Захоўваецца ціск на цэны. У ЕАБР чакаюць, што чэрвеньская інфляцыя ў Беларусі будзе на ўзроўні траўня


Гадавыя тэмпы інфляцыі ў Беларусі ў чэрвені застануцца на блізкім да травеньскага ўзроўню 17 %, мяркуюць у Еўразійскім банку развіцця.

Агуркі на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

У ЕАБР адзначаюць, што прырост цэнаў у траўні склаў 0,8–0,9 %, што ніжэй за красавіцкі ўзровень. Запаволенне інфляцыі яны звязваюць з дынамікай высокай валацільнасці цэнаў на садавіну і гародніну. Пры гэтым базавая інфляцыя захавалася на красавіцкім узроўні 1,3 %.

«Гэта кажа пра захаванне ціску на цэны з боку павышэння выдаткаў праз транспартна-лагістычныя ўскладненні і рост цэнаў на сыравіну на сусветным рынку. Дзеянне абазначаных фактараў захаваецца ў найбліжэйшыя месяцы, аднак узмоцніцца дэзынфляцыйны ўплыў слабога ўнутранага попыту. У выніку гадавая інфляцыя ў чэрвені можа застацца каля 17 %», – заявілі ў банку.

Аналітыка
Цэны ў Беларусі працягваюць рост. Што здолее іх запаволіць?
2022.06.15 11:01

У Беларусі індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі ў траўні ў параўнанні з красавіком склаў 100,7 %, са снежнем 2021 года – 111,9 %.

Як паказвае афіцыйная статыстыка, гадавая інфляцыя ў Беларусі працягвае разганяцца. У сакавіку яна склала 15,9 %, красавіку – 16,8 %, а ў траўні дасягнула 17 %.

І гэта пры тым, што план на гадавую інфляцыю, распрацаваны ўладамі Беларусі, прадугледжваў, што за 2022 год цэны ў краіне вырастуць не больш як на 6 %. То бок, з пачатку года ён ужо перавышаны ўдвая, а за год – амаль утрая.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў