Ад удару ў патыліцу да ідэі скінуць бомбу на яхту. Згадваем няўдалыя замахі на дыктатараў


20 ліпеня 1944 года быў здзейснены самы вядомы замах на фюрара нацысцкай Нямеччыны Адольфа Гітлера. Вайскоўцы спрабавалі правесці дзяржаўны пераварот, каб заключыць мір і не дапусціць цяжкой паразы для сваёй краіны. Аднак выпадак (дакладней, дубовы стол) уратаваў жыццё дыктатару. Згадваем, якія яшчэ няўдалыя замахі ўчыняліся супраць іншых еўрапейскіх дыктатараў XX стагоддзя.

ЛЕНІН

Усяго праз некалькі месяцаў пасля рэвалюцыі ў Расеі на Уладзіміра Леніна быў ажыццёўлены першы замах: 1 студзеня 1918 года абстралялі ягоную машыну. Праз пару тыдняў Леніна зноў паспрабавалі забіць, але пра рыхтаванне паведаміў адзін са змоўцаў.

Фані Каплан, якая дзейсніла напад на Леніна 30 жніўня 1918 года.
Фота: wikipedia.or

30 жніўня 1918 года Ленін выступаў на мітынгу перад рабочымі аднаго з заводаў у Маскве, пры гэтым ахоўнікаў не было ні на пляцы, ні побач са стваральнікам Савецкай Расеі. Па заканчэнні мітынгу Ленін збіраўся ўжо сесці ў машыну, калі да яго падышла жанчына і пачала расказваць пра канфіскацыю хлеба на чыгуначных вакзалах. У гэты момант прагучалі тры стрэлы: дзве кулі трапілі ў Леніна (адна ў руку, другая ў шыю пад сківіцай, кроў пайшла ў лёгкае), а трэцяя забіла жанчыну, якая размаўляла з ім. У замаху абвінавацілі 28-гадовую Фані Каплан, якую расстралялі 3 верасня. Ленін выжыў і 5 верасня бальшавікі абвясцілі пачатак чырвонага тэрору.

Ужо 14 кастрычніка Ленін аднавіў палітычную дзейнасць, але стан ягонага здароўя пасля таго замаху ўвесь час пагаршаўся. Ён памёр 21 студзеня 1924 года ва ўзросце 53 гадоў.

ГІТЛЕР

Яшчэ на хвалі прыходу Гітлера да ўлады ў Нямеччыне ў 1932 годзе яго ўпершыню паспрабавалі забіць атручанаю салатай. У наступнае дзесяцігоддзе яго шмат разоў спрабавалі ўзарваць, гісторыкі налічваюць каля 40 замахаў. Самы вядомы з іх быў ажыццёўлены 20 ліпеня 1944 года, ён застаўся ў гісторыі як аперацыя «Валькірыя». Такую ж назву меў распрацаваны ў нацысцкай Нямеччыне план, згодна з якім у выпадку масавых пратэстаў у краіне ўводзілася надзвычайнае становішча, а ахову вызначальных аб’ектаў краіны мелася ўзяць на сябе так званая рэзервовая армія.

Ажыццяўленнем замаху заняўся палкоўнік вермахту Кляўс фон Штаўфэнбэрг. Выхаваны ў кансерватыўнай каталіцкай сям’і, ён прайшоў шлях ад фанатычнай вернасці фюрару да расчаравання і ўсведамлення таго, што Гітлер вядзе Нямеччыну да катастрофы. 20 ліпеня 1944 года на нараду ў стаўцы «Ваўчынае логавішча» Штаўфэнбэрг пранёс партфель з выбуховымі прыладамі. Перад тым, як выправіцца на выкананне замаху, ён сказаў роднаму брату: «Хто знойдзе ў сабе мужнасць зрабіць гэта, увойдзе ў гісторыю як здраднік, але калі ён адмовіцца гэта зрабіць, будзе здраднікам перад сваім сумленнем».

Руіны блока, у якім адбыўся выбух. 20 ліпеня 1944 года.
Фота: Bundesarchiv / wikipedia.org

У партфелі былі дзве выбуховыя прылады, іх трэба было актывізаваць непасрэдна перад замахам. Але Штаўфэнбэрг, які не меў пясці правай рукі, а на левай яшчэ некалькі пальцаў, запусціў толькі адно прыстасаванне. Партфель жа размясціў побач з Гітлерам, пасля адпрасіўся з памяшкання. Аднак за лічаныя секунды да выбуху адзін з прысутных пераставіў партфель у іншае месца. У выніку выбуху з 24 прысутных загінулі 4, 17 атрымалі розныя раненні. У Гітлера, якога закрыў ад выбуховай хвалі масіўны дубовы стол, была лёгкая кантузія.

Адольф Гітлер застрэліўся 30 красавіка 1945 года ва ўзросце 56 гадоў падчас штурму Берліну Савецкай Арміяй.

СТАЛІН

У жыцці любога дыктатара былі сапраўдныя і ўяўныя замахі, якія выдатна выкарыстоўваліся ў тым ліку для разгортвання рэпрэсіяў. У гэтым сэнсе паказальная асоба Іосіфа Сталіна. Цяжка ўявіць, але ў жыцці будучага «правадыра» быў нават момант, калі на яго проста на трыбуне маўзалею ў Маскве перад натоўпам напаў курсант Вайсковай акадэміі і стукнуў па патыліцы. Здарылася гэта 7 лістапада 1927 года, звалі курсанта Якаў Ахотнікаў. У 1937 годзе ён быў расстраляны паводле абвінавачвання ў арганізацыі замаху на Сталіна і Варашылава.

У 1927 годзе Сталіна суправаджаў толькі адзін ахоўнік. Крыніца: whoiswho.ru

Дарэчы, з 1931 года за ахову Сталіна адказваў беларус Мікалай Уласік, нарадзінец вёскі Бабынічы цяперашняга Слонімскага раёну Гарадзенскай вобласці. У 1952 годзе Уласік быў рэпрэсаваны, а ахову Сталіна, якому заставалася жыць менш за год, узначаліў іншы беларус – Мікалай Новік з вёскі Чыжоўка Слуцкага раёну Менскай вобласці.

Іосіф Сталін памёр 5 студзеня 1953 года ад унутрымазгавога кровазліцця ва ўзросце 74 гадоў.

МУСАЛІНІ

Першы замах на Бэніта Мусаліні быў здзейснены 4 лістапада 1925 года, калі той меўся вітаць парад італьянскай арміі і фашысцкай міліцыі. Каб забіць дучэ стрэлам з вінтоўкі, сацыяліст Тыта Дзанібоні зняў нумар у гатэлі насупраць. Праўда, перад тым пра свой план ён распавёў сябру, а той данёс у паліцыю, якая і арыштавала зламысніка.

Яшчэ адзін замах на дучэ адбыўся 31 кастрычніка 1926 года. Юнак Антэа Дзамбоні паспрабаваў застрэліць Мусаліні, калі той ехаў у машыне. Але няўдала, пасля чаго натоўп проста разарваў хлопца. А Мусаліні гэта дазволіла распачаць шырокі тэрор: 25 лістапада 1926 года было ўведзенае 15-гадовае пакаранне толькі за адзін намер замаху на кіраўнічых асобаў; да 30 гадоў – за рыхтаванне; смяротнае пакаранне – за спробу здзяйснення.

Бэніта Мусалі. Крыніца: wikipedia.org

28 красавіка 1945 года 61-гадовы Бэніта Мусаліні быў расстраляны італьянскімі партызанамі, а ягонае цела павесілі дагары нагамі і выставілі на ўсеагульны агляд.

ФРАНКА

Дыктатар Франсіска Франка – адзін з арганізатараў вайсковага перавароту ў Іспаніі, пасля чаго пачалася грамадзянскай вайна, што каштавала ягонай краіне амаль паўмільёна жыццяў. Франка кіраваў Іспаніяй з 1939 да 1975 года і таксама зведаў шматлікія замахі.

Франка прымае дэлегацыю на чале з Генрыхам Гімлерам. Руіны блока, у якім адбыўся выбух. 20 ліпеня 1944 года.
Фота: Bundesarchiv / wikipedia.org

У 1948 годзе каталонскія анархісты распрацавалі план бамбавання яхты Франка з самалёта падчас аднаго з водных спаборніцтваў, якія дыктатар любіў наведваць. Але ў апошні момант анархісты перадумалі бамбіць яхту, бо побач былі лодкі з мірнымі жыхарамі. Пазней забойства Франка спрабавала ўчыніць арганізацыя ETA (Краіна баскаў і воля), утвораная ў 1959 годзе. У 1964 годзе яна нават збіралася ўзарваць дыктатара падчас футбольнага матчу на мадрыдскім стадыёне «Бэрнабэў». У 1973 годзе ETA забіла пераемніка Франка на пасадзе старшыні ўраду Іспаніі – адмірала Люіса Хавіера Блянка. Дзеля гэтага актывісты пад вуліцай, дзе часта праязджала машына Блянка, прарылі тунэль і заклалі туды выбухоўку. Машыну Блянка закінула ажно на балкон суседняга кляштару.

82 гадовы Франсіска Франка, які хварэў на хваробу Паркінсана, памёр 20 лістапада 1975 года і паспеў у апошні месяц зведаць 2 інфаркты, ампутацыю 2/3 страўніка.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў