Ад абяцанняў «разабрацца» да эфіру БТ. Як улады дэ-факта легалізуюць баевікоў «ДНР»


У эфіры «Беларусь 1» увечары 19 ліпеня выйшаў фрагмент размовы з беларусам Сяргеем Ланавенкам, які ваюе на баку «ДНР» і прыехаў у Беларусь на адпачынак. Многія беларусы-баевікі і раней бесперашкодна наведвалі радзіму, не маючы праблемаў з праваахоўнымі органамі. Але ў мінулыя гады гэтыя факты замоўчваліся, а на афіцыйным узроўні ўлады пагражалі баевікам крымінальнай адказнасцю. Belsat.eu распавядае, як змянялася стаўленне да байцоў «ЛДНР» і што азначае з’яўленне такіх людзей на дзяржаўным тэлебачанні.

Хто такі Сяргей Ланавенка і што ён распавядае ў інтэрв’ю

Сяргей Ланавенка – 46-гадовы былы дэсантнік, нарадзінец Асіповічаў, актыўны прыхільнік «русского мира». Упершыню ў публічнай прасторы ён з’явіўся ў лютым 2017 года – быў адным з шасці ўдзельнікаў несанкцыянаванага пікету падтрымання Расеі, які адбыўся на плошчы Незалежнасці. Арганізатарам акцыі выступіў імперска-шавіністычна рух «НОД» («Национально-освободительное движение»).

Міліцыя постфактум склала на ўдзельнікаў пікету пратаколы, але падобна, што нікога не пакарала. Па іроніі лёсу ён атрымаў 10 содняў ужо ў наступным месяцы, але не за акцыю НОД, а проста таму, што выпадкова аказаўся побач падчас міліцэйскай зачысткі на Дзень Волі – 2017.

Ланавенка заўсёды адкрыта дэманстраваў свае погляды: часам з’яўляўся на гарадскіх імпрэзах з расейскім сцягам, хадзіў па вуліцах з сімволікаю «ДНР» на тышортцы. Праз гэта ў 2018-м у яго адбыўся канфлікт з мінаком, які закончыўся бойкай і крымінальным пераследам мінака.

У 2020-м Ланавенка актыўна падтрымаў рэпрэсіі і нават запісаўся ў дружыннікі, каб дапамагаць міліцыі пераследаваць іншадумцаў. У лютым 2022-га, пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну, ён паехаў на Данбас. А ў ліпені з’ездзіў на радзіму, дзе яго і заўважылі прапагандысты.

Баявік «ДНР» Сяргей Ланавенка. Скрыншот: Елена Курхинен / YouTube

Спачатку з Ланавенкам пагутарыла карэспандэнтка газеты «Мінская праўда» Алена Курхінен. Ланавенка распавёў у інтэрв’ю, што цяпер ваюе ва Украіне, а ў Асіповічы прыехаў у кароткатэрміновы адпачынак. Ён казаў, што першапачаткова накіраваўся ў Расею з «гуманітарнай місіяй», але затым узяў у рукі зброю і ваяваў у Марыупалі. Ланавенка прызнаўся, што разумее, што «можа, нейкі закон парушае», але яму «напляваць на ўсе законы свету, калі гінуць дзеці».

Публічнае з’яўленне баевіка спачатку можна было палічыць выпадковасцю. Падобна, што інтэрв’ю загадзя не рыхтавалася: Курхінен сустрэла Ланавенку на святкаванні Дня Незалежнасці ў Асіповічах, куды ён прыйшоў у вайсковай форме з шаўронам «Z». У выніку размова была выкладзена толькі на прыватным YouTube-канале Алены Курхінен. Але праз некаторы час вялікае 35-хвіліннае інтэрв’ю з баевіком запісала для свайго каналу прапагандыстка БТ Ксенія Лебедзева, якая ўваходзіць у пул Аляксандра Лукашэнкі.

«Я дапамагаю сваёй краіне там (ва Украіне. – Заўв. belsat.eu). Я параўноўваў 2020 год і 2014-ты… Адзін у адзін, што там на Майдане, што тут у нас. Нічым не адрознівалася», – казаў Ланавенка прапагандыстцы.

Сяргей Ланавенка дае інтэрв’ю Ксеніі Лебедзевай. Скрыншот: АТН: новости Беларуси и мира / YouTube

Пераважна ў гэтай размове Ланавенка агучваў фэйкі расейскай прапаганды пра «зверствы» ўкраінцаў ды распавядаў, як ён «ратаваў дзяцей» у Марыупалі. 19 ліпеня невялікі фрагмент гэтага інтэрв’ю выйшаў ужо ў эфіры БТ у рамках прапагандысцкай праграмы Ксеніі Лебедзевай. «Беларускі добраахвотнік» Ланавенка там супрацьпастаўляецца «забойцам» і «наркаманам» з «Азова», трыбуналу над якімі «вельмі чакае» прапагандыстка.

Аналітыка
Міфы і рэальнасць. Што трэба ведаць пра ўкраінскі полк «Азоў»
2022.05.18 18:25

Што раней казаў Лукашэнка і ягоныя спецслужбы пра «апалчэнцаў»

Ад самага пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі сілавых структураў і дзяржаўная прапаганда ўвесь час падкрэслівалі, што ўсе беларусы, якія едуць ваяваць ва Украіну (не важна, на якім баку), з’яўляюцца злачынцамі і будуць пераследавацца ў Беларусі.

У 2014 годзе ў МУС заяўлялі, што ўдзельнікі вайны ва Украіне могуць быць прыцягнутыя да адказнасці паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу з раздзелу «Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва»: напрыклад, «Прапаганда вайны», «Падрыхтоўка і вядзенне агрэсіўнай вайны», «Акт тэрарызму або забойства замежніка», «Парушэнне законаў вайны» і г. д. Некаторыя з гэтых артыкулаў прадугледжваюць пакаранне аж да расстрэлу. Але ў асноўным у МУС абяцалі пераследаваць удзельнікаў канфлікту паводле арт. 133 «Найміцтва» (пакаранне – ад 3 да 7 гадоў зняволення) і арт. 134 «Вербаванне наймітаў» (да 15 гадоў).

«З тымі, хто сёння ваюе, мы разбярэмся, калі яны вернуцца ў краіну. Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэнне: калі ты пайшоў ваяваць – гэта значыць забіваць – не важна, на баку Данбасу ці супраць яго, то мы з цябе спытаем», – заявіў Лукашэнка 25 верасня 2015 года.

У лютым 2016 года ў газеце «СБ – Беларусь сегодня» выйшаў праграмны артыкул «Гастарбайтары вайны», дзе даводзілася, што ўдзельнікаў вайны чакае крымінальны пераслед, нават калі яны паехалі на Данбас з ідэйных меркаванняў. Прадстаўнікі МУС у гэтым артыкуле тлумачылі, што і беларусы на баку Украіны, і байцы самаабвешчаных рэспублік Данбасу могуць уяўляюць пагрозу для краіны ў выпадку свайго вяртання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэнаванне для новых байцоў, якія далучыліся да беларускага батальёну імя Каліноўскага ў складзе Тэрытарыяльнай абароны Кіева.
Фота: Белсат

4 красавіка 2016 года Палата прадстаўнікоў тэрмінова (адразу ў двух чытаннях) ухваліла папраўкі ў Крымінальны кодэкс. КК быў дапоўнены артыкулам 361-3 «Удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы без прыкметаў наёмніцтва» (ад 2 да 5 гадоў зняволення). То бок цяпер спецслужбам не трэба было даказваць, што беларус ваяваў ва Украіне за грошы або ўдзельнічаў у ваенных злачынствах – дастаткова было факту ўдзелу ў канфлікце. Тагачасны кіраўнік КДБ Валер Вакульчык тлумачыў неабходнасць гэтага закону тым, што ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях стварае пагрозу ўцягвання Беларусі ва ўзброеныя канфлікты і кепска ўплывае на імідж краіны.

У 2017–2018 гг. паводле арт. 361-3 КК былі пакараныя пяцёра баевікоў «ЛДНР»:

  • Аляксей Яршоў з Паставаў атрымаў два гады «хатняй хіміі» (праўда, адразу пасля суда ён збег на Данбас);
  • Віталь Мітрафанаў з Рэчыцы быў пакараны 2 гадамі «хіміі»;
  • Віталь Катлабай з Гомля, Іван Яравы з Круглага і Вадзім Шаўчэнка з Берасця атрымалі па 2 гады калоніі (Катлабай вызваліўся ўмоўна-датэрмінова, а Шаўчэнка і Яравы цалкам адбылі свае пакаранні).
Hавiны
Злачынства без пакарання. Як Лукашэнка і ягоныя спецслужбы дазволілі баевікам «ЛДНР» вяртацца ў Беларусь
2020.06.28 16:29

Як спецслужбы пакрывалі баевікоў

Насамрэч асуджэнне пяці баевікоў у 2017–2018 гадах не азначала, што рэжым Лукашэнкі сапраўды распачаў паляванне на байцоў «ЛДНР». Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш у сваёй кнізе «Беларускі Данбас» тлумачаць, што гэта была проста кропкавая палітычная акцыя. У 2017 годзе афіцыйны Менск узяў курс на інтэнсіўнае развіццё гандлёва-эканамічных і палітычных сувязяў з Украінай, таму Кіеў трэба было пераканаць у тым, што Беларусь нібыта ніякім чынам не падтрымлівае расейскай агрэсіі і пераследуе сваіх баевікоў.

Hавiны
«Беларускі Данбас»: украінская вайна вачамі беларусаў
2020.06.29 13:34

У кнізе «Беларускі Данбас» даводзіцца, што нейтралітэт рэжыму Лукашэнкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце ў перыяд 2014–2020 гадоў быў наскрозь фальшывы. Насамрэч Лукашэнка і ягоныя спецслужбы заўсёды заставаліся надзейнымі хаўруснікамі пуцінскай Расеі. Дзясяткі беларусаў-баевікоў вярталіся на радзіму і не мелі ніякіх праблемаў з праваахоўнымі органамі, нягледзячы на публічную рыторыку ўладаў. Спецслужбы дазвалялі беларускім грамадзянам далучацца да нелегальных узброеных фармаванняў, затым спакойна адпачываць у Беларусі, мяняць дакументы і ізноў вяртацца на вайну. І гэта быў не нейкі «збой на месцы», а сістэмная лінія, упэўнены аўтары кнігі.

Сітуацыя, калі баявік «ДНР» спакойна прыязджае ў Беларусь і распавядае журналістам пра свой удзел у вайне, мела месца задоўга да выступу Ланавенкі. Яшчэ ў 2016–2017 гадах у незалежных медыях з’явіўся шэраг інтэрв’ю з баевікамі, якія прыехалі ў Беларусь, каб адпачыць пасля баёў на Данбасе. Але ў той час падобныя факты ўлады старанна замоўчвалі, бо яны супярэчылі афіцыйнай лініі на нейтралітэт.

Дзяржаўныя СМІ ігнаравалі такую інфармацыю, праваахоўныя органы ўхіляліся ад каментароў, а журналісты, якія займаліся тэмай баевікоў, зазнавалі ціск. Але тады сілавікі ўсё-ткі былі вымушаныя хаваць свае прарасейскія сімпатыі.

Што азначае выхад інтэрв’ю Ланавенкі

З’яўленне Ланавенкі на БТ азначае, што ўлады дэ-факта знялі табу з тэмы ўдзелу беларусаў у вайне на баку Расеі і больш не збіраюцца хаваць свайго рэальнага стаўлення да гэтых людзей.

Інтэрв’ю байца «ДНР», узятае дзяржаўным прапагандыстам, – яркая ілюстрацыя формулы «часам не да законаў». Факта прызнання ўдзелу ва ўзброеным канфлікце дастаткова, каб прыцягнуць Ланавенку да адказнасці паводле арт. 361-3 КК (калі, вядома, ён сапраўды паехаў ваяваць з уласнай ініцыятывы, а не на загад дзяржавы). Аднак падобна на тое, што выконваць свае ж законы ўлады не збіраюцца.

Прарасейскія ўзброеныя фармаванні на кантрольна-прапускным пункце на ўездзе ў горад Данецк у дзень рэферэндуму аб незалежнасці ДНР 11 траўня 2014 года.
Фота: Stanislav Krupar / Laif / Forum

Пры гэтым прыхільнікаў Украіны спецслужбы пераследуюць паводле тых жа законаў, якія ігнаруюцца, калі гаворка ідзе пра баевікоў. Зусім нядаўна, у пачатку ліпеня, Следчы камітэт распавёў пра арышт 20-гадовага беларуса, які хацеў узяць удзел у вайне ва Украіне ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага. Каб выставіць хлопцу абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 13 арт. 361-3 («Рыхтаванне да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы»), спецслужбам было дастаткова факту рэгістрацыі ў «адным з тэматычных тэлеграм-каналаў».

У кнізе «Беларускі Данбас» аўтары канстатавалі, што ў 2014–2020 гадах публічная рыторыка ўладаў наконт баевікоў, нягледзячы на ўсю сваю крывадушнасць, «была не зусім бескарысная». Паводле прызнання саміх байцоў «ЛДНР», у пагрозы Лукашэнкі многія верылі: адных гэта стрымлівала ад таго, каб паехаць на Данбас, а іншых ад таго, каб вярнуцца потым у Беларусь.

Цяпер жа прыхільнікі «русского мира» атрымліваюць выразны сігнал: ім сапраўды нічога не пагражае на радзіме, калі яны вырашаць далучыцца да агрэсіі супраць Украіны.

Аналітыка
Што вядома пра беларусаў, якія ваююць на баку Расеі
2022.06.04 11:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў