«Не мае дачынення да Васкрасенскага». Юлія Слуцкая распавяла аб вызваленні сябраў «Прэс-клуба»


Аляксандра Слуцкая сустракае сваю маму Юлію Слуцкую, заснавальніцу «Прэс-клуба», пасля 8 месяцаў зняволення. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Стваральніца і кіраўнік «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая разам з іншымі сябрамі арганізацыі правяла ў СІЗА амаль восем месяцаў. Сваім досведам і падрабязнасцямі вызвалення яна падзялілася з сайтам «Прэс-клуба».

«Мой першы допыт, які быў апытаннем без адваката, доўжыўся амаль 36 гадзін без перапынку. І гэта было страшна – яны мяняліся, а я заставалася. Зноў жа, тэарэтычна я добра ведала, што акрамя «так» і «не» адказваць нічога нельга, але я нешта казала, бо мне здавалася, што я кажу толькі праўду, а яна не можа быць небяспечнай. У гэты момант ты не разумееш, што ўсё, што на тваю думку не можа быць злачынствам або парушэннем закона, можа быць прадстаўлена супраць цябе, і гэта будзе зроблена», – адзначыла Юлія Слуцкая.

Паводле яе, пасля паўтара дзён допыту ёй «далі паспаць гадзіну проста за сталом пры ўключаным святле».

Каментуючы затрыманне яе сына Пятра, Юлія Слуцкая адзначыла, што яго «проста ўзялі ў закладнікі, бо ён аператар, гукарэжысёр, ён не меў ніякага дачынення да фінансавых справаў».

«Мы самі не пісалі прашэнне аб памілаванні»

Юлія Слуцкая заявіла, што вызваленне сябраў «Прэс-клуба» «не мае ніякага дачынення да Васкрасенскага [ініцыятара лістоў палітвязняў да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. – Рэд. Belsat.eu] і яго праграмы», хоць ім і прыходзілі лісты ад яго.

«Мы самі не пісалі прашэнне аб памілаванні, нам нават не прыходзіла гэта ў галаву. Да нас прыйшлі з такой прапановай», –сказала кіраўнік «Прэс-клуба».

Артыкулы
Палітвязням прыходзяць лісты ад Васкрасенскага з заклікам пісаць прашэнні аб памілаванні
2021.07.17 14:36

Для вызвалення прадстаўнікам арганізацыі прыйшлося прызнаць віну і пагасіць «шкоду» ў падвойным памеры.

«Нам трэба было проста выйсці. Рашэнне было на мне, і я яго прыняла, проста потым папрасіла каманду прыслухацца да мяне і прыняць яго. Нас усіх чакалі родныя і блізкія, якія пакутавалі не менш за нас усе гэтыя месяцы. І ўсё роўна вырашыцца на гэта было няпроста», – заявіла Юлія Слуцкая.

Паводле яе, сябраў Арганізацыі абвінавачвалі ў тым, што яны «нібыта скарысталіся спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, а права на гэта не мелі, бо здавалі памяшканне ў арэнду».

«І прызнанне нашай віны гучала так: мы працавалі, праводзілі івенты, мерапрыемствы, дзейнічалі ў рамках сваёй місіі, мы кансультаваліся з бухгалтарамі і юрыстамі, плацілі падаткі і былі ўпэўненыя, што нічога не парушаем. Але калі следства лічыць, што тут ёсць парушэнні, мы гатовыя прызнаць віну і пакрыць шкоду», – распавяла кіраўнік «Прэс-клуба».

Hавiны
Выйшлі на волю журналісты «Прэс-клубу»
2021.08.19 19:44

Нагадаем, што ўвечары 19 жніўня выйшлі на свабоду дырэктар «Прэс-клуба» Сяргей Альшэўскі, заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая, праграмная дырэктарка Ала Шарко і аператар Пётр Слуцкі.

Як піша «Прэс-клуб», вызвалілі іх праз памілаванне. Яны прабылі за кратамі восем месяцаў.

Усіх іх затрымалі 22 снежня 2020 года ў рамках «справы Прэс-клуба». Слуцкую затрымалі проста аэрапорце, калі яна вярталася з адпачынку. Затрыманых па «справе прэс-клуба» прызналі палітвязнямі.

Сябраў «Прэс-клуба» вінавацілі ў нясплаце падаткаў нібыта ў сувязі з «праектам грамадскага тэлебачання» былых супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў. Сваякі затрыманых перавялі на рахунак Следчага камітэта 109 769 беларускіх рублёў і 58 капеек – такая сума, паводле следчых, складае недаплачаныя падаткі «Прэс-клуба».

МГ/МВ belsat.eu

Стужка навінаў