У Беларусі распачатыя 46 крымінальных справаў за збор і распаўсюд персанальных звестак


Артыкул 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках») улучылі ў Крымінальны кодэкс у траўні 2021 года.

Начальнік УСК па Гарадзенскай вобласці Эдуард Маліноўскі заявіў у інтэрв’ю grodnonews.by, што ў Беларусі распачатыя 46 крымінальных справаў паводле арт. 203-1, з іх 7 – на Гарадзеншчыне. Ён прывёў прыклад адной з такіх справаў:

«Увечары 11 жніўня карыстальнік мэсэнджара Telegram у адным з экстрэмісцкіх каналаў распаўсюдзіў персанальныя звесткі супрацоўніка Следчага камітэту, а таксама інфармацыю пра ягонае месца працы і пражывання выключна ў сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці. Паводле гэтага факту распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 203-1 («Наўмысны збор і распаўсюд інфармацыі пра персанальныя звесткі іншай асобы без ейнай згоды, учыненыя ў дачыненні асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці») Крымінальнага кодэксу».

Ч. 3 арт. 203-1 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі тэрмінам да 5 гадоў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў