Еўразвяз рыхтуецца правесці зіму без расейскага газу


Еўрапейскі звяз сутыкаецца з рызыкай скарачэння паставак газу з Расеі. Еўракамісія паведамляе, што амаль палова дзяржаваў-сябраў ужо пацярпелі ад скарачэння паставак. У выніку востра паўстае пытанне ўмацавання еўрапейскай энергетычнай устойлівасці.

ТАА «Газпром трансгаз Масква». Крыніца: Sputnik

Еўракамісія агучыла план па скарачэнні попыту на газ, каб ашчадзіць выкарыстанне блакітнага паліва ў Еўропе на 15 % да наступнай вясны. Еўракамісія прапануе захады па скарачэнні попыту на газ. Таксама разглядаецца магчымасць замяніць газ іншымі відамі паліва.

«Замяніўшы газ іншым відам паліва і зэканоміўшы энергію гэтым летам, можна назапасіць больш газу на зіму. Дзейнічаючы зараз, вы зменшыце негатыўны ўплыў на ВУП, пазбягаючы незапланаваных захадаў у крызіснай сітуацыі пазней. Раннія крокі таксама размяркоўваюць намаганні ў часе, здымаюць занепакоенасць рынку і валацільнасць коштаў і дазваляюць лепш распрацаваць мэтанакіраваныя, эканамічна эфектыўныя меры, якія абараняюць прамысловасць», – гаворыцца ў заяве Еўракамісіі.

Цяпер у прыярытэце ў Еўропе пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Але разглядаецца часова і пераход на вугаль, нафту або ядравую энергетыку.

Такую ж пазіцыю і прапановы агучыў еўракамісар па пытаннях унутранага рынку Т’еры Брэтон, піша ТАСС.

«Мы прынялі рашэнне: мы рыхтуемся да зімы без расейскага газу. Каб пратрымацца гэтую зіму і, магчыма, наступную зіму, дзяржавы ЕЗ могуць падоўжыць працу сваіх АЭС ці вугальных станцыяў», – заявіў еўракамісар.

Пасля расейскага ўварвання ва Украіну Еўракамісія прыняла план «REPowerEU», каб як мага хутчэй спыніць залежнасць ЕЗ ад расейскага паліва. План прадугледжвае захады па дыверсіфікацыі пастаўшчыкоў энергіі, энергазберажэнні і энергаэфектыўнасці, а таксама паскораным разгортванні аднаўляльных крыніц энергіі.

Аналітыка
Еўропа чакае «халодную зіму» без расейскага газу. Што адбываецца і ці ёсць выйсце?
2022.07.18 08:00

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў