«Зборышча суцэльных крымінальнікаў». Хто робіць праект «Malanka Media»


Цягам апошняга году ў беларускім інфармацыйным полі з’явілася шмат новых і амбітных праектаў. Адным з тых, што развіваюцца найбольш актыўна, стаў «Malanka Media» – YouTube-канал каманды платформы Zubr.in. Belsat.eu даведаўся, хто і як робіць гэты праект.

У студыі «Malanka Media» ў Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На YouTube-канале, як і ў пошукавіку, пра «Malanka» інфармацыі мінімум: праект створаны для незалежнага асвятлення важных падзеяў у Беларусі з дапамогай штодзённай падборкі навін, штотыднёвых жывых эфіраў і эксклюзіўных інтэрв’ю. У канала каля 93 тысяч падпісчыкаў, колькасць праглядаў відэа вагаецца прыкладна ад 10 да 100 тысяч. Тэмы – надзённыя, сярод гасцей – Латушка, Халезін, Курэйчык, Стрыжак, Сныціна і іншыя. Дзве галоўныя асобы праекту –дырэктарка спецыяльных праграм Кацярына Пытлева, яна ж аўтарка і вядоўца праграмы «Што добрага?», і галоўная рэдактарка Кацярына Ерусалімская – аўтарка і вядоўца навін.

«Беларусы зрабілі выбар, і мы робім кантэнт для іх»

Першы выпуск «Malanka» прайшоў 4 жніўня 2020 года. У жывым эфіры гаворка ішла пра тое, што адбываецца на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання.

– Сігнал рэстрыміўся, гэтым карысталіся ўжо больш папулярныя каналы тыпу «Страны для жизни» або штабу Бабарыка. Нашай задачай было ў жывым часе паказаць, як у людзей крадуць галасы і як паводзяць сябе ўлады, – успамінае першыя крокі заснавальнік «Malanka» Павел Марыніч.

У офісе «Malanka Media» ў Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пасля падзяў 9 жніўня 2020 года і 18,5 гадзін у анлайне эфіры на канале сталі выходзіць кожны дзень уключна да 15 жніўня. Ужо ўвосень пасля сыходу з праекта «Нехта» да «Malanka» далучылася Кацярына Ерусалімская. У кастрычніку на канале пачынаюць выходзіць выпускі навінаў, якія яна вядзе.

– Для мяне гэта зусім новы досвед: канал запускаюць тры чалавекі, а ўжо трэба выходзіць у прамы эфір, чытаць навіны. І рабіць гэта аператыўна, коратка і ярка, таму што не ва ўсіх ёсць час сачыць за падзеямі на працягу дня.

«Разынкай нашых выпускаў становіцца ацэнка і стаўленне да таго, што адбываецца, тролінг. Ад класічнага тэлебачання многія стаміліся, людзі ўсё часцей ідуць на YouTube за новай і часта персанальнай падачай навін, якую мы і вырашылі ім даць – распавядае Ерусалімская.

Павел Марыніч і Кацярына Ерузалімская ў офісе «Malanka Media» у Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Персанальны падыход да навін падзяляе Павел Марыніч, але падкрэслівае: першачарговая задача праекту – стварыць пляцоўку для зносін з прадстаўнікамі ўсіх новых ініцыятыў, якія сфарміраваліся падчас перадвыбарнай кампаніі 2020-га і падзей пасля выбараў. Менавіта таму тут прытрымліваюцца прынцыпу двух меркаванняў, запрашаючы ў эфіры і прадстаўнікоў штабу Ціханоўскай, і НАУ. На заўвагу, што гэта не зусім класічны журналісцкі падыход да асвятлення падзеяў з усіх магчымых бакоў, заснавальнік «Malanka» адказвае:

– Беларусы зрабілі выбар, і мы робім кантэнт для іх. Калі ў краіне знішчаюць свабоду прэсы, мы абавязаныя рэагаваць і быць новай крыніцай інфармацыі, месцам, дзе абраныя народам лідары будуць мець зносіны са сваімі выбарнікамі, нягледзячы на ўсе хітрыкі прапаганды. Мы не раз запрашалі Азаронка.

Давайце шчыра: гэты фрык – гэта ж мара для прамога эфіру. Безумоўна, мы б хацелі бачыць у сваіх эфірах і трэці бок, але там ёсць выразная забарона на дыскусію з незалежнымі медыямі. Калі мы не можам гаварыць з прадстаўнікамі ўлады ў эфіры, мы гаворым пра іх працу па выніках маніторынгу пляцоўкі Zubr.in, па сродках інфармацыі з расследавальных крыніц грамадзянскіх ініцыятыў, ацэньваем праз асабісты досвед.

«Казаць і аб тым, што трэба зрабіць для перамогі»

Нядаўна на «Malanka» з’явіліся рэгіянальныя навіны, створаны канал «Malanka Live», у планах трэці – «Malanka Next» для дзяцей і іх бацькоў з выключна беларускамоўным кантэнтам. Са словаў Марыніча можна зрабіць выснову, што гэта як шлях да пашырэння мэтавай аўдыторыі праекту, так і місія праекту.

У офісе «Malanka Media» у Вільні.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Наша каманда – зборышча суцэльных крымінальнікаў у разуменні рэжыму Лукашэнкі [смяецца]. Так выйшла, што ў нашай камандзе аказалася шмат маладых бацькоў, якія не толькі матываваныя ствараць навінавы кантэнт, але і выдатна разумеюць праблемы выхавання дзяцей у Беларусі.

Лукашэнка спрабуе перапісаць нашую гісторыю пад калгасны свет у галаве, а мы хочам гаварыць пра беларускую культуру і гісторыю на зразумелай дзецям мове. Мы – нацыя са сваімі сімваламі.

Ідэю развіцця канала, разлічанага на выхаванне беларускамоўных дзяцей, актыўна падтрымлівае Кацярына Пытлева. Пакуль яна працуе ў студыі, па офісе «Malanka» бегаюць яе дзеці.

– Калі мы пачалі вучыць літары, вельмі не хапала такой навучалкі. На «Malanka» мы ўжо працуем у гэтым кірунку ў калабарацыі з мастакамі і дызайнерамі. А яшчэ ў мяне засталася велізарная колькасць кантактаў прафесіяналаў па дзіцячым кантэнце з часоў працы на Белтэлерадыёкампаніі – казачнікі, пастаноўшчыкі спектакляў, ілюстратары, аўтары праграм, – распавядае Пытлева і дадае, што планы на дзіцячую праграму ў яе былі яшчэ ў Беларусі. Праўда, стварэнню перашкодзіла цяжарнасць.

Дырэктарка спецыяльных праграм «Malanka Media», аўтарка і вядучая праграмы «Што добрага?» Кацярына Пытлева. За многія рэчы для эфіру яна дзякуе віленскім сэканд-хэндам і бытавым аддзелам прадуктовых магазінаў. З’яжджаючы з Беларусі, Кацярына ўзяла адзін касцюм, а локдаўн у Літве ўнёс свае карэктывы ў шопінг.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пытлева распавяла, што першыя рэакцыі на яе праграму «Што добрага?» былі рознымі: хтосьці дзякаваў, хтосьці крытыкаваў за «ружовыя соплі» ў неадпаведны момант.

– А часта людзі пішуць, што парады з праграмы спрацавалі. Напрыклад, так было з КТГС (Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання). Разумею, што не ва ўсіх хапае часу, каб сачыць за тым, што адбываецца на сайтах і каналах ініцыятываў, якія з’явіліся за гэты час. Таму і лічу важным казаць не толькі аб тым, што людзі перамогуць, але і аб тым, што трэба зрабіць для перамогі. Я заўсёды любіла натхняльную журналістыку [усміхаецца].

«Уся наша апаратура сабрана па крупінках»

Што тычыцца працы «Malanka» ў Беларусі, Павел Марыніч характарызуе яе як шыкоўную.

– Людзі самі дасылаюць інфармацыю і відэа, актыўна карыстаюцца нашымі чат-ботамі. І зноў жа: выпуск навін рэгіёнаў – гэта патрэба нашых гледачоў, якія прасілі аб такім праекце. Многія аўтары кантэнту – гэта рэгіянальныя актывісты платформы Zubr.in, якія ўжо прайшлі верыфікацыю, – падкрэслівае заснавальнік «Malanka».

Паводле Марыніча, у іх ёсць свае «залатыя народныя карэспандэнты», інфармацыя ад якіх не правяраецца. Матывацыя для такой супрацы – хуткі водгук з боку журналістаў і карыстальніцкае відэа ў эфіры.

Галоўная рэдактарка праекту «Malanka Media» і вядоўца навін Кацярына Ерусалімская кажа, што задача праекту ў тым ліку наблізіць момант перамогі. Таму тое, што робіць праект, часам цяжка назваць класічнай журналістыкай. «Мы выбралі бок. Але мы, безумоўна, даем голас тым, хто хоча выказаць сваё меркаванне», – падкрэслівае галоўная рэдактарка «Маланкі».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Спадзяюся, што Zubr.in чакае рэбрэндынг пасля кампаніі па маніторынгу рэферэндуму, а ў «Malanka» нарэшце з’явіцца свой сайт. Хочацца пашырыць функцыянал сайта, каб ён у тым ліку стаў хабам для журналістаў-фрылансераў, куды яны маглі б за ганарар загружаць свае артыкулы і фота- відэаматэрыялы для выкарыстання ў іншых выданнях і праектах. Гэта важны элемент падтрымкі рэгіянальных журналістаў, якія праз рэпрэсіі засталіся без працы, –падкрэслівае стваральнік «Malanka».

На пытанне, ці будзе рэбрэндынг лагатыпу праекта, які выклікае асацыяцыю з лагатыпам мэсэнджара Telegram, Марыніч адказвае: яшчэ не час. Зараз асноўная задача каманды нарасціць маладую аўдыторыю ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў і прыцягнуць увагу да праекта жаночай аўдыторыі.

– У нас вельмі вялікія надзеі на праграмы культурнай тэматыкі. Людзі ў 2020-м годзе выбралі свой шлях. Пратэст – гэта яго агульны настрой, які адлюстроўваецца ў мастацтве. Калі не будзе пляцоўкі, дзе рэпрэсаваныя дзеячы культуры і музыкі змогуць выказацца, то іх творчае жыццё страціць сэнс, – мяркуе Павел Марыніч.

Цяпер у «Malanka» працуе 20 чалавек. Кожная «штатная адзінка» зʼяўляецца толькі пры гарантыі фінансавання пад яе на бліжэйшыя паўгода. Які месячны бюджэт праекта, яго заснавальніку сказаць складана.

– Пасля заканчэння фінансавага года ў нас пройдзе аўдыт, яго вынікі мы размесцім у адкрытым доступе. За якія сродкі існуе праект? Zubr.in вырас з IT-асяроддзя, таму і наша фінансаванне часткова ідзе з гэтай сферы. Уся наша апаратура была сабраная па крупінках дзякуючы, у тым ліку, маім знаёмым, сябрам і калегам. Усяго ў спісе ахвярадаўцаў прыкладна 120 кампаній і фізічных асобаў. З іх каля 20 вельмі буйных кампаній. Ніводная з іх не знаходзіцца ў Беларусі. Адзначу таксама дапамогу дыяспар, якія падтрымалі на старце. Што тычыцца падтрымкі міжнародных фондаў і структур, мы да гэтага часу звяртаемся да іх. Праекту ўжо аказвалася з іх боку кароткатэрміновая і мэтавая падтрымка, але гэта не пакрывае нашы патрэбы, – кажа Павел Марыніч.

Павел Марыніч (справа) абяцае, што ў найбліжэйшай будучыні сярод асобаў «Malanka Media» з’явіцца Уладзімір Цэслер і Максім Жбанкоў.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Стваральнік «Malanka» падкрэслівае, што не меў ілюзій наконт татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці і медыяў пасля масавых пратэстаў. Ён мяркуе, што праект з’явіўся ў патрэбны час і цяпер з «набранай мускулатурай» гатовы да супрацьстаяння з вар’яцтвам з боку рэжыму.

– У камандзе не ведаюць слова «адпачынак» і прама кажуць, што немагчыма адпачываць, калі ў краіне бязмежжа. Мне імпануе гэты настрой, хоць я і разумею, што людзі выгараюць. Гэты момант рана ці позна надыходзіць. Але нават у студзені 2021 года мне складана было чакаць, што праект так разрасцецца. Цяпер у мяне ўсё больш надзей, што мы пойдзем па шляху «Громадського тэлебачання» ва Украіне. Шкада толькі, што ў сутках усяго толькі 24 гадзіны.

 

Саша Альтэр, Аліса Ганчар /МВ, belsat.eu

Стужка навінаў