«Экстрэмісцкая» прэм’ера ў Любліне. Чым жывуць акторы Купалаўскага праз амаль 2 гады пераезду


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы для Беларусі – сапраўдная з’ява. Большая, чым проста тэатр. Менавіта на яго сцэне адбыўся ў снежні 1917-га Першы Усебеларускі з’езд, ставілі «Тутэйшых» і «Пана Тадэвуша», а ў жніўні 2020-га насупраць будынку Адміністрацыі прэзідэнта лунаў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. 17 жніўня таго ж года адбыўся паваротны момант у гісторыі тэатру. Быў звольнены дырэктар Павел Латушка, а пераважная большасць каманды Купалаўскага абвясціла страйк. Праз год вялікая частка каманды купалаўцаў мусіла пераехаць за межы краіны, іншая застацца без прафесіі, а дзяржава правяла 8 няўдалых кастынгаў, спрабуючы рэанімаваць тэатр у Беларусі. Мы даведаліся, чым цяпер жывуць і дыхаюць купалаўцы.

Прэм’ера спектакля «Гусі-Людзі-Лебедзі». Люблін, Польшча. 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Якраз днямі ў польскім Любліне на міжнародным тэатральным фестывалі купалаўцы прэзентуюць прэм’еру «Гусі-Людзі-Лебедзі». Сцэнар для пастановы напісаны паводле прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім» твору Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў паспрабаваў увасобіць на сцэне частку раману. У пастанове ўдзельнічаюць і непараўнальная Зоя Белахвосцік, і Міхаіл Зуй без чыноўніцкага пінжака, і легендарны Алег Гарбуз ды многія іншыя. Шчасліўцы, якія здолелі ў сярэдзіне чэрвеня трапіць у залу Люблінскага тэатру, маглі адчуць прыемны халадок на спіне, бо ўмовы надта нагадвалі сталічны Купалаўскі. Але пра гэта трошкі пазней.

Аказалася, што гэта не адзіны праект, які цяпер робяць купалаўцы. Увогуле яны анансуюць цэлы шэраг прэм’ераў і зменаў у наступным сезоне. Таксама купалаўцы адмовіліся ад класічнай для беларускага тэатру формы існавання.

Купалаўскі функцыянуе як ІТ-праект

Менеджарка купалаўцаў Вольга Кулікоўская ў размове з «Белсатам» распавяла, што цяпер тэатральная каманда не мае жорсткай іерархічнай адміністрацыі і фактычна стала нагадваць класічны ІТ-праект.

«Цяпер мы працуем у сістэме праектаў і ў халакратычнай сістэме кіравання. Вось такі модны кірунак прыдумалі ў IT-сферы. Мы паспрабавалі, і гэта нам падыходзіць. Гэта кіраванне не паводле іерархіі, а калі каманда складаецца з некалькіх модуляў, што працуюць над рознымі праектамі. Гэта вельмі розныя рэчы: спектаклі, аўдыякнігі, канцэрты і г. д. Няма дакладнага падзелу на адміністрацыю і выканаўцаў, усе прымаюць актыўны ўдзел як у творчым, так і ў арганізацыйным працэсе», – кажа Вольга Кулікоўская.

Цяпер у тэатры няма пазіцыі «мастацкага кіраўніка», любы ўдзельнік каманды можа прыйсці і прапанаваць да рэалізацыі той ці іншы праект. У той жа момант сярод самых актыўных купалаўцаў утварыўся нефармальны «борд», што канчаткова вызначае кірунак дзейнасці і выканання таго ці іншага праекту.

Рэжысёр і актор Аляксандр Гарцуеў перад прэм’ерай спектакля «Гусі-Людзі-Лебедзі». Люблін, Польшча. 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Вольга Кулікоўская адзначае, што так сталася арганічна. У той час, як Павел Латушка быў звольнены і ўвайшоў у Каардынацыйную раду, у Купалаўскім рыхтавалі «Тутэйшых» з Мікалаем Пінігіным. Пастанову меліся паказаць ужо ў верасні 2020 года на 100-годдзе тэатру. Але на ўласнай сцэне гэтага зрабіць не атрымалася, бо ўсе звольніліся.

Назад у 2020-ы

Павел Латушка, які да жніўня 2020-га быў дырэктарам тэатру, эмацыйна згадвае тыя дні.

«Кадры з менскіх вуліцаў мяне моцна ўзрушылі. Забойства Аляксандра Трайкоўскага. Мы якраз правялі сустрэчу ў Купалаўскім, за 2 дні да гэтага, абмяркоўвалі страйк. Быў эмацыйны настрой», – кажа спадар Латушка.

Пасля нарады ў Купалаўскім дырэктар абвясціў намер зрабіць публічную заяву, што ён не падтрымлівае афіцыйнай палітыкі дзяржавы. Латушку падтрымала тэатральная каманда. У той дзень прадстаўнікі 12 менскіх тэатраў сабраліся каля Купалаўскага, каб падтрымаць пратэст.

Пазней адбылося тэлефанаванне, у якім Латушку паведамілі, што прэм’ер-міністр загадаў яго звольніць. Высветлілася, што пастанову прымалі на ўзроўні Лукашэнкі, які раней пагражаў «задушыць Латушку ўласнымі рукамі, у выпадку здрады». Былы дырэктар тэатру разумеў рызыку, з якой мог сустрэцца, асабліва з увагі на палітычныя знікненні ў краіне на мяжы 1990-х і 2000-х. Палітык згадвае, што тымі жнівеньскімі днямі некаторыя купалаўцы нават пастанавілі начаваць у ягонай кватэры, дзеля бяспекі.

Актор Аляксандр Казела на прэм’еры спектакля «Гусі-Людзі-Лебедзі». Люблін, Польшча. 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Павел Латушка згадвае, што ў гэтыя дні на будынку Купалаўскага лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Дзяржаўныя органы нават намагаліся даслаць вышку, каб зняць яго, адбываліся тэлефанаванні таксама і самому Латушку, але ён тлумачыў, што гэта выбар усяго тэатру.

Якраз у тыя дні стала вядома, што прэм’ера «Тутэйшых» на ўласнай сцэне Купалаўскага пакуль не бачыцца магчымай. Вольга Кулікоўская згадвае, што лёсавызначальным сталася паведамленне ў чаце купалаўцаў з прапановай паставіць «Тутэйшых» насуперак складанасцям, бо гэта было надзвычай актуальна.

«Мы дамовіліся зрабіць пастанову за межамі тэатру. Мы пачалі шукаць пляцоўку, ствараць новыя дэкарацыі, арганізоўваць рэпетыцыі. Гэта было і працягвае быць такім добрым іспытам. Ведаеце, раней у тэатры было 60 актораў і каля 200 іншых працаўнікоў, так бы мовіць, тылу, якія ўсе разам стваралі спектакль. А ў нашай сітуацыі людзей, якія сталі развязваць арганізацыйныя пытанні, было, ну мабыць, пяць. На вялікі лад ніхто нічога не разумеў, бо раней мы працавалі ў межах выразна акрэсленых «должностных инструкций», – кажа Кулікоўская.

Падчас рэпетыцыяў купалаўцы стварылі і ўласны Youtube-канал. Ішлі доўгія спрэчкі, быў створаны лагатып, старонкі ў сацыяльных сетках. Актор і музыка Міхаіл Зуй адзначае, што гэтыя дні сталіся сапраўды векапомнымі. Ён быў вельмі ўражаны тым, як хутка набраліся 100 000 падпісаннікаў, каб купалаўцы здолелі манетызаваць сваю творчасць і ладзіць трансляцыі. Актор расчуліўся, калі згадаў пра тую салідарнасць і падтрыманне, што выказалі людзі.

У наступным годзе актор разам з жонкай і дзецьмі пераехаў ва Украіну.

Купалаўцы за мяжой

Купалаўцы адзначаюць, што першы сезон пасля адыходу з уласнай сцэны яны яшчэ працавалі ў Беларусі, але з мінулай восені пачалі рэалізоўваць праекты за межамі. Асобныя часткі калектыву ездзілі ў Польшчу, Украіну і стваралі спектаклі дзякуючы падтрыманню партнёраў: Тэатру імя Марыі Занькавецкай у Львове, Інстытуту Гётэ ў Кіеве, Цэнтру культуры ў Любліне, Тэатральнаму інстытуту і Інстытуту Адама Міцкевіча ў Варшаве, а цяпер – Тэатру імя Юльюша Астэрвы ў Любліне.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Міхаіл Зуй распавёў, што па пераездзе за мяжу многія беларускія акторы маюць складанасці з працягам тэатральнай кар’еры. Актор разам з калегамі працягваў займацца развіццём праекту «ЧинЧинЧенэл». Гэта сатырычны праект пра жыццё двух беларускіх чыноўнікаў, што выходзіць на Youtube. Супольна з рэжысёрам Андрэем Кашперскім яны здымалі серыял «Тут быў Ленін» у Львоўскай вобласці, чым нават прыцягнулі ўвагу мясцовага аддзелу СБУ, калі паспрабавалі аднавіць савецкі антураж калі будынку гарадской рады.

Пасля 24 лютага жыццё сям’і Міхаіла крута павярнулася. Ім давялося эвакуявацца з Львова цягам 3 дзён. Стаялі ў двухдзённай чарзе з аўтамабіляў да мяжы з Польшчай.

«Падарожжа ў Польшчу было жудасным. Не магу паскардзіцца на тое, што нам прыйшлося перажыць больш пакутаў за іншых на мяжы. Проста сэрца разрываецца, калі бачыш, як людзі, якія мусілі пакінуць уласныя дамы, ідуць пешкі трасаю да мяжы і цягнуць з сабой невялікі запас рэчаў. Мы ж з дзецьмі былі ў машыне», – згадваў тыя падзеі Міхаіл Зуй.

Цяпер сям’я Міхаіла жыве ў Польшчы. Актор кажа, што па прыездзе ў гэтую краіну яго сустрэла цэлая хваля клопату, людзі нават давалі сваю кватэру для жыцця незнаёмцам.

«Мы цяпер у сітуацыі арганізацыйнай эміграцыі. Прычым двайной, бо да вайны я працавала ва Украіне. Там, у Львове нам далі пляцоўку ў Доме афіцераў. Дарэчы, дазвол атрымалі ў камандавання Сухапутных войскаў ЗСУ, бо Дом афіцэраў, нягледзячы на тое, што гэта паводле профілю культурная арганізацыя, адносіцца да Міністэрства абароны. Мне тады здалася вельмі смешнай ці сімвалічнай такая «апека» з боку ЗСУ. Цяпер, вядома, ніхто не смяецца. Рахункі нашай юрыдычнай арганізацыі ва Украіне заблакаваныя. Пачынаем практычна з нуля ў Польшчы», – апісвае сітуацыю Вольга Кулікоўская.

Таксама яна адзначыла, што гаварыць пра рэлакацыю купалаўцаў пакуль немагчыма, бо за мяжу пераехала толькі частка каманды.

Купалаўцы ў Польшчы і не толькі

«Як існуюць купалаўцы? Як нашая радзіма. Купалаўцы цяпер, як уся нашая радзіма, раскіданыя ўнутры і па-за межамі краіны. Вось адкажыце на пытанне, дзе цяпер культура Беларусі? Яна з тымі, хто ў Тбілісі, ці з тымі, хто ў Варшаве, Вільні? Ці ўсё ж такі ў Беларусі? І тут не існуе простага развязку, дакладней, увогуле яго няма ў звыклым нам разуменні. Мы не раз’яднаныя, але злучаныя не так, як былі злучаныя раней. Можна толькі сцягваць, збіраць, супрацьстаяць сілам, што раздзіраюць цяпер усё нацыянальнае, беларускае», – кажа Вольга Кулікоўская.

Акторка Зоя Белахвосцік перад прэм’ерай спектакля «Гусі-Людзі-Лебедзі». Люблін, Польшча. 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Павел Латушка распавёў, што дзеля падтрымання купалаўцаў быў праведзены цэлы шэраг сустрэчаў на ўзроўнях Міністэрстваў культураў розных краінаў і ўстановаў ЕЗ. Мэтай было знайсці фінансаванне і пляцоўкі для выступаў. Палітык адзначае, што ўрад знайшоў магчымасці падтрымаць беларускіх актораў. Меліся быць выступы ў Варшаве, Даўгаўпілсе і яшчэ шэрагу гарадоў, але праз пандэмію праекты адклаліся.

Палітык адзначае, што прапаноўваў купалаўцам пачаць працу над стварэннем адмысловай фундацыі, якая можа дапамагчы збіраць грошы на праекты і ажыццяўляць дзейнасць.

«Я гутарыў з мінулым міністрам замежных справаў Нямеччыны. Ён абяцаў падтрыманне і ціснуў руку, але не абяцаў чагось большага за некалькі выступаў. Генеральны дырэктар у справе добрасуседства ЕЗ Мацей Папоўскі таксама адзначаў, што пастанавілі павялічыць выдаткі для падтрымання культуры, хаця няпросты час. Цяпер купалаўцы вядуць працу дзеля стварэння фундацыі, што зможа развязаць многія пытанні. Купалаўцы самі змогуць прыцягваць рэсурсы», – кажа Павел Латушка.

Таксама Павел Латушка адзначыў, што пасля пераезду часткі купалаўцаў за мяжу ішло абмеркаванне пляцоўкі для выступаў, партнёрскага тэатру, фінансавання. на яго думку, праблемы паўставалі праз тое, што ўся каманда не была разам у адным месцы і нельга было фінансаваць 5 асобаў у той момант, як астатнія з’язджалі і прыязджалі, але таксама шукалі дапамогі.

На Youtube-канале Купалаўцаў можна аформіць платную падпіску і падтрымаць актораў. Скрыншот: kupalaucy / Youtube

Насамрэч працу Купалаўцаў можа падтрымаць кожны з любой кропкі свету. Для гэтага трэба ўсяго толькі зайсці на адмысловы Youtube-канал, націснуць кнопку «спансіраваць» і аформіць падпіску. Справа займае некалькі хвілін. Каманда тэатру верыць у тое, што гарызантальныя сувязі беларускага грамадства з’яўляюцца больш эфектыўнымі і значнымі для саміх беларусаў, якія могуць укладацца ў свой уласны праект.

Адна з найбольшых праблемаў за межамі, дадае Міхаіл Зуй, у тым, што акторы не могуць наўпрост займацца адной справай і мусяць яшчэ працаваць у шэрагу дадатковых праектаў. Ён падзяліўся марамі пра тое, каб купалаўцы займелі сваю ўласную сцэну, куды б можна было прыходзіць і ведаць, што там будуць выступаць улюбёныя акторы. Гэта вельмі дапамагло б камандзе тэатру здзяйсняць сваю вялікую мэту – апавядаць беларусам пра Беларусь у новым кантэксце.

Дарэчы, не так даўно Міхаіл Зуй разам з Кацярынай Ваданосавай запісаў файны кавэр на спеў «Stefania», што перамог на сёлетнім «Еўрабачанні».

«Экстрэмісцкая» прэм’ера ў Любліне

17–19 чэрвеня ў люблінскім тэатры імя Юльюша Астэрвы купалаўцы прэзентавалі пастанову «Гусі-людзі-лебедзі». Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў паспрабаваў увасобіць на сцэне частку забароненага ў Беларусі раману Альгерда Бахарэвіча. Гэта твор-антыўтопія, што расказвае пра жыццё выдуманай вёскі пасля магчымай ядравай вайны ў 2049 годзе.

Пастанова выклікала даволі вялікі ажыятаж сярод мясцовых жыхароў і беларускай дыяспары. На першым паказе ўтварылася чарга з ахвотных пабачыць спектакль.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Для гледачоў з Беларусі само месца прэм’еры было знакавым. Тэатр у Любліне спраектаваны тым самым архітэктарам Казлоўскім, што рабіў праект Купалаўскага. Усё ў будынку, ад фае да фатэляў і залы, нагадвала Менск.

Прэм’ера адбылася на беларускай мове з польскімі субцітрамі для мясцовых гледачоў. Выступ скончыўся працяглым морам авацыяў. Актораў 4 разы выклікалі на сцэну і не адпускалі. Нягледзячы нават на складанасці з разуменнем беларускіх фразеалагізмаў і сучасных культурных адметнасцяў, польскія гледачы з захапленнем успрынялі працу купалаўцаў.

Студэнт люблінскага ўніверсітэту Анджэй Пляцак пасля прагляду адзначыў, што расчуліўся ўбачаным і стаў лепш разумець тое, што адбываецца ў Беларусі, а таксама саміх беларусаў. Праз усю пастанову ён спачуваў галоўнаму герою Маўчуну і невялікай гусачцы, якую хацелі засмажыць.

Правальныя кастынгі ў Менску

У той жа момант днямі стала вядома, што дзяржаўны тэатр у Менску, які займае памяшканне Купалаўскага, спрабаваў зладзіць яшчэ адзін кастынг, ізноў без плёну. Тэатр так і не можа знайсці актораў і працаўнікоў. Чэрвеньскі кастынг быў ужо восьмым.

«Я шчаслівы ад таго, што беларускія акторы не сталіся штрэйкбрэхерамі. Я лічу, што як бы ні было супярэчліва, беларускія тэатры захавалі актуальнасць для чалавека і маюць сувязь з душамі. Я не магу зразумець, як Палякова ці Макей могуць кіраваць тэатрам. Калі хлусня жыве побач з імі. Як можа чалавек, які хлусіць, старацца дагрукацца да сэрцаў і душаў? Тыя ж, хто прыйшлі, мне іх шкада, што яны зрабілі памылку. Гэта кляймо, якое яны паставілі на сваім жыцці. Беларусы пра гэта не забудуць», – кажа Латушка.

Павел Латушка верыць, што купалаўцы вернуцца. Ён кажа, што часта ўяўляе паўнюткі Купалаўскі, дзе, як і ў найлепшыя часы, нават для яго, дырэктара, не будзе вольнага месца. Ён упэўнены, што першай пастановай пасля вяртання будуць «Тутэйшыя». Палітык нават адмовіўся глядзець пастанову на Youtube, бо верыць, што пабачыць яе на роднай сцэне.

Чаго чакаць ад купалаўцаў?

Вольга Кулікоўская кажа, што купалаўцы маюць амбітныя планы на лета і будучы тэатральны сезон.

Актор Аляксандр Зелянко перад прэм’ерай спектакля «Гусі-Людзі-Лебедзі». Люблін, Польшча. 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

26 чэрвеня на Youtube адбудзецца яшчэ адна прэм’ера ад купалаўцаў – спектакль «Дзяды», што рабілі ў Любліне, у Цэнтры культуры з рэжысёрам Паўлам Пасіні. Цяпер завяршаецца мантаж відэазапісаў.

У ліпені анансуюць навінкі паэтычнага праекту. Нам пра яго фактычна нічога не ўдалося даведацца. Для актораў ён асабліва дарагі, бо здыманне праходзіла ва Украіне, у заходняй яе частцы, на гары Гэмба.

Будзе працяг праекту «Тэатр у горадзе М. Погляд з шостага паверху», у якім збіралі і анімавалі гісторыі пра Купалаўскі тэатр.

«Ёсць мара зрабіць праект з Тэатрам драматургаў (Кіеў) і з Тэатрам польскага радыё. Гэта дакладна на наступны сезон, бо яшчэ працую над прапановай», – кажа Вольга Кулікоўская.

У жніўні, пры падтрыманні Інстытуту Адама Міцкевіча, пачнецца тэатральная рэзідэнцыя ў сценах Польскага тэатру. Там таксама адбудзецца прэмʼера.

Яшчэ купалаўцы працуюць цяпер над стварэннем медыяплатформы, што будзе развіваць беларускамоўны аўдыяпрадукт. Магчыма, яе можна будзе пабачыць і пачуць ужо ўвосень.

Фота: Карына Пашко / Белсат

Галоўнае, чаго каманда купалаўцаў жадае і чаго ад іх можна чакаць – гэта вяртанне дадому.

«Каб з’яднацца, трэба, каб была магчымасць працаваць удома, у Беларусі. Безумоўна, такая мара ёсць – гэтым і жывём», – падсумавала Вольга Кулікоўская.

Пра ўсе навіны Купалаўскага вы можаце дазнацца з іх акаўнту ў Facebook і Youtube. Вы можаце сачыць за навінкамі Купалаўскага з любога пункту свету і захоўваць з імі цяпло Беларусі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў