Уратуе Расея беларускі аўтарынак ці праглыне? Цэны на аўты ў Беларусі значна ніжэйшыя


Параўналі цэны і не паверылі сваім вачам: у Расеі машыны каштуюць даражэй на тысячы долараў, часам нават на больш як дзесяць тысяч. Праверылі – так, расейцы могуць без праблемаў купіць машыну ў Беларусі. Спыталі эксперта, радавацца беларусам – або прасіць абмежаваць продаж расейцам, каб самім не застацца без аўтаў.

Што купляюць у Беларусі

На беларускім аўтарынку праменьчык надзеі: калі ў траўні прадалі ўсяго толькі 629 новых аўтамабіляў, то ў чэрвені, паводле статыстыкі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, аж 1298 аўтаў. Гэта ўсё яшчэ далёка да 4134 машынаў за леташні чэрвень, але ўдвая болей, чым месяцам раней.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Geely Atlas Pro».
Фота: geely-motors.com

За першае паўгоддзе 2022 года самыя папулярныя мадэлі новых аўтаў у Беларусі – «Lada Vesta», «Kia Rio», «Geely Atlas Pro», «Volkswagen Polo Liftback», «Geely Coolray», «Renault Duster» і следам яшчэ тры «Лады» і адна «Geely». У топе за чэрвень – «Geely Atlas Pro» (якіх купілі аж 343), «Geely Coolray» (86), «Kia Rio» (62), «Volkswagen Polo Liftback» (58) і «Renault Logan Stepway» (55).

Падрабязнай статыстыкі наконт продажу ўжываных машынаў няма, але эксперты кажуць, што быў месяц шоку ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, але потым продажы павялічыліся, і адзначаюць «вяртанне інтарэсу да аўтаў з прабегам».

Аналітыка
Рынак аўтамабіляў скарачаецца. Пацікавіліся наяўнасцю і цэнамі папулярных мадэляў
2022.06.12 17:19

У Расеі цэны значна вышэйшыя, чым у Беларусі. Гэта добра ці кепска для беларусаў?

Чалавек, які працуе ў аўтамабільным бізнесе ў Беларусі, кажа «Белсату», што цяпер аўтабізнес чакае ад уладаў спрашчэння працэдураў ці нейкіх зніжак, каб можна было «заваліць Расею ўжыванымі машынамі з Еўропы і Амерыкі» – і зарабіць грошы.

Цэны на машыны ў Расеі адчувальна вышэйшыя за беларускія перадусім праз курсы валютаў і розніцу мыслення, тлумачыць эксперт: долар стаў дарагі, а расейскі рубель танны, і калі расейцы ўсё лічаць у сваіх рублях, то беларусы маюць у галовах цэны ў доларах. Да таго ж, грошай у беларусаў менш, чым у расейцаў: беларусы памятаюць «Lada Vesta» ці «Volkswagen Polo» за 12 тысяч долараў, таму проста псіхалагічна не могуць дазволіць сабе плаціць за іх 20–30 тысяч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Volkswagen Polo».
Фота: volkswagen.com

Беларусам не патрэбная такая высокая маржынальнасць, як расейцам, заўважае суразмоўца: звычайна там, дзе масковец захоча зарабіць на перапродажы тры тысячы долараў, берасцейцу хопіць адной тысячы. Ужо бывае так, што беларусы глядзяць на расейскія сайты продажу машынаў, выстаўляюць тамтэйшыя цэны – і гэта не працуе. Трэба даваць нейкую зніжку, бо расейскаму пакупніку трэба рабіць электронны пашпарт транспартнага сродку і іншыя дакументы, пераганяць машыну на сотні ці тысячы кіламетраў.

«Машыны з Беларусі пакуль што нікуды не падзеліся, – дадае эксперт. – Добра, калі б іх выграбалі, але яны пакуль што ёсць.

Далей нічога не памяняецца, усё роўна расейцы будуць купляць машыны ў Беларусі. Калі ўявіць сябе нейкім дзяржаўным службоўцам, трэба неяк рабіць так, каб мы былі транспартным хабам, каб праз нас ішла плынь ужываных машынаў у Расею, бо цяпер [у Расеі] заводы зачыняюцца, усе садзяцца на б/в, а займацца еўрапейскай «карыстанкаю» ва ўмоўным Яраслаўлі цяжэй, чым з Берасця».

Перапродаж машынаў у Расею дапаможа беларусам зарабіць грошай, падкрэслівае суразмоўца. Бараніць беларускі аўтарынак ад расейцаў не варта, лічыць ён: рынак сам разбярэцца. Пакуль што некаторыя беларусы спрабуюць прадаць ужываныя машыны за цану новых, але «істэрыкі засталося на месяц, потым цэны падраўняюцца». Таму беларускай дзяржаве варта толькі спрашчаць перапродаж машынаў у Расею.

«Мы ж не прадаём Радзімы, мы прадаём жалеза», – смяецца эксперт.

Як расейцу купіць машыну ў Беларусі

Даволі проста – што новую, што ўжываную. Беларусь і Расея ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, таму расейцам не давядзецца плаціць адмысловых мытаў або падаткаў за набыты ў Беларусі транспарт. Аформіць дакументы ў Беларусі няцяжка, машыны з Беларусі можна без праблемаў ставіць на ўлік у расейскую аўтаінспекцыю (ГИБДД). Аплаціць давядзецца толькі ўтылізацыйны збор і працэдуры афармлення, выйдзе менш за дзве сотні долараў. І расейцы гэта заўважылі, робяць інструкцыі. Да нядаўняга часу ў некаторых выпадках трэба было ставіць «расейскі GPS» – «Эра-ГЛОНАСС», але гэта часова скасавалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі ДАІ на конкурсе прафесійнага майстэрства. Менская вобласць, Беларусь. 24 верасня 2018 года.
Фота: autogrodno.by

А калі купіць машыну ў афіцыйным аўтасалоне, ці не будзе «сюрпрызаў» і пераплатаў? Патэлефанавалі ў адзін з беларускіх салонаў, назваліся расейцамі і спыталі пра гэта. У салоне запэўнілі: праблемаў не будзе, можна прыехаць з наяўнымі расейскімі рублямі, а можна нават скласці дыстанцыйную дамову і заплаціць на рахунак у расейскім банку ў расейскіх рублях, каб не губляць на абменным курсе. Салон аддае машыну з усімі дакументамі і выпіскай з пашпарту транспартнага сродку – застаецца толькі паставіць машыну на ўлік у Расеі і сплаціць невялікі транспартны падатак. Акрамя транспартнага падатку, нейкіх схаваных выплатаў ды іншых «сюрпрызаў» не будзе, запэўнілі ў салоне.

На пытанне, ці частыя такія ўгоды між грамадзянамі Расеі і беларускім салонам, там адказалі: такія ўгоды «раней былі», але грамадзяне Беларусі ўсё ж «часцей» купляюць у іх машыны.

Расейцы прадавалі беларусам машыны, на якіх лепей не ехаць у Расею. Цяпер хочуць іх назад

Даволі часта на дарогах Беларусі можна пабачыць беларусаў за стырном машыны з расейскай рэгістрацыяй, расказвае «Белсату» іншы знаёмы з сітуацыяй чалавек. Некаторыя машыны ў Расеі ацэньваюць ніжэй за рынкавы кошт пасля накладвання штрафаў або абмежаванняў. У расейскім судзе могуць накласці абмежаванні на перарэгістрацыю або продаж аўтамабіля ў сувязі з пазыкамі гаспадара перад банкамі ці нават за камунальныя плацяжы. У выніку гаспадар не можа прадаць машыны ў Расеі, але можа прадаць без перарэгістрацыі ў Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Škoda Fabia», 25 лістапада 2007 года.
Фота: Rudolf Stricker / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Такія машыны на нашым рынку каштуюць на пару тысяч долараў танней. Напрыклад, калі «Ford Fusion» 2007 году выпуску на беларускіх нумарах каштуе каля 4000 долараў, то на расейскай рэгістрацыі яго можна набыць нават за 2000 долараў. «Škoda Fabia» 2006 года на расейскай рэгістрацыі абыдзецца беларусу 2700 долараў, на беларускай – ад 4000 долараў.

На нашым рынку гэтыя аўтамабілі прадаюць з умовай, што лепей на іх не заязджаць у Расею. Гэтыя аўты ў Расеі ўжо знятыя з рэгістрацыйнага ўліку. Таму, пры перасоўванні на расейскіх дарогах, машыну адразу ж забяруць на штрафстаянку. Але ў Беларусі і Расеі няма агульнай базы для ДАІ, таму тут пытанняў да такіх машынаў не ўзнікае, тым больш афіцыйна нашая краіна падпісала з суседняй дамовы аб інтэграцыі. І такім аўтам няма патрэбы праходзіць тэхагляд, за машыну ў Беларусі не спаганяецца падатак. Дастаткова толькі мець правы кіроўцы і страхоўку.

Цяпер раптоўна да машынаў, што знялі з уліку ў Расеі і прадаюць у Беларусі, узнікла цікавасць з боку расейцаў. Яны пільнуюць новыя абвесткі ў тэматычных суполках у сацсетках і нават канкуруюць.

«Звычайна загадзя расейцы дамаўляюцца пра набыццё аўтамабіля і ў азначаны час прыязджаюць па машыну, – распавядае «Белсату» жыхар Віцебску Уладзімір. – Цікава, што грамадзяне РФ разлічваюцца менавіта ў беларускіх рублях. Беларусы не гатовыя рабіць угоды ў нацыянальнай валюце, бо традыцыйна на аўтарынку разлікі адбываюцца менавіта ў доларах. Бачна, што для расейцаў гэта выглядае даволі дзіўным. І што цікава, расейцы прыязджаюць па машыну ўжо з новым гатовым пакетам дакументаў. Старыя рэгістрацыйныя сертыфікаты яны выкідваюць і вязуць машыну ў Расею».

Якая розніца ў цэнах на новыя машыны ў салонах Беларусі і Расеі

Напрыклад, калі новая «Kia Rio» у камплектацыі «Comfort» з рухавіком на 1,6 л і 123 к. с., механічнай скрыняй каштуе ў Расеі 1,5199 млн расейскіх рублёў (каля 26 755 долараў), дык у Беларусі за такую звычайна просяць 53 760 беларускіх рублёў (21 265 долараў), а цяпер яшчэ і зніжкі, дык роўна выходзіць 48 тысяч беларускіх рублёў (18 987 долараў). Розніца ў амаль 7800 долараў на карысць Беларусі.

І нельга сказаць, што ў Беларусі надзвычай нізкія цэны. Напрыклад, у Польшчы новую «Kia Rio», хай і са слабейшым рухавіком, у пашыранай камплектацыі прадаюць за 73,4 тысячы злотых або 15 788 долараў (1,2 л і 84 к. с.) ці 76,4 тысячы злотых або 16 054 долары (1,0 л і 100 к. с.), што адчувальна менш за беларускую цану, хай і на машыну з мацнейшым рухавіком.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Kia Rio».
Фота: kia.com

Новая «Geely Atlas Pro» ў камплектацыі «Comfort» з пярэднім прывадам, рухавіком на 1,5 літра і 177 конскіх сілаў, аўтаматычнай скрыняй пасуванняў у Расеі будзе каштаваць 2,309 млн расейскіх рублёў (40 645 долараў), а ў Беларусі – 73 950 беларускіх рублёў (29 252 долары). Розніца – 11 тысяч долараў! На іншыя камплектацыі розніца можа дасягаць аж 16 тысяч долараў.

А вось на новыя расейскія «Lada Vesta» цэны ў беларускім і расейскім цэнтрах практычна аднолькавыя, розніца менш як 150 долараў – і ў Беларусі даражэй: 1,130 млн расейскіх рублёў у Беларусі і 1,1219 млн расейскіх рублёў у Расеі за «класічную» камплектацыю, рухавік на 1,6 л і 106 к. с., ручную скрыню пасуванняў.

Якая розніца на ўжываныя машыны

Цэны на ўжываныя машыны, вядома, розняцца ў залежнасці ад стану, прабегу і камплектацыі, але ў любым выпадку ў Расеі яны істотна вышэйшыя за Беларусь – нават у геаграфічна блізкіх да Беларусі рэгіёнах.

Возьмем тую ж «Kia Rio», але ўжываную. Хай гэта будзе мадэль 2018 года з рухавіком на 1,4 л. На сайтах продажу ўжываных машынаў сітуацыя такая, калі адкінуць відавочна пашкоджаныя.

  • Беларусь: цэны ад 19 419 да 38 150 беларускіх рублёў, 5 прапановаў, сярэдняя цана ў доларах – $ 9844.
  • Расея: цэны ад 689 тысяч да 1,5 млн расейскіх рублёў, 144 прапановы, сярэдняя цана ў доларах – $ 16 966.
  • Польшча: цэны ад 23,5 тысячы да 59,9 тысячы злотых, толькі тры прапановы, сярэдняя цана ў доларах – $ 8779.

Яшчэ возьмем «Volkswagen Polo» 2017 года з рухавіком на 1,4 л. Цэны такія.

  • Беларусь: цэны ад 21 862 да 31 791 беларускага рубля, 4 прапановы, сярэдняя цана ў доларах – $ 11 065.
  • Расея: цэны ад 735 тысяч да 1,5 млн расейскіх рублёў, 33 прапановы, сярэдняя цана ў доларах – $ 18 610.
  • Польшча: цэны ад 34,9 тысячы да 49,9 тысячы злотых, 4 прапановы, сярэдняя цана ў доларах – $ 8559.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Dacia Duster».
Фота: dacia.pl

Паглядзім на нешта больш папулярнае ў Польшчы: «Renault Duster», які ў Польшчы прадаецца як «Dacia Duster». Шукаем машыну 2019 года з рухавіком на 1,6 л.

  • Беларусь: цэны ад 33 256 да 45 779 беларускіх рублёў, 7 прапановаў, сярэдняя цана ў доларах – $ 15 379.
  • Расея: цэны ад 879,9 тысячы да 1,6 млн расейскіх рублёў, 72 прапановы, сярэдняя цана ў доларах – $ 20 915.
  • Польшча: цэны ад 42 тысяч да 79,5 тысячы злотых, 63 прапановы, сярэдняя цана ў доларах – $ 14 082.

Алесь Наваборскі, Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў