«У думках я ўжо пахавала брата». Маналог сястры беларускага добраахвотніка


Больш за 100 дзён мінула з моманту нападу Расеі на Украіну. У тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. За гэты час шмат беларусаў далучылася да абароны суседняй Украіны. Што пра гэта думаюць сваякі дабравольцаў? Як жывуць сем’і без сваіх кармільцаў? Мы паспрабавалі даведацца ў сястры аднаго з іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Брату 30. У яго сямʼя, дзеці. Я не разумею, чаму ён там. Не, можа, і разумею галавой, але не прымаю.

Ён быў жорстка збіты яшчэ ў 2020-м. Такім сінім я яго не бачыла нават у дзяцінстве, калі ён падаў з ровара ці біўся з мясцоваю шпаной. Але тады я разумела, што па-іншаму нельга. Гэта ж нашая краіна, нашыя свабода слова і права голасу! То было страшна. Але і так прыгожа: беларусы абʼядналіся і выходзілі на маршы нават насуперак уласнаму страху! Але мы не перамаглі. Столькі людзей пасадзілі! Знаёмых, сяброў, суседзяў… Гэта жах нейкі. А колькіх людзей прымусілі пакінуць краіну. Вунь адныя толькі айцішнікі цэлымі самалётамі ляцяць на рэлакацыі. А большасці з іх нават баяцца няма чаго! Але ж тут і не страх, думаю. Хутчэй, немагчымасць жыць пад пастаянным прыгнётам і прачынацца ўначы ад незразумелага грукату ці тузацца, убачыўшы чарговы «чорны варанок».

Брат паехаў з Беларусі больш за год назад, калі затрымалі ягонага сябра. Сабраў сямʼю і паехаў. Добра, што таксама ў ІТ працуе і доўга думаць не давялося. Жыў сабе спакойна ў Вільні, нікога не чапаў. Падаецца, нават на мясцовыя акцыі не хадзіў. Жонка тым часам працу сабе знайшла, дзеці ў школу пайшлі. І раптам вайна.

Віця (імя змененае) доўга не думаў, праз тыдзень сабраў рэчы ды паехаў. Падаецца, спачатку валанцёрам на мяжу, а пасля і ў Львоў на абарону ад расейскіх захопнікаў. Ці застаўся там, мне нічога не вядома. Кажа: меней будзеш ведаць – мацней спаць будзеш».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Першы час у іх там спакойна было. Ну, што страшнага? «Паваюе» наш герой, стоміцца і назад паедзе. Але не паехаў. А пасля і бамбіць там пачалі. І пастаянна паветраныя трывогі. Разумею, што большасць з іх – пустыя, але ў думках я ўжо пахавала брата. Ну, як так? Навошта гэта яму? Ужо паваявалі ў Беларусі, ды толькі па галаве атрымалі і ўсё згубілі. А яму зноў ваяваць! Кажа: не магу па-іншаму, Беларусь наступная, калі цяпер Пуціна не паставіць на месца. А якое там «наступныя», калі нас ужо фактычна здалі Расеі? І як цяпер ні абараняй Украіну, Беларусь усё роўна застанецца пад акупацыяй. Ды і дзецям бацька больш патрэбны, чым плюс адзін беларус у абароне.

Віця не чуе ні сямʼі, ні мяне. Усё толькі злуецца, што мы яго не разумеем і не падтрымліваем. Я б мо і зразумела, калі б ён быў адзін і не меў адказнасці за іншых! Жонка праз гэта зусім схуднела, нічога не есць, не спіць, толькі плача і круглымі днямі маніторыць інфармацыю пра паветраныя трывогі і забітых, бо часта не можа звязацца наўпрост з Віцем. У псіхіятра прапісалася, але нічога не дапамагае: зусім глушыць эмоцыі не хоча, а па-іншаму пакуль ніяк. Ці вартая тая вайна такіх ахвяраў ад ужо і без таго скалечаных людзей?

Адзіная мара цяпер – каб гэта ўсё хутчэй скончылася».

Марыя Голдстэйн, «Белсат»

Стужка навінаў