«Маму, тату ў турму, нас у дзіцячы дом»


Настаўнікі пагражалі скіраваць дзяцей у дзіцячы дом. Сям’я, якая арганізоўвала роварныя прабегі за дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў 2020 года, вымушаная была пакінуць Беларусь.

Ціск на сям’ю адчуўся ў траўні, калі пачаліся маштабныя рэпрэсіі. Тады сілавікі шукалі арганізатараў роварных прабегаў, якія праходзілі падчас агітацыйнай кампаніі. Галаву сям’і, Андрэя, затрымлівалі не раз.

Чарговы сігнал паступіў са школы – сям’і пачалі пагражаць, бо дзеці не ўступілі ў акцябраты. Бацькі выказалі свае меркаванне датычна панавання дзяржаўнай ідэалогіі ў школе. Тады педагогі пачалі пагражаць сацыяльнай службай.

«Гэта было з суботы на нядзелю, калі Андрэй сказаў : «Света, з’язджаем». Я кажу: «Не». «Трэба ратаваць дзяцей, бо пачнуць маніпуляваць дзецьмі: забяруць дзяцей». Дзеці плачуць: «Мы не хочам у дзетдом». Таму што яны чулі размову настаўніцы, якая пагражала сацыяльнай службай», – апавядае Святлана.

У нядзелю ўначы Андрэй напісаў ліст у польскае пасольства ў Горадні з просьбай выдаць гуманітарную візу. З пасольства адказалі на наступную раніцу.

Таксама ініцыятыва «BySol» дапамагла ў рэлакацыі, бо не было ніякіх фінансавых ашчаджэнняў на пераезд.

Ці ведаюць дзеці, чаму яны пакінулі Беларусь?

«Таму што нас маглі злавіць. Маму з татам у турму, а нас у дзіцячы дом. Я пужалася амапаўцаў, таму што яны лавілі людзей і саджалі ў турму», – тлумачыць дачка Святланы Ліліт.

Героі праграмы «Беларускі свет» спадзяюцца, што «людзі, у якіх цяпер затуманены мозг, пабачаць праўду», і яны змогуць вярнуцца дамоў.

Belsat.eu

Стужка навінаў