Блакаванні і фальсіфікацыі. Чым запомніліся выбары ў Расеі


З 17 да 19 верасня ў Расеі прайшлі выбары ў Дзяржаўную Думу VIII склікання. Найбольшую колькасць месцаў атрымала праўладная партыя «Единая Россия». Назіральнікі і апазіцыя сцвярджаюць пра парушэнні і фальсіфікацыі на ўчастках.

Невысокая яўка і перамога партыі «Единая Россия»

Выбары ў Дзяржаўную Думу Расеі VIII склікання прайшлі па змяшанай выбарчай сістэме: паводле партыйных спісаў і ў аднамандатных акругах выбіралі па 225 дэпутатаў. У выбарах узялі ўдзел 14 палітычных партыяў. Са звестак ЦВК пасля падліку 90 % пратаколаў 5-адсоткавы бар’ер пераадолелі 5 партыяў: «Единая Россия» – 49,65 %, КПРФ – 19,57 %, ЛДПР – 7,51 %, «Справедливая Россия – За правду» – 7,38 % і «Новые люди» – 5,33 %. У аднамандатных акругах «Единая Россия» атрымала 195 месцаў, КПРФ – 15 мандатаў, «Справедливая Россия – За правду» – 7. Іншыя партыі атрымалі па адным мандаце, самавылучэнцы – 3.

Непадалёк ад амбасады Беларусі ў Маскве, ля помніка героям Плеўны. Расія. 9 жніўня 2020 г. фота: Vot-tak.tv

Яўка на выбарах склала 47,75 % (без уліку дыстанцыйнага электроннага галасавання). Нагадаем, мінімальны парог яўкі на выбарах у Расеі быў адменены ў 2006 годзе.

Беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць вынікі выбараў у Дзяржаўную Думу чаканымі і прагназаванымі.

«Варта пачаць з таго, што Дзяржаўная Дума ў Расеі не з’яўляецца рэальным органам улады. Яна ўжо даўно кішэнная і цалкам пад кантролем Крамля. Тыя часы, калі Дзяржаўная Дума была ў апазіцыі, а гэта былі часы Ельцына, даўно прайшлі, таму гэтыя выбары ў Расеі мала на што ўплываюць. Вынікі сапраўды чаканыя, фактычна і структура электарату, і палітычная структура Расеі ўжо шмат гадоў не мяняюцца, застаюцца адны і тыя ж партыі, падобнымі аказваюцца вынікі галасаванняў – чаканыя і прагназаваныя. Нічога новага не з’яўляецца, нічога старога не знікае».

На думку палітолага, гэтыя выбары ў Расеі ніяк не адаб’юцца на адносінах з Беларуссю.

«Хачу звярнуць увагу на тое, што найбольш актыўных апанентаў рэжыму Пуціна ўвогуле не дапусцілі да выбараў, іх знялі, таму расейскія выбары, скажам так, набліжаюцца да беларускіх. Яны яшчэ не да канца сталі такімі, але ўжо блізка. Таму чакаць, што гэтыя выбары нешта памяняюць у беларуска-расейскіх адносінах, зусім не варта».

Владимир Путин на пленарном заседании Госдумы по вопросам внесения поправок в Конституцию Российской Федерации.

Блакаванне «Разумнага галасавання»

Многія апазіцыйныя палітыкі не былі дапушчаныя да выбараў, на некаторых з іх былі заведзеныя адміністратыўныя ды крымінальныя справы.

Напярэдадні выбараў у Думу VIII склікання сайт «Разумнага галасавання» быў унесены ў спіс забароненых у РФ. Расейскія ўлады блакуюць «Разумнае галасаванне» разам з усімі праектамі Фонду барацьбы з карупцыяй, які ў Расеі прызнаны замежным агентам і экстрэмісцкай арганізацыяй. Пасля забароны «Разумнага галасавання» «Яндекс» выдаліў з пошуку спасылкі на сайт. 17 верасня ўжо «Apple» і «Google» выдалілі праграмы «Навальный» з «App Store» і «Google Play». У той жа дзень бот «Разумнага галасавання» быў заблакаваны ў Telegram. А 18 верасня YouTube заблакаваў відэа на канале Аляксея Навальнага з парадамі «Разумнага галасавання» для выбараў у Дзяржаўную Думу.

Стратэгія «Разумнага галасавання» арыентуецца на пратэставы электарат і была агучаная ўпершыню яшчэ ўвосень 2018 года. Паводле стратэгіі, выбарцу прапаноўваецца падтрымаць апазіцыйнага кандыдата з найбольшымі шанцамі на перамогу ў канкрэтнай акрузе – супраць партыі «Единая Россия».

Госдума РФ

Шматлікія парушэнні і фальсіфікацыі

Не абышлося на выбарах і без фальсіфікацыяў. Вялікія пытанні сёлета выклікала так званае надомнае галасаванне.

Гэтак, маскоўскі актывіст Аляксей Міняйла высветліў, што на мясцовым участку 1185 да надомнікаў чальцы выбарчай камісіі сыходзілі ўсяго на 2 гадзіны 40 хвілін, а прагаласавалі за гэты час 54 чалавекі. З гэтага вынікае, што на кожнага надомнага выбарца сябры камісіі выдаткавалі менш за тры хвіліны, што, на думку актывіста, немагчыма.

На гэты ж участак на наступны дзень прыйшла жанчына, якая заявіла, што да яе дамоў ніхто не прыходзіў, хаця яна аказалася пазначанай у спісе тых, хто прагаласаваў удома.

Падобная сітуацыя з надомным галасаваннем адбылася і на ўчастку ў Смаленскай вобласці: 70 чалавек з 90 у спісе сказалі, што да іх дамоў не прыходзілі для галасавання.

У Чувашыі старшыня камісіі з’еў дакумент пасля абвінавачванняў у фальсіфікацыі. Паводле кандыдата ў Дзярждуму ад КПРФ Аляксандра Андрэева, сябры выбарчай камісіі выехалі на надомнае галасаванне, але ў выніку сабралі галасы ў звычайных мінакоў. Кандыдат ад КПРФ аддаў старшыні камісіі копію акту пра надомнае галасаванне, згодна з якім заявы на галасаванне па-за межамі ўчастка падалі 20 чалавек, і запатрабаваў знайсці гэтыя заявы. Пасля гэтага Андрэеў выйшаў пагаварыць па тэлефоне.

Калі мужчына вярнуўся, ён убачыў, што старшыня камісіі нешта друкуе на прынтары. Андрэеў спыніў яго і папрасіў назад копію акту. У адказ на гэта старшыня камісіі спачатку паспрабаваў схаваць акт у кішэню, а затым увогуле пачаў яго есці. Усё гэта зняла камера.

ВК, belsat.eu

 

Стужка навінаў