Падрыў бронецягнікоў і атручаная чарэшня: як жыве і змагаецца акупаваны Мэлітопаль


Наступ расейскага войска ва Украіне спынены, і за апошнія два месяцы лінія фронту амаль не змянілася. Украінскія часова акупаваныя гарады жывуць у чаканні контрнаступу ўкраінскіх вайскоўцаў, але не пасіўна: у Мэлітопалі трывае моцны партызанскі рух супраціву.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі нясуць партрэты сваіх сваякоў падчас шэсця «Несмяротны полк» у Мэлітопалі. 9 траўня 2022 года.
Фота: Адміністрацыя гораду / TASS / Forum

Мэлітопаль – места ў Запарожскай вобласці Украіны, адміністрацыйны цэнтр Мэлітопальскага раёну, другая найбуйнейшая мясцовасць вобласці пасля Запарожжа. Расейскія войскі ўвайшлі ў горад 24 лютага, а 1 сакавіка цалкам яго акупавалі. Колішні дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад Партыі рэгіёнаў, дэпутат Запарожскай абласной рады ад Апазіцыйнага блоку Яўген Баліцкі пасля акупацыі часткі Запарожскай вобласці, Энэргадару і Мэлітопалю ачоліў акупацыйную вайсковую адміністрацыю Запарожскай вобласці. Праваахоўныя органы Украіны завялі крымінальную справу супраць яго за калабарацыянізм.

Законны мэр акупаванага Мэлітопалю Іван Фэдараў, які пасля палону выехаў з гораду, у эфіры нацыянальнага ўкраінскага тэлемарафону заявіў, што Мэлітопаль, як і іншыя захопленыя гарады, ЗСУ вызваляць падчас свайго контрнаступу. У каментары «Белсату» Фэдараў падкрэсліў: расейцам не ўдасца спыніць гэтага контрнаступу, бо ён будзе адбывацца з двух бакоў – з боку ЗСУ і з боку мірных жыхароў, якія чакаюць магчымасці вызваліцца з-пад акупацыі.

«Супраціў украінцаў супраць расейцаў трывае з самога пачатку акупацыі. Шматтысячныя праўкраінскія мітынгі выходзілі на цэнтральную плошчу ды вуліцы гораду і паказвалі сваё нежаданне жыць пад расейскім прыгнётам. Прывяду яскравы прыклад: калі расейцы паспрабавалі на другі месяц акупацыі сабраць прарасейскі мітынг, на яго прыйшлі каля 50 чалавек. У той час як на праўкраінскія мітынгі ды акцыі прыходзілі 3-4 тысячы чалавек. Яны праходзілі маршам па горадзе без усялякага страху. Пасля затрымання арганізатараў мітынгі на некаторы час спыніліся, але два тыдні таму аднавіліся зноў – мэлітопальцы сабраліся ў цэнтральным парку, спявалі гімн, гэтым паказваючы свой супраціў», – распавядае Іван Фэдараў.

У Мэлітопалі трывае моцны партызанскі рух супраціву. Так, напрыклад, паводле інфармацыі Запарожскай абласной вайсковай администрарцыі (АВА), у траўні мэлітопальскія партызаны зліквідавалі высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў. Мэлітопальцы вядуць падрыўную дзейнасць, спыняюць пастаўкі ўзбраення ў Мэлітопаль і Мэлітопальскі раён, напрыклад, падрываюць бронецягнікі. Агулам мэлітопальскія партызаны правялі больш за 20 паспяховых аперацыяў супраціву, перадалі ўкраінскай выведцы інфармацыю пра дыслакацыю расейскіх войскаў і забілі больш за 100 расейскіх вайскоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. З 1 траўня 2022 года ў Мэлітопалі ў абарот увялі расейскі рубель, які павінен забяспечыць выплаты пенсіянерам, а таксама заработную плату работнікам бюджэтнай сферы.
Фота: Аляксей Канавалаў / TASS / Forum

«З апошніх прыкладаў супраціву. Расейцы паспрабавалі скрасці наш ураджай чарэшні. Мэлітопальскія фермеры, каб скрадзены тавар не прынёс акупантам выгады, апрацавалі ягады пестыцыдамі. Акупантаў чакаюць лёгкія сімптомы атручвання, гэта каб было непанадна красці», – адзначае Фэдараў.

Тры тыдні таму ў Мэлітопалі пачалі прымаць заявы на атрыманне расейскіх пашпартоў, а таксама раздаваць SIM-карты для падлучэння расейскай мабільнай сувязі. Аднак мясцовыя жыхары не жадаюць іх атрымліваць.

«Акупанты запланавалі на Дзень Расеі ўрачыста ўручыць першыя пашпарты. У чаргу за атрыманнем расейскага пашпарта стала ажно 15 чалавек з усяго гораду на 150 тысячаў жыхароў. Мы гатовыя гэтых 15 чалавек разам з іхнымі рэчамі і валізамі сабраць і адправіць у Расею, калі яны так хочуць там жыць», – кажа Іван Фэдараў.

У горадзе вельмі складаная гуманітарная сітуацыя: у грамадзянаў Украіны заканчваюцца наяўныя грошы, харчы, якія завозяцца з часова акупаванага Крыму, у 3-4 разы даражэйшыя, чымся на кантраляванай тэрыторыі Украіны. У горадзе спынілі працу ўсе мясцовыя медыі, якія працавалі да акупацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтральны рынак Мэлітопалю. 1 траўня 2022 года.
Фота: Аляксей Канавалаў / TASS / Forum

Запарожская АВА са спасылкаю на мясцовых жыхароў паведамляе, што большасць крамаў і прадпрыемстваў у горадзе не працуе. Асабліва цяжкая сітуацыя з харчамі ў навакольных вёсках. Гуманітарнай дапамогі практычна няма. Прадпрыемствы вымушаныя аддаваць 30 % прыбытку акупантам, у іншым выпадку іх закрываюць.

Згодна з інфармацыяй выведкі, менавіта Мэлітопаль акупанты хочуць зрабіць сталіцаю захопленай паўднёвай часткі Украіны. Паводле Фэдарава, такая слава і «ўзнагарода» гораду дакладна не патрэбная, а ў будучыні горад бачыць сябе турыстычнаю сталіцай Украіны для ўсяго азоўскага ўзбярэжжа.

«Ужо з другога тыдня вайны, калі расейцы зразумелі, што ім тут не радыя, пачаліся рэпрэсіі: выкраданне актывістаў (за тры месяцы лік складае 500 чалавек), перакрыццё гуманітарных калідораў, блакаванне гораду і перакрыццё магчымасці эвакуацыі ў Запарожжа. Рэпрэсіі працягваюцца штодзённа», – адзначае Іван Фэдараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пакупнікі ў харчовай краме «Metro Market» напярэдадні ўвядзення ў абарот расейскага рубля. 1 мая 2022 года.
Фота: Аляксей Канавалаў / TASS / Forum

Цяпер Мэлітопаль цалкам заблакаваны. Да гэтага з яго выехалі 50 % жыхароў, гэта амаль 70 тысяч грамадзянаў.

СП belsat.eu

Стужка навінаў