«Гісторыя сама прыйшла ў мой дом». Яўген Атцецкі пра фотакнігу «Плошча перемен»


У чацвер, 18 жніўня, у Моладзевым хабе ў Варшаве з аншлагам адбылася прэзентацыя фотакнігі «Плошча перемен» былога жыхара гэтага месца і фатографа Яўгена Атцецкага. Нашыя чытачы ўжо знаёмыя з працай Яўгена і, напэўна, чулі пра тое, што публікацыя кнігі стала магчымая дзякуючы паспяховаму збору на міжнароднай краўдфандынгавай пляцоўцы kickstarter. Фотарэдактар belsat.eu Саша Альтэр паразмаўляла з Яўгенам Атцецкім пра тое, як праходзіў гэты збор, і даведалася пра складанасці, з якімі сутыкнулася каманда падчас працы над публікацыяй.

Яўген Атцецкі перад прэзентацыяй кнігі ў Варшаве.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Забі сваю любімую фатаграфію»



— Жэня, мы даўно знаёмыя, таму давай адразу да справы: за якія сродкі ты запусціў друк кнігі?

— Каб не страціць цікавасць да тэмы, я заклаў за друк свае грошы: на гэта сышоў увесь ганарар за публікацыю фота з плошчы ў «The New York Times Magazine». Менавіта таму друк кнігі быў запушчаны раней, чым стартаваў збор грошай на kickstarter’e. Калі б мы рабілі ўсё па правілах, то прайшло б яшчэ мінімум паўгода да моманту, калі кніга была б у мяне ў руках.

Так што справядліва будзе сказаць, што на публікацыю збіралі са свету па нітцы. А ўсё таму, што мы беларусы, і цяпер у нас складанасці ва ўсім. Калі б працаваў «Вулей», праблем, напрыклад, у запуску нацыянальнага краўндфандынгу б не было. Але для збору на kickstarter’ы трэба было знайсці чалавека з «правільным» грамадзянствам, які ўзяў бы на сябе абавязак выплаціць падаткі, зрабіць потым усе пералікі. І пажадана, каб гэты нехта быў з ЗША або з Вялікай Брытаніі. Добра, што людзі ў асноўным ідуць насустрач, а я тым часам атрымліваю навык пошуку і выкарыстання абыходных шляхоў.

— І ўсё гэта вы рабілі з камандай дыстанцыйна?

— Так, ад чаго я вельмі пакутую. Зум, вядома, ратаваў, але ёсць рэчы, якія трэба бачыць і дакранацца разам, пасля чаго ўжо прымаць рашэнні. Гэта мая першая фотакніга, таму ўспрымаю працэс як непазбежны збор усіх падводных камянёў, пра якія нібыта і вядома, але на практыцы ўсё роўна на іх даводзіцца натыкацца.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

— Распавядзеш пра вашую каманду? 

— Рэдактарка кнігі – Алеся Песенка, беларуска, якая жыла спачатку ў Адэсе, цяпер пераехала ў Польшчу. Дызайнер кнігі – Меліна Уілсан з Цюрыха, украінка Яна Старык – наш тэхнічны гуру. У кнігі няма фотарэдактара, але на сайце ёсць – Маня Хмель. У кнізе мы адмовіліся ад фотарэдактара і пайшлі храналагічным шляхам, калі апавяданне ідзе лінейна і прывязанае да датаў.

Усяго 70 фота. На сайце ж фатаграфіі хоць і пададзеныя ў храналагічным парадку, але ёсць раздзелы, вылучаныя важныя імёны. Якраз падчас працы над гэтай часткай нашага праекту фотарэдактарскія нажніцы працавалі максімальна. Я, вядома ж, пакутаваў ад таго, што многія фатаграфіі не ўвайшлі ў выбарку на сайт. Але, як любяць казаць у фотасупольнасці, «забі сваю любімую фатаграфію», калі гэтага патрабуе агульны вынік. І так мы паступілі на сайце: дзеля цэласнасці агульнага апавядання адмовіліся ад вялікай колькасці добрых фатаграфій. Дарэчы, частка фатаграфій не перасякаецца. Некаторыя фатаграфіі знойдзеце толькі ў кнізе, некаторыя – толькі на сайце.

— Чаму вырашыў стварыць сайт? Баішся, што кніга не дойдзе да масавага гледача-чытача?

— Я ўжо бачыў праекты, дзе для аповеду адной гісторыі выкарыстоўваюцца адначасова тры медыумы: выставачная актыўнасць, друкаваная кніга і сайт. Атрымліваецца класны комплексны прадукт.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Беларуская – не арабская, яе можна хоць часткова зразумець» 

— Памятаю, што краўдфандынг на кнігу мы з табой сталі абмяркоўваць яшчэ ўвосень 2021 года. Колькі часу заняла праца над кнігаю? Калі з’явілася першая думка пра тое, што варта гісторыю плошчы сабраць у адным месцы?

— Добрае пытанне. У кнізе напісана, што ў лютым 2021 года, але насамрэч праца пачалася ў лістападзе ці снежні 2020 года. Тады я напісаў заяўку на ўдзел у праекце, дзякуючы якому знайшлася наша дызайнерка. Ужо ў лютым пачалася збірацца астатняя частка каманды, а я стаў даздымаць герояў для кнігі. Так што можна сказаць, што праца над кнігай заняла два гады. Пакуль мы дашлем усе кнігі і закрыем фінансавыя справаздачы, будзе якраз лістапад 2022.

— І ў якія краіны адправяцца кнігі? 

— Усяго 33 краіны.

— Заказ з якой здзівіў больш за ўсё?  

— З Эсватыні. Гэта краіна на поўдні Афрыкі. Хто замовіў – дакладна не ведаю. Яшчэ з «экзатычных» краін – Японія, Калумбія і Бразілія. Больш за ўсё заказаў з Польшчы і Амерыкі, ёсць Беларусь і Украіна, але няма Расеі. І вось я ўвесь час сябе пытаюся: чаму? Не веру, што гэта з-за мовы [у кнізе ёсць тэксты па-беларуску і па-англійску. – Рэд.]. Беларуская – не арабская, яе можна хоць часткова зразумець, калі з ангельскай праблемы.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

— Што будзе з тымі асобнікамі, якія не распрадалі праз краўдфандынг?

— Частка кніг будзе даступная для куплі ў Моладзевым хабе ў Варшаве, частка пойдзе ў Музей сучаснага мастацтва (MO muziejus) у Вільні і будзе таксама выстаўленая на продаж. Усе сабраныя грошы мы перадамо на дапамогу Украіне. Думаю, што ў Літве кніга будзе даступная яшчэ ў некаторых крамах. Потым, некалькі асобнікаў застаецца ў нашым выдавецтве ў Швецыі. Пара асобнікаў паедзе на конкурсы фотакніг, а тыя, што засталіся, падорым бібліятэкам.

«Чым больш ты бярэш ад спонсараў, тым больш у цябе абавязкаў»

— Краўдфандынг – вельмі энергазатраты спосаб збору грошай. Заўсёды ёсць рызыка, што збор не адбудзецца. Ты спрабаваў знайсці грошы праз фонды і гранты, якія падтрымліваюць фатографаў па ўсім свеце?

— Мы разгледзелі вялікую колькасць магчымасцяў, але краўдфандынг – гэта гарантаванае траплянне кнігі ў рукі чытача. Таму мы адважыліся.

— І тут сыграў твой сацыяльны капітал: ты адзін з нямногіх фатографаў у Беларусі, якога сапраўды ведаюць не толькі ў фатаграфічнай тусоўцы. Я маю рацыю?

— Так, у мяне ёсць свая аўдыторыя, але, гледзячы на спіс замоваў, магу сказаць, што большую частку тых, хто замовіў кнігу, я не ведаю. Думаю, што праект цікавы шырокаму колу людзей, а не толькі фотасупольнасці. Краўдфандынг у такой сітуацыі дае не толькі ўпэўненасць, што кніга дойдзе да свайго чытача, але і фінансавую незалежнасць. Бо чым больш ты бярэш ад спонсараў, тым больш у цябе абавязкаў. Можна, вядома, быць спонсарам самога сябе, калі гэта дазваляюць фінансы. Тут усе рызыкі кладуцца толькі на цябе, але ёсць і плюсы – ты хоць дзесяць гадоў можаш працаваць над кнігай, выбіраць любую паперу, вокладку…

Фота: Саша Альтэр / Белсат

— А як вы падыходзілі да пытання бяспекі тых герояў кнігі, хто застаецца ў Беларусі? Ці ўсе твае героі з’ехалі?

— Ёсць і тыя, і тыя. Як можна сябе адчуваць у бяспекі, застаючыся ў Беларусі? Складанае пытанне. Мяне да гэтага часу раздзірае канфлікт ідэнтычнасці герояў і іх бяспекі. Безумоўна, я б хацеў адкрытыя твары, сапраўдныя імёны, узрост, прафесію і адкрытае выказванне. Але большую частку гэтай інфармацыі мы адрэдагавалі.

«Гісторыя сама прыйшла ў мой дом»

— Вельмі часта ў размове з аўтарамі фотакніг з’яўляецца пытанне: ці гатовыя беларусы да такога медыуму? Амаль заўсёды я чула ў адказ «не». Як думаеш, твая кніга зменіць сітуацыю?

— Стараюся крытычна глядзець на працэс. Думаю, што мой праект цікавы ў першую чаргу не словам «фота», а тэмай. Можа, гэта не зусім добрае параўнанне, але гісторыя плошчы – гэта добрая драма з шакавальнай кульмінацыяй і абсалютна жудаснай развязкай, якая знаходзіць водгук у многіх беларусаў. Тут на прыкладзе аднаго маленькага двара мы бачым глабальную праблему Беларусі.

Да таго ж з плошчай звязана некалькі моцных медыйных гісторый. Многія перажывалі смерць Рамана Бандарэнкі як сваю асабістую страту. Гісторыі Сцяпана Латыпава і тваіх калег Дашы Чульцовай і Кацярыны Андрэевай – гэта ўсё было на нашых вачах. А я жыў у гэтым двары. Тут не было ніякага аўтарскага рашэння або выбару. Гэтая гісторыя проста прыйшла ў мой дом, трэба было фіксаваць тое, што адбываецца. З іншага боку, я і не мог быць тут класічным фотажурналістам. Гэта ж мой двор, мае суседзі. А калі ўлада такімі подлымі метадамі пачынае вырашаць свае «праблемы» – галоўная задача ёй супрацьстаяць. Гэта мая грамадзянская пазіцыя, таму я правёў для сябе мяжу: я не раблю пастаноўкі ў сваёй гісторыі і не ўплываю на хаду падзеяў як фатограф, але як грамадзянін безумоўна з’яўляюся ўдзельнікам таго, што адбываецца.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

— Грамадзянская пазіцыя перамагла?

— Тое, што адбывалася, было для мяне важнае як для жыхара двара, суседа і беларуса. Таму ў спрэчках з міліцыяй я таксама ўдзельнічаў.

Яшчэ для мяне было важна ў кнізе задакументаваць факт таго, што гэты пратэст – прыклад нізавой самаарганізацыі. Таму ў кнізе ўсё апавяданне – гэта галасы ўдзельнікаў пратэсту. Можна сказаць, у нас атрымалася кніга-актывіст.

«Куча яркіх гісторый і варыянтаў для рэалізацыі» 

— Мы ўжо не раз разам працавалі з табой над рознымі публікацыямі. У прыватных размовах ты прызнаваўся, што тэксты табе не заўсёды даюцца лёгка. Як працавалася над матэрыялам для кнігі? Што ты скажаш фатографам, якія таксама адчуваюць праблемы пры працы з тэкстамі ў сваіх праектах?

— Цяпер вельмі шмат стымулаў, якія ўплываюць на мае змены і як чалавека, і як аўтара. Я вельмі паважаю тэкст як медыум. Тэкст дае магчымасці, якіх няма ў фатаграфіі. А яшчэ як чытач я люблю правільна падабраныя словы і кайфую ад добрых стылістычных рашэнняў. Гэта абсалютна творчы і важны навык, як свой падыход і погляд у фатаграфіі. Так, тэксту я надаваў мала ўвагі і не валодаю ім у належнай меры, каб паўнавартасна яго выкарыстоўваць у сваёй працы. Таму ў кнізе за тэкст адказвала Алеся Песенка. Яна ўмее і любіць гэта рабіць.

Алеся Песенка, Яўген Атцецкі і Меліна Уілсан.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

— Але ўсё інтэрв’ю з героямі праводзіў ты?

— Часткова, некаторыя размовы запісвала Алеся, з перакладамі працавалі Вольга Бубіч і Крысціна Бандурына. Але агулам так, сітуацыя прымусіла мяне стаць інтэрв’юерам. Гэта важны досвед. Чым больш мы спрабуем новага, а потым гэтыя навыкі не баімся інтэграваць у сваю практыку, тым лепш. Таму рады, што выйшла гэта злучыць.

— Фатаграфіі, на хвілінку, 200 гадоў. Затое сайт як медыум – гэта, можна сказаць, насамрэч малады прадукт.

— Так. І там у нас каманда таксама надзвычайная, а дызайнер – наогул золата. Я вельмі задаволены вынікам. Таму што галоўная праблема «Плошчы перамен» – працэс пераварвання. Куча яркіх гісторыяў і варыянтаў для рэалізацыі. Вельмі шмат часу сышло на перапрацоўванне, разуменне і пошук той самай формы апавядання. Што мы толькі ні спрабавалі ў працэсе! Эмацыянальныя графікі гісторыі крэслілі, дзялілі гісторыю на акты і раздзелы, збіралі фота па водле колеру і тону. Калі ўжо вызначыліся, стала лягчэй. Гэта ўсё вельмі цікава, але менеджарская частка праекту дакладна самая незаймальная частка працы. А гэта 70–80 адсоткаў працы над праектам! Для мяне гэта цяжкі досвед. Мы з табой размаўляем, а я паралельна думаю пра тое, дзе мне перакладчыка з ангельскай узяць, як замовіць квіткі ў Вільню…

— Намёк зразумела, апошняе пытанне. Як мяркуеш, у цябе атрымаецца зарабіць на продажы кнігі?

— Спадзяюся. Нам пара адыходзіць ад традыцыі «дапамажы мне бясплатна, бо мы робім добры праект, а ты мой сябар». У культурнай супольнасці павінны развівацца здаровыя працоўныя адносіны, а ў кожнага ўдзельніка павінен быць ганарар за працу. І задача менеджара праекту – гэтыя ганарары забяспечыць.

У нас ёсць пару ўдзельнікаў праекту, якія з асабістых прычынаў адмовіліся ад ганарару, як бы я да гэтага пытання ні падыходзіў. Гісторыя для іх настолькі важная, што яны не гатовыя атрымліваць грошы за працу. Гэта іх прынцыповая пазіцыя. Але агульны падыход з ганарарамі стварае здаровыя працоўныя адносіны і вучыць шанаваць сваю працу, а не назапашваць злосць ад таго, што праект добры, але мы зноў без грошай, без энергіі…

Фота: Саша Альтэр / Белсат

— З іншага боку, гэта яшчэ і выразны сігнал аб тым, што творчыя людзі не павінны быць беднымі.

— Гэта вельмі састарэлы міф. Складана быць творчым, калі ты бедны. Беднасць – гэта з’ява, якая цябе зʼядае, знішчае і растоптвае. І таго аўтара, хто блізка пазнаёміўся з беднасцю, праз пяць гадоў можна проста не пазнаць. Таму кніжныя міфы пра бедных геніяў трэба выкараняць. І вяртаючыся да твайго пытання, так, я вельмі спадзяюся выйсці ў плюс. Але мая галоўная задача – разлічыцца з усімі ўдзельнікамі праекту, свой ганарар буду лічыць у самую апошнюю чаргу.

Артыкулы
«Дзіцячая пляцоўка стала мемарыялам». Жыхар плошчы Пераменаў пра двор, суседзяў і Рамана
2021.11.12 11:59

Саша Альтэр / ІР belsat.eu

Стужка навінаў