Пяць гадоў з забойства Паўла Шарамета. Што вядома?


З забойства журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве прайшло пяць гадоў, але да гэтага часу ўкраінскія спецслужбы, якія займаюцца расследаваннем, не знайшлі арганізатараў злачынства. Таксама ва Украіне да гэтага часу няма адзінага меркавання аб матывах забойства журналіста. Паводле апошніх звестак да злачынства могуць быць датычныя ўлады Беларусі, якіх Шарамет катэгарычна крытыкаваў.

«Белсат» успамінае жыццё журналіста і падае апошнія звесткі аб справе Шарамета.

Журналіст Павел Шарамет. Кіеў. 27 лютага 2015 года.
Фота: УНІАН

Павел Шарамет нарадзіўся і вырас у Менску. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, аднак пасля трэцяга курсу перайшоў на факультэт міжнародных эканамічных стасункаў у БДЭУ. Для дыпломнай працы абраў «Афшорны бізнес».

Пасля вучобы працаваў у аддзеле валютных аперацый аднаго з банкаў і стаў журналістам цалкам выпадкова. Ён кансультаваў Беларускае тэлебачанне для эканамічных праграмаў, пісаў для журналістаў тэксты, бо тады яшчэ ніхто не разбіраўся ў міжнароднай эканоміцы. Неўзабаве стаў сам каментаваць і весці праграмы.

У 1994 годзе Шарамет становіцца аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» і ўжо ў наступным годзе быў уганараваны прэміяй беларускага ПЭН-цэнтру як найлепшы тэлежурналіст Беларусі.

Як прызнаваўся пазней Павел, ён ніколі не шкадаваў пра тое, што стаў журналістам.

Шарамет выступіў катэгарычна супраць рэферэндуму 1996 года, калі Лукашэнка змяніў нацыянальную беларускую сімволіку: герб Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг. На знак пратэсту закрыў сваю праграму і сышоў з Беларускага тэлебачання.

Пасля гэтага быў галоўным рэдактарам першага незалежнага выдання «Белорусская деловая газета».

У тым жа 1996-м быў прызначаны загадчыкам беларускага бюро Грамадскага расейскага тэлебачання (ОРТ) і стаў уласным карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, выступаючы супраць палітыкі Лукашэнкі.

Пасля паказу ў эфіры сюжэту аб кантрабандзе на беларуска-літоўскай мяжы быў арыштаваны ўладамі Беларусі і абвінавачаны ў незаконным групавым мінанні дзяржаўнай мяжы.

Павел Шарамет у судзе.
Фота: ТАСС

Журналіст правёў у зняволенні тры месяцы. Пазбегчы турмы яму дапамог прэзідэнт Расеі Ельцын, які адмовіўся пускаць самалёт Лукашэнкі на тэрыторыю Расеі, пакуль той не вызваліць Шарамета. У выніку журналіста прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну.

Ад’езд з Беларусі і праца на расейскім тэлебачанні

У 1999 годзе Шарамет з’язджае ў Маскву, бо, з ягоных словаў, «у Беларусі больш немагчыма было працаваць». У тым жа годзе ён упершыню стаў вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время», хоць пазней з негатывам успамінаў гэты перыяд – з прычыны выбараў пасля сыходу Ельцына.

Павел Шарамет падчас працы на расейскім тэлебачанне. Скрыншот з відэа: vesti.ru

У лютым і сакавіку 2000 года Шарамет аўтар і вядоўца нядзельнай «Інфармацыйнай праграмы з Паўлам Шараметам». У сакавіку таго ж года, за два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў, ён пакінуў праграму і сышоў з навінавых праграмаў праз канфлікт з кіраўніцтвам, якое ціснула на яго. Ён стаў займацца вытворчасцю фільмаў і праграмаў у жанры журналісцкага расследавання, у тым ліку і ў межах навінавых праграмаў на тым жа ОРТ.

У 2005 годзе Павел Шарамет стварае інтэрнэт-сайт «Беларускі партызан», які павінен быў стаць пляцоўкай без цэнзуры. У гэтыя ж гады Шарамет удзельнічае ў акцыях беларускай апазіцыі ў Менску.

Праз пару гадоў, у 2008-м, журналіст назаўсёды пакідае «Первый канал», апублікаваўшы ў газеце «Ведомости» артыкул, у якім кажа, што Расея ідзе шляхам Беларусі:

«Крытычна настроеныя ў дачыненні прэзідэнта Пуціна эксперты і палітолагі даўно параўноўваюць сучасную Расею з Беларуссю Аляксандра Лукашэнкі. Многія назіральнікі нават сур’ёзна лічаць Беларусь палігонам, на якім адпрацоўваюцца палітычныя тэхналогіі для наступнага выкарыстання ў Расеі. «Лукашызацыя» Расеі – ужо ўстойлівы дыягназ расейскага палітычнага працэсу, не заўважыць сімптомаў проста немагчыма».

Пасля сыходу з тэлебачання працуе рэдактарам аддзелу палітыкі і грамадства ў часопісе «Огонёк».

У 2010 годзе Шарамет быў пазбаўлены беларускага грамадзянства з-за наяўнасці другога грамадзянства – расейскага.

У 2012 годзе пераязджае ва Украіну і пачынае працаваць у інтэрнэт-газеце «Українська правда», дзе пазней стане выканаўчым дырэктарам. Да ліпеня 2014 года працаваў вядоўцам праграмы «Прав? Да!» на ОРТ. Прычынай сыходу сталі падзеі на ўсходзе Украіны – анексія Крыму і ваенныя дзеянні.

«Мне ўжо тады было зразумела, што ўсё ў Расеі будзе змрочна. Пасля Беларусі мяне нічога не здзіўляе. Мае расейскія калегі яшчэ ў нулявых гадах перажывалі кожную падзею, такую, як закрыццё НТВ: не можа быць, ёсць жа нейкія межы… А я казаў, што ніякіх межаў няма, і мы яшчэ жахнемся ступені нашага падзення. Не таму, што я такі разумны або такі песімістычны, проста ўсё гэта я ўжо бачыў у Беларусі», – разважаў пасля ад’езду Шарамет.

Ва Украіне Павел таксама працаваў вядоўцам тэле- і радыёпраграмаў, развіваў школу маладых журналістаў.

Шарамет меў добрыя стасункі з забітым у 2014 годзе расейскім палітыкам Барысом Нямцовым. Да 50-гадовага юбілею Барыса Нямцова журналіст падрыхтаваў фільм, сваю апошнюю тэлевізійную працу ў Расеі. Таксама ён вёў паніхіду па забітым палітыку, на якой апошні раз з’явіўся публічна ў Расеі.

Барыс Нямцоў і Павел Шарамет.
Фота: 24smi.org

Забойства па дарозе на працу

Раніцай 20 ліпеня 2016 года дарогаю на працу Павел Шарамет загінуў ад выбуху бомбы, закладзенай у аўтамабіль, які належаў кіраўніцы выдання «Українська правда» Алене Прытуле, грамадзянскай жонцы Паўла. Падчас выбуху яе ў машыне не было.

У тую раніцу Павел Шарамет павінен быў весці радыёэфір з кіраўніком украінскай Федэрацыі лёгкай атлетыкі Ігарам Гацулам. Ён праехаў каля 300 метраў ад дому, а калі збіраўся павярнуць налева на скрыжаванні, адбыўся выбух.

Супрацоўнікі паліцыі на месцы выбуху аўтамабіля Паўла Шарамета ў цэнтры Кіева. 20 ліпеня 2016 года.
Фота: Reuters

Выняты відавочцамі з салона аўтамабіля, Шарамет заставаўся жывы некалькі хвілінаў і памёр у машыне хуткай дапамогі. Судмедэксперты паведамілі, што смерць наступіла ў выніку несумяшчальных з жыццём траўмаў і крытычнай для жыцця страты крыві. Паўлу было 44 гады.

Павел Шарамет пасля выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева. 20 ліпеня 2016 года.
Фота: ren.tv

Алена Прытула распавядала, што ў папярэднія трагедыі дні заўважала, што за машынай сочаць.

Пазней журналістам, якія праводзілі сваё расследаванне, стала вядома, што ўвечары напярэдадні да забойства Павел сустракаўся з групай мужчынаў з батальёну «Азоў», якія актыўна ўдзельнічалі ў ваенным канфлікце на ўсходзе Украіны. У той вечар яны кансультаваліся наконт акцыі пратэсту, запланаванай на наступную раніцу.

Расследаванне забойства

Пасля забойства журналіста прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка запатрабаваў стварыць аператыўную групу і даручыў кіраўніку нацыянальнай паліцыі Хаціі Дэканаідзэ кіраваць расследаваннем.

Была заведзеная крымінальная справа па факце наўмыснага забойства. У паліцыі заявілі, што выбухнула міна з дыстанцыйным кіраваннем. Разглядаліся тры версіі забойства журналіста: прафесійная дзейнасць, непрыязныя адносіны і «расейскі след», але асноўнай заставалася першая версія.

Праз два дні, 22 ліпеня, быў апублікаваны відэазапіс мініравання аўтамабіля Шарамета. На наступны дзень паліцыя паведаміла, што ўдалося высветліць асобы людзей, зафіксаваных камераю ўначы каля машыны.

З верасня 2017 года следчае ўпраўленне засакрэціла ўсе судовыя рашэнні ў справе аб забойстве Паўла Шарамета, а ў снежні 2019 года стала вядома аб затрыманні падазраваных у забойстве журналіста.

Арганізатарам выбуху назвалі музыку Андрэя Антоненку, а выканаўцам – Юлію Кузьменку, якая нібыта і ўсталявала міну на машыну Паўла. Таксама, на думку следства, да злачынства датычная вайсковая медсястра Яна Дугар і сужэнцы Уладзіслаў і Іна Грышчанкі. Частка абвінавачаных мае досвед удзелу ў вайне на Данбасе на баку Украіны.

Падазраваныя ў забойстве Паўла Шарамета. У цэнтры злева направа: Юлія Кузьменка, Андрэй Антоненка і Яна Дугар.
Фота: zn.ua

Аднак іхную віну за пяць гадоў даказаць не ўдалося. Асноўны доказ у справе – экспертызы, якія палягаюць у параўнанні рухаў і аблічнасці падазраваных з забойцамі, якіх відаць на запісах камераў відэаназірання. Для Антоненкі і Кузьменкі зрабілі экспертызу паходкі.

У гэтым годзе іх адпусцілі пад 24-гадзінны хатні арышт, забавязаўшы насіць электронны бранзалет.

Падазраваныя адмаўляюць сваю датычнасць да забойства Паўла Шарамета. Таксама іх невінаватасць падтрымлівае і частка грамадства, любыя следчыя дзеянні супраць іх суправаджаюцца акцыямі пратэсту.

Датычнасць уладаў Беларусі

У пачатку студзеня гэтага года бельгійскае выданне «EUObserver» апублікавала аўдыязапіс, прапанаваны былым супрацоўнікам беларускага спецатраду «Алмаз» Ігарам Макарам, які сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка санкцыянаваў палітычныя забойствы сваіх апанентаў у Нямеччыне.

На запісе, датаваным красавіком 2012 года, Юрый Зайцаў, які на той момант быў кіраўніком КДБ, абмяркоўвае з двума супрацоўнікамі спецатраду «Алмаз» варыянты ліквідацыі былых супрацоўнікаў спецслужбаў Беларусі.

Таксама ў аўдыя згадваецца журналіст Павел Шарамет і спосаб яго забойства:

«Вось па Шарамету трэба спрацаваць. Зробім закладку нейкую і гэтак далей, ад гэтага пацука ні рук, ні ног не збяруць. Прэзідэнт (Лукашэнка. – Рэд.) чакае гэтых аперацый», – казаў Юрый Зайцаў.

Праўдзівасць аўдыязапісаў была пацверджаная даследаваннем пецярбургскай Крыміналістычнай лабараторыі аўдыявізуальных дакументаў.

У студзені 2021 года паліцыя Украіны дапытала ў Кіеве Ігара Макара з нагоды аўдыязапісу. Са словаў тагачаснага міністра ўнутраных справаў Арсена Авакава, інфарматар з Беларусі даў важныя паказанні аб забойстве журналіста і адзначыў, што матывам злачынства стала тое, што Шарамет быў «нязручным» чалавекам для беларускіх спецслужбаў.

У траўні гэтага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаўся пра справу Шарамета і заявіў, што Арсэн Авакаў не застанецца міністрам МУС, калі людзей у гэтай справе асудзілі незаконна. За тыдзень да пятай гадавіны са дня смерці журналіста, 13 ліпеня, Авакаў сышоў у адстаўку.

Арганізатараў забойства журналіста Паўла Шарамета так і не знайшлі, таксама як і дакладных яго выканаўцаў.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў