Смеласць, ці хітрасць? Эксперты – пра «дэмарш» прэзідэнта Казахстану Такаева


Выказванні прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева на Пецярбургскім эканамічным форуме, дзе ён у прысутнасці Уладзіміра Пуціна назваў «ДНР» і «ЛНР» «квазідзяржаўнымі тэрыторыямі», выклікалі гарачую цікавасць у СМІ і сацсетак. Градус дыскусіі падвысіла інфармацыя аб блакаванні Казахстанам транзіту расейскага вугалю. Паведамленне пра гэта пазней назвалі фальшыўкай, аднак «асадак застаўся».

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: bort_01 / Telegram

У пятніцу 17 чэрвеня, адказваючы на пытанне крамлёўскай прапагандысткі Маргарыты Сіманьян пра «погляд на «спецаперацыю» прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў спаслаўся на Статут ААН і закладзеныя ў ім супярэчнасці паміж прынцыпамі тэрытарыяльнай цэласнасці і правам нацыі на самавызначэнне. Адзначыўшы, што калі б другі прынцып быў рэалізаваны, то на зямлі было б 500-600 дзяржаў, а не 193, якія з’яўляюцца членамі ААН.

«Вядома ж, гэта будзе хаос. З гэтай прычыны мы не прызнаем ні Тайвань, ні Косава, ні Паўднёвую Асетыю, ні Абхазію і, напэўна, гэты прынцып будзе ўжыты і да квазідзяржаўных тэрыторый, якімі, на наш погляд, з’яўляюцца Луганск і Данецк», – адказаў Касым-Жамарт Такаеў.

Журналісты ахрысцілі адказ прэзідэнта Казахстана «дэмаршам Такаева».

З Крамлём – «у контры»?

Заснавальнік беларускага выдання «Сильные новости» Пётр Кузняцоў назваў выказванне Такаева «гучнай дэкларацыяй аб рэальнай незалежнасці Казахстана ад Расеі і яе інтэграцыйных праектаў».

«Маючы на сваёй тэрыторыі вельмі сур’ёзную рускамоўную меншасць, вялікую прысутнасць расейскага бізнесу, касмадром Байканур, у рэшце рэшт, казахстанскі прэзідэнт не баіцца рабіць падобныя заявы, фактычна уступаючы з Крамлём «у контры».

Ён літаральна не баіцца сабе такое дазволіць – таму, што адчувае сілу ў сабе і за сабой. І з кожным новым днём усё менш такой сілы адчувае ў Расеі», – напісаў Пётр Кузняцоў.

З пункту гледжання эксперта, сіла, якая стаіць за Казахстанам, – гэта Кітай.

«Такаеў зрабіў заявы, якія, апроч іншага, чыста на палітычным узроўні ў бліжэйшай перспектыве абнуляюць расейскі ўплыў. Прытым абнуляюць гэтак рэзка, што сумненняў у тым, што адчуваюць за сабой сур’ёзную падтрымку – ніякіх. І калі гэта Кітай (а гэта – Кітай), то, мяркуючы па ўсім, справы ў Расеі рэальна дрэнныя», – лічыць Кузняцоў.

«Нічога новага не сказаў»

Вядомы казахстанскі палітолаг Віктар Каўтуноўскі ў гутарцы з «Белсатам» адзначае ў сваю чаргу, што Касым-Жамарт Такаеў нічога новага на Пецярбургскім форуме не сказаў – пра непрызнанне так званых «ДНР» і «ЛНР» у свой час заяўлялі і іншыя афіцыйныя асобы краіны. У часы Назарбаева гаварылася нават пра немагчымасці прызнаць анэксію Крыму.

Первый президент Республики Казахстан Нурсултан Назарбаев и новый глава государства Касым-Жомарт Токаев. Источник фото: Официальный сайт президента РК

«Цяпер, праўда, пытанне пра Крым замоўчваецца, лічаць за лепшае яго не каментаваць. Але цалкам зразумела, што Казахстану проста небяспечна казаць аб прызнанні гэтых «рэспублік», паколькі Расея можа прэтэндаваць і на казахстанскія тэрыторыі», – кажа Віктар Каўтуноўскі.

На яго погляд, цяжка меркаваць, наколькі маральна цяжка было Такаеву казаць пра «псеўдадзяржаўныя тэрыторыі», таму што казаў ён тыя рэчы, якія прамаўляліся і раней.

«Іншая рэч, што сказаў ён гэта, седзячы за пяць метраў ад Пуціна…» – адзначае палітолаг.

Віктар Каўтуноўскі мяркуе, што залежнасць Казахстана ад Расеі «вельмі істотная».

«Яна і эканамічная, і палітычная, і, у нейкай ступені, дэмаграфічная. Таму Казахстан асцярожны ў выказваннях на гэты конт. Гэта тая чырвоная рыса, якую не можа сабе дазволіць перайсці ні адзін казахстанскі кіраўнік», – падкрэсліў эксперт.

«Паміж молатам і кавадлам»

Сітуацыю з блакаваннем транзіту расейскага вугалю на тэрыторыі Казахстану (інфармацыя была афіцыйна абвергнута и названа «фэйкам») Віктар Каўтуноўскі каментаваць адмовіўся. Праўда, адзначыў, што цяпер імавернасць нейкай эскалацыі расейска-казахстанскага канфлікту не вельмі вялікая – гэта нявыгадна абодвум бакам.

«Магу толькі канстатаваць, што Казахстан знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы. Такаеў казаў і на Пецярбургскім форуме, і ў інтэрв’ю даволі-такі ўзаемавыключальныя рэчы. З аднаго боку, пацвердзіў, што Казахстан будзе выконваць санкцыі супраць Расеі, з другога – казаў, што будзе развівацца супрацоўніцтва з Расеяй у рамках Еўразійскага саюзу і АДКБ.

Тут вельмі сур’ёзныя несумяшчальныя моманты. Як будзе выкручвацца? Пастараецца нейк, хоць, на мой погляд, гэта вельмі складана», – сказаў палітолаг Віктар Каўтуноўскі.

Эксперт дадаў, што кіраўніцтву краіны можна толькі паспачуваць, бо яно знаходзіцца паміж молатам і кавадлам.

«І як нам ацалець паміж молатам і кавадлам? Гэта вельмі складана», – падсумаваў палітолаг.

Пуцін даў «дабро»?

Эксперт з Казахстану Айдос Садыкаў у жывым эфіры студыі «Белсат» таксама адзначыў, што прэзідэнт Казахстану не праявіў асаблівага геройства, кажучы аб непрызнанні «ЛНР» і «ДНР», таму што іх не прызнала ні адна краіна ў свеце, нават Беларусь.

«Такаеў проста канстатаваў факт, які вядомы ўсяму свету, таму ў гэты дэмарш, у тое, што ён пайшоў супраць Пуціна, ніхто не паверыў. Хіба што тыя, хто не разбіраецца ў палітыцы», – сказаў Айдос Садыкаў.

Ён таксама дапусціў, што гэта як раз Пуцін дазволіў Такаеву выступіць такім чынам.

Касым-Жамарт Такаеў займае пасаду прэзідэнта Казахстану з 20 сакавіка 2019 года. Падчас пратэстаў у студзені 2022 года Такаеў увёў на ўсёй тэрыторыі Казахстану надзвычайнае становішча, абвясціў аб адстаўцы ўрада і кіраўніка Рады бяспекі Нурсултана Назарбаева, месца якога заняў сам. 5 студзеня звярнуўся да лідараў АДКБ з просьбай накіраваць у краіну калектыўныя міратворчыя сілы. Былая жонка Такаева – грамадзянка Расеі.

Абноўлена
РФ абмежавала адгрузку нафты з Казахстану
2022.06.20 08:37

Зміцер Міраш / АА belsat.eu

Стужка навінаў