для дзяцей. І адразу пачалося. Улады заўважылі нарэшце, што ёсць у гэтай краіне людзі, якія могуць самаарганізавацца і жыць так, як ім хочацца. І гэта людзі рознага веку. Парушэння заканадаўства «не прыпаяць». Але што гэта? Гэта вельмі падобна да самакіравання, якое ў прынцыпе не можа суіснаваць з такімі ўладамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстантскія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Вось тады і пачалася гэтая эпапея. Калі прыгадаць яе ступені, то спачатку гэта правяранні, потым пазбаўленне вернікаў зямельнага надзелу, а ўслед за гэтым і самога будынку. А тут і Камітэт справаў рэлігіяў таксама не застаўся ўбаку. Супраць царквы ўжылі ўвесь арсенал. Дайшло да таго, што вернікі абвесцілі масавае галадаванне. 23 дні людзі былі ў будынку. Журналісты добра памятаюць гэтую карціну: раскладушкі паўсюль, на іх ужо знясіленыя людзі, бутлі з вадою… Тым часам у будынак наведаліся дыпламаты. У адміністрацыю Лукашэнкі ішлі адзін за адным звароты ад пратэстанцкіх цэркваў з усяго свету з патрабаваннем пакінуць вернікаў «Новага жыцця» у спакоі. Пасля таго, як у царкву на Кавалёва 72 зачасцілі хуткія, пастара запрасілі на размову ў адміністрацыю. Там яму прапанавалі вярнуцца «ў прававое поле». Гэта ўжо потым стала ясна, што для чыноўнікаў гэта азначала зноў запусціць судовы канвеер.

Але я чамусьці сёння згадала падзеі 19 сакавіка 2006 года. Плошча. Выбары. Людзі вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу пасля шэсця да плошчы Перамогі. Нехта тады пачаў скандаваць: «Застаемся! Застаемся!» І вось тут я пабачыла, на што здольныя людзі, якіх лучаць агульныя інтарэсы ды адзіная мара – жыць у нармальнай краіне, спакойна займацца сваёй працай і маліцца Богу так, як хочацца.

… Яшчэ працаваў «Цэнтральны». Людзі хуценька прайшлі ў гандлёвую залю. Нехта стаў у чаргу ўзважваць каўбасы. Праз некалькі хвілінаў прыбегла загадчыца і абвясціла, што каўбасы наразаць не будуць, каб бралі цэлымі кавалкамі. Я заўважыла некалькі мужчынаў, якія па кішэнях збіралі грошы (тады ў тым аддзеле трэба было разлічвацца адразу). Яны паміж сабой абмяркоўвалі, на колькі палак каўбасы хопіць грошай. Спытала іх, навошта столькі. «Як навошта? Такі мароз, а стаяць давядзецца невядома колькі. Трэба ж калорыі. Гэта на бутэрброды. На ўсіх, хто ноч будзе стаяць», – пачула ў адказ.

Унізе ў кафетэрыі ўжо былі людзі з вялікімі тэрмасамі. Яны віталіся са мной. Я машынальна адказвала, маўляў, звычайная справа. А потым раптам дайшло: гэта ж вернікі з «Новага жыцця». Падышла бліжэй, а яны ў гэтыя тэрмасы наліваюць каву шклянкамі, а прадавачкі лічаць, каб перадаць у касу, на якую суму выбіць чэк. У асобны тэрмас наліваюць каву з малаком. Яшчэ адзін для гарбаты. Бутэрброды размялі. Такі ж лёс напаткаў і пірожныя. І ўсё гэта рабілі гэтыя вернікі. Натуральна, не толькі яны, але яны былі самыя арганізаваныя. Так і бачу, што цяпер які чыноўнік можа сказаць: «Вось бачыце, мы казалі, што яны там не толькі малітвамі аднымі займаліся». А насамрэч усё проста. Адзін мужчына мне сказаў: «У нас жа вялікі досвед правядзення супольных адпачынкаў і ўзімку, і ўлетку. У нас і намёты ёсць». Цікава было назіраць, як яны арганізоўваліся. Каля мяне стаяў высокі мужчына і спакойным голасам аддаваў загады праз тэлефон: «Паша, заедзь да мяне. Жонка ў гаражы возьме яшчэ два намёты для цябе. Заедзь па дарозе да Ігара. У яго таксама намёт і 4 спальнікі. Не трэба да Юры табе ехаць! Едзь да Ігара, гэта табе бліжэй па дарозе будзе. Да Юры пад’едуць і да Косціка па спальнікі іншыя. Хутчэй, хутчэй, бо яны ўжо не прапускаюць машынаў з боку Купалы. Заязджай з боку Інструментальнага. Пад’едзь максімальна блізка да плошчы. Калі не пусцяць, паркуйся ў двары. Мы прыйдзем, цябе разгрузім…»

Так, гэтыя людзі збіраліся ў святыні, слухалі пастара, які ніколі не заклікаў іх брацца за ўладу. Ён заклікаў быць чалавекам і паважаць чалавека ў сабе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстантскія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Мінулі гады, і я не забыла, як тады дзеялі вернікі царквы «Новае жыццё». Такую салідарнасць і самаарганізаванасць я ўбачыла толькі праз 14 гадоў у жніўні 2020-га. Калі народ дзеяў, як гэтая суполка, якую яднала адзіная на ўсіх мара.

Колькі яшчэ святароў пройдуць праз суды? Колькі з іх яшчэ заплацяць штрафы ды адбудуць арышты ў нечалавечых умовах? Пасля сённяшняй прамовы Лукашэнкі пра апазіцыянераў, якія «акапаліся», сумневаў не застаецца. Але ёсць яшчэ надзея, што справы супраць святароў усё ж выклікаюць розгалас у свеце. І хаця б тых грамадзянаў нашай краіны, якія нясуць нам слова Божае, не будуць кідаць на падлогу камеры.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў