Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 20 чэрвеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 20 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Пейзаж каля дома сям’і Максюта. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 11 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 33800 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках асноўныя наступальныя дзеянні расейцаў праходзілі ў кірунках гарадоў Бахмут і Севераданецк. У апошнім працягваюцца вулічныя баі з мэтаю ўсталявання поўнага кантролю над горадам. Паводле кіраўніка ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Севераданецку Аляксандра Струка, цяпер траціна гораду кантралюецца ЗСУ. Разам з тым украінскім сілам удалося адбіць штурм гораду Залатое і адкінуць ад яго расейцаў.

Завод «Азот» у Севераданецку.
Фота: ua-ru.info

На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе войскі РФ не вялі наступальных дзеянняў, але актыўна ўжывалі артылерыю і сістэмы залпавага агню. На Ліманскім, Аўдзііўскім, Курахіўскім, Навапаўліўскім і Запарожскім напрамках расейцы спрабавалі такім чынам не дапусціць перагрупоўкі Збройных сілаў Украіны.

За межамі Усходняй зоны аперацыі расейцы ў асноўным умацоўвалі свае пазіцыі ды праводзілі ратацыю сярод асабовага складу. Адзначаецца, што на Харкаўскім і Паўднёвабужскім напрамках яны трымалі абарону, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў.

20 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што Украіна нанесла ўдар па свідравых платформах «Черноморнефтагаза» у моры каля Крыму. Пра гэта паведаміў кіраўнік анексаванай рэспублікі Сяргей Аксёнаў. Мацней за ўсё пацярпела платформа Бк-1 – тры чалавекі атрымалі раненні, на платформах Бк-2 і Бк-3 пацярпелых няма, але гэтыя лічбы не канчатковыя, паколькі цяпер працягваюцца пошукі яшчэ 7 чалавек. Працы на трох платформах спыненыя, ідзе скід газу, каб спыніць агонь. Адзначаецца, што гэтыя платформы да 2014 года належалі Украіне, але былі захопленыя Расеяй падчас анексіі Крыму.

Дэпутат Дзяржаўнай Думы ад Крыму Міхаіл Шарамет заявіў, што атака Украіны на платформы «развязала Расеі рукі», таму ў найбліжэйшы час будуць нанесеныя ўдары па ўкраінскіх цэнтрах прыняцця рашэнняў.

Хваставая частка снараду РСЗА «Тарнада» тырчыць з зямлі ля вёсцы Лукашоўка, Чарнігаўская вобласць, Украіна. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«The New York Times» піша, што Расея ўжыла падчас вайны супраць Украіны як мінімум 210 боепрыпасаў, забароненых міжнароднымі дамовамі. Большасць забароненых боепрыпасаў адносіцца да касетных, а таксама да суббоепрыпасаў, якія могуць уяўляць небяспеку для мірных жыхароў на працягу дзесяцігоддзяў пасля заканчэння вайны. Акрамя таго, журналісты мяркуюць, што больш за 330 іншых боепрыпасаў былі ўжытыя супраць цывільных аб’ектаў або побач з імі.

Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Ровенскай вобласці Віталь Коваль паведаміў, што калі рэжым у Беларусі адважыцца напасці на Украіну, ён сутыкнецца са шматлікімі перашкодамі. Паводле яго, «беларуская армія не мае ні баявога досведу, ні матывацыі для наступу», а «задача прайсці праз Заходняе Палессе, то бок Ровенскую вобласць, – мегаскладаная».

Беларускае войска. Фота – Віктар Драчоў/ТАСС

Тым часам кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак сумняецца, што Беларусь прыме маштабны ўдзел у расейскай агрэсіі, паколькі беларускі народ не падтрымлівае гэтай ідэі.

Hавiны
Аляксей Арэстовіч: «Бліжэйшым часам з Беларусі не адбудзецца нападу на Украіну»
2022.06.20 16:45

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін даў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь 1», у якім распавёў пра стасункі з рэжымам у Беларусі. Паводле яго, так званая «ДНР» зацікаўленая ў супрацы ў сферы сельскай гаспадаркі, пастаўках угнаення, МАЗаў, трактароў, экскаватараў. «Ёсць пункты дачынення» і ў пытаннях металургіі, вугальнай прадукцыі. Таксама беларускі бок гатовы далучыцца да аднаўлення Марыупалю, знішчанага расейскімі войскамі.

ВК belsat.eu

 

Стужка навінаў