ICAO апублікавала даклад аб расследаванні пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску


Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) апублікавала даклад наконт пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску ў траўні 2021 года. Тады з рэйсу знялі і арыштавалі блогера Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу.

19 ліпеня Рада ICAO завяршыла абмеркаванне інцыдэнту і асудзіла «здзяйсненне акту незаконнага ўмяшання» ўрадам Беларусі.

Самалёт «Ryanair».
Фота: Shutterstock / Rebius

«Пасля разгляду завершаных вынікаў вызначэння фактаў Рада ICAO прызнала, што пагроза бомбы ў дачыненні рэйсу FR4978 «Ryanair» была наўмысна непраўдзівай і паставіла пад пагрозу яго бяспеку, а таксама, што пагроза была даведзеная да ведаму лётнага экіпажу паводле даручэння высокапасадных урадавых чыноўнікаў Беларусі», – напісана ў дакладзе.

Апошнія абнаўленні справаздачы аб расследаванні інцыдэнту былі атрыманыя з новай інфармацыі і матэрыялаў пасля першапачатковага разгляду Радай справаздачы ў студзені 2022 года, а таксама інтэрвʼю і аўдыязапісаў менскага авіядыспетчара, прызначанага на рэйс.

Прадстаўнік Рады ад Расейскай Федэрацыі не пагадзіўся з довадамі камісіі, што Беларусь учыніла незаконнае ўмяшанне.

Рада асудзіла перадачу непраўдзівай інфармацыі, што пагражала бяспецы паветранага судна ў палёце. Гэта ёсць злачынствам згодна з Манрэальскай канвенцыяй – Канвенцыяй аб барацьбе з незаконнымі актамі, накіраванымі супраць бяспекі цывільнай авіяцыі. Акрамя гэтага, дзеянні беларускіх уладаў пры выкарыстанні цывільнай авіяцыі супярэчаць арт. 4 Чыкагскай канвенцыі аб цывільнай авіяцыі («Кожная дзяржава паводле дамовы згаджаецца не выкарыстоўваць цывільную авіяцыю ў любых мэтах, несумяшчальных з гэтай Канвенцыяй»).

Пасля разгляду дакладу Рада даручыла ICAO :

  • данесці высновы дакладу ўсім дзяржавам – чальцам ICAO;
  • паведаміць пра парушэнні Чыкагскай канвенцыі Беларуссю Асамблеі ICAO на 41-й сесіі, што пройдзе 27 верасня – 7 кастрычніка 2022 года;
  • размясціць справаздачу для доступу грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі на ўэб-сайце агенцтва.

Таксама даклад аб расследаванні і звязаныя з ім пастановы Рады перададуць Генеральнаму сакратару Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў Антонью Гутэрышу для разгляду і прыняцця адпаведных захадаў.

Артыкулы
Гадавіна пасадкі «Ryanair»: Пратасевіч ладзіць вяселле, Сапега – ідзе ў калонію…
2022.05.23 18:28

23 траўня 2021 года ў Менску зрабіў вымушаную пасадку самалёт «Ryanair», што выконваў рэйс Афіны – Вільня. Прызямленне было справакаванае беларускімі спецслужбамі – нібыта на борце была бомба – дзеля затрымання апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, які быў у вышуку ў Беларусі і ляцеў гэтым рэйсам. Разам з ім затрымалі ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу.

Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Еўразвяз закрыў паветраную прастору для «Белавіі», а заходнія авіякампаніі адмовіліся ад палётаў над Беларуссю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў