РФ ставіць ультыматум і адкрыта пагражае Літве


Улады РФ выказалі пратэст Літве з нагоды транзітнай блакады расейскага Калінінграду. 20 чэрвеня ў МЗС Расеі выклікалі часовую павераную Літоўскай Рэспублікі Віргіню Умбрасене і ўручылі адпаведную ноту, паведамляе «delfi.lt». МЗС Расеі заявілі, што пакідаюць за сабой права на любыя дзеянні для абароны сваіх інтарэсаў.

Пункт проверки автомобилей, которые едут в сторону белорусской границы, во время чрезвычайного положения из-за наплыва мигрантов
Фота мае ілюстрацыйны характар
Фота: ЮШ / Белсат

РФ у ўльтыматыўным парадку заклікалі ўлады Літвы аднавіць транзіт грузаў у Калінінград.

«Калі найбліжэйшым часам грузавы транзіт паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі праз Літву не будзе адноўлены ў поўным аб’ёме, то Расея пакідае за сабой права на дзеянні па абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў», – гаворыцца ў адмысловай заяве МЗС Расеі.

Аб якіх канкрэтна дзеяннях мелася на ўвазе пакуль невядома.

Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыелюс Ландсбергіс раней заяўляў, што забарона на транзіт прадукцыі са сталі і чорных металаў паміж тэрыторыяй Расеі і Калінінградскай вобласцю РФ праз Літву – гэта не рашэнне Літвы, а санкцыі ЕЗ.

«Па-першае, гэта не дзеянні Літвы, гэта еўрапейскія санкцыі, якія будуць дзейнічаць ад 17 чэрвеня. Цяпер санкцыі ўводзіць кіраўніцтва чыгункі, якое інфармуе сваіх кліентаў аб тым, што тавары, якія трапілі пад санкцыі з 17 чэрвеня, – гэта сталь і іншая прадукцыя, вырабленая з жалезнай руды, якая больш не будзе імпартавацца праз Літву. Гэта рэалізуецца праз кансультацыі з Еўрапейскай Камісіяй і ў адпаведнасці з яе рашэннямі», – заявіў Ландсбергіс у панядзелак перад сустрэчай міністраў замежных спраў ЕЗ у Люксембургу.

Нагадаем, што дадзеныя забароны набылі сілу з сакавіка як частка чацвёртага пакета санкцый Еўрапейскага Звязу. Пакет санкцыяў ЕЗ, прыняты 15 сакавіка, увёў абмежаванні на экспарт і транспартаванне расейскай сталі і іншай прадукцыі з чорных металаў паводле дамоваў, якія былі заключаны да 17 чэрвеня. З суботы 18 чэрвеня іх нельга перавозіць па тэрыторыі Еўразвязу.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў