NASA назвала магчымыя месцы высадкі астранаўтаў на Месяц у 2025 годзе


Нацыянальнае ўпраўленне ЗША аэранаўтыкі і космасу (NASA) назвала 13 магчымых рэгіёнаў Паўднёвага полюсу Месяцу для высадкі астранаўтаў у 2025 годзе ў межах праграмы Artemis.

NASA адабрала для магчымых месцаў пасадкі ракеты Starship HLS: узвышша побач з кратарам Шэклтан, край кратару Фаўстыні, два краі кратару Дэ Гёрл, хрыбет, які злучае кратар Шэклтан і дэ Гёрл, і прылеглую вобласць, кратар Хаўорт, краі кратару Нобіле, край кратару Амундсэн, плато Лейбніц Бэта, масіў дэ Гёрл-Кохера і масіў Малапэрта.

Кожная абраная вобласць мае плошчу каля 15×15 км, яны размешчаныя ў межах шасці градусаў шыраты ад Паўднёвага полюсу Месяцу і маюць розныя геалагічныя асаблівасці.

Старт місіі Artemis-3, падчас якой амерыканскія астранаўты ўпершыню з 1972 года высадзяцца на паверхні Месяцу, запланаваны на 2025 год. Касмічны карабель Orion з астранаўтамі на борце будзе запушчаны з Флорыды.

У межах місіі Artemis 3 астранаўты высадзяцца максімальна блізка да вобласці вечнага ценю, выйдуць на паверхню Месяцу, збяруць узоры грунту і правядуць іх навуковы аналіз, каб атрымаць звесткі пра глыбіню залягання, размеркавання і склад падпаверхневых льдоў. Місія на Месяцы працягнецца шэсць з паловай дзён.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў