«Жыве Беларусь!» ЗША паабяцалі «нязменнае падтрыманне дэмакратычных памкненняў беларускага народу»


Энтані Блінкен.
Фота: Mark Makela / Getty Images

Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс выступіў з заявай з нагоды сустрэчы амерыканскага кіраўніцтва са Святланай Ціханоўскай.

Прайс адзначыў, што дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, намеснік дзяржсакратара ў палітычных пытаннях Віктор’я Нулэнд і дарадца Дзярждэпартаменту Дэрэк Шале абмеркавалі з лідаркай беларускай апазіцыі «неабходнасць спынення рэжымам Лукашэнкі рэпрэсіяў, безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў, інклюзіўнага палітычнага дыялогу і новых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным назіраннем».

«Яны таксама падкрэслілі нязменнае падтрыманне з боку ЗША дэмакратычных памкненняў беларускага народу», – паведаміў прэс-сакратар.

«Мы абмеркавалі выхад з палітычнага крызісу: вызваленне ўсіх палітвязняў, інклюзіўны дыялог і новыя выбары. Жыве Беларусь!» – напісаў у сваім Twitter Энтані Блінкен.

Нагадаем, што падчас перамоваў Святлана Ціханоўская заклікала ЗША:

  • прыняць пакет экстранай дапамогі для беларускіх незалежных СМІ, тэлеграм-каналаў, YouTube-праектаў, журналісцкіх расследаванняў;
  • пашырыць дапамогу грамадзянскай супольнасці, прыватнаму бізнесу ў Беларусі, палітвязням і іхным сем’ям;
  • павялічыць колькасць стыпендыяльных праграмаў для студэнтаў і даследнікаў;
  • даць сігнал Расеі, што падпісаныя з рэжымам кантракты і пагадненні не будуць прызнаныя юрыдычна і анулююцца;
  • узмацніць разам з партнёрамі палітычны і эканамічны ціск на рэжым;
  • надаць дыпламатычнае падтрыманне беларускім дэмакратычным сілам у іншых краінах;
  • узяць актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні канферэнцыі высокага ўзроўню для пераадолення крызісу ў Беларусі.
Hавiны
Ціханоўская сустрэлася з дзяржсакратаром ЗША ў Вашынгтоне
2021.07.19 22:48

МГ belsat.eu

Стужка навінаў