У Менску праходзіць зачыстка аднаго з дамоў на праспекце Дзяржынскага


З раніцы 20 ліпеня ў Менску сілавікі прыйшлі да жыхароў дому па адрасе праспект Дзяржынскага 119. Паведамляецца пра ператрусы.

Пра магчымую «зачыстку» дамоў на праспекце Дзяржынскага напярэдадні паведаміў тэлеграм-канал Антона Матолькі.

Цяпер, паводле яго і тэлеграм-каналу «Глаза Минска – Запад», заўважаныя сілавікі па адрасе праспект Дзяржынскага 119.

Сілавікі прыехалі на танаваных бусах і пайшлі ў пад’езды. Яны выключылі ў доме камеры і ладзяць ператрусы з панятымі, у ролі якіх выступаюць працаўнікі камунальных службаў. У людзей шукаюць нацыянальную і пратэставую сімволіку і праглядаюць тэлефоны.

Дом на Дзяржынскага 119 вядомы тым, што там у 2020 годзе некалькі месяцаў гарэла БЧБ-падсвятленне. Паводле звестак Антона Матолькі, у выніку рэпрэсіяў таварыства ўласнікаў атрымала штрафаў на тысячы долараў, а старшыня звольніўся. Таксама ўласнікам кватэраў выпісвалі штрафы за аркушы паперы і сэрцы на вокнах, закідаючы неадпаведнасць кватэры патрабаванням пажарнай бяспекі.

Таксама МНС прыходзіла з праверкамі да жыхароў дому, якія маюць уласныя бізнесы. Адказнай за рэпрэсіі тады называлі інспектарку райаддзелу надзвычайных сітуацыяў Алену Даўкешаву.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў