Былы камандзір «Азова» пра абмен палонных: Расейцы шчыра не разумеюць, навошта ім іхныя людзі


Максім Жорын, былы камандзір палка «Азоў», у ранішнім эфіры «Студыі Белсат» 20 чэрвеня заявіў, што пакуль немагчыма афіцыйна пацвердзіць звесткі, што кіраўніцтва палка цяпер застаецца ў расейскім СІЗА «Лефортава».

«Расейская Федэрацыя проста адмаўляецца афіцыйна гэта неяк пацвярджаць. Але пра тое, што кіраўніцтва «Азова», хутчэй за ўсё, вывезлі на тэрыторыю Расеі, з розных крыніцаў мы ўсё-такі пацвярджэнні на гэты момант атрымліваем», – заявіў Жорын.

На ягоную думку, азоўцаў вывезлі з мэтай спробаў вербавання і каб зрабіць «чарговыя вар’яцкія відэа».

Аналітыка
Што чакае абаронцаў «Азоўсталі», якія трапілі ў палон
2022.05.24 13:08

Жорын адзначыў, што працэс перамоваў з Расеяй адносна абмену ўсіх, хто выйшаў з «Азоўсталі», працягваецца. У межах першага этапу атрымалася ўжо тройчы абмяняцца целамі загінулых, у выніку ва Украіну вярнулі целы прыкладна траціны з тых, хто загінуў на «Азоўсталі». Таксама цяпер вядуцца перамовы пра абмен каля 70 цяжкапараненых.

«Мы маем справу з абсалютна беспрынцыповым ворагам. Гэта злачынцы, гэта нават не дзяржава. І, вядома, любыя дамоўленасці з імі заўсёды застаюцца пад пытаннем, ці будуць яны выкананыя, або не», – адзначыў былы камандзір «Азова».

Яшчэ адной праблемай у перамовах пра абмен з Расеяй ён назваў тое, што «яны шчыра не разумеюць, навошта ім іхныя людзі».

«Яны не разумеюць, навошта забіраць палонных расейскіх афіцэраў, жаўнераў і ўсіх астатніх. Яна ва ўпор не разумеюць, нашто ім целы забітых людзей, якіх яны паслалі сюды паміраць», – падкрэсліў Жорын.

На ягоную думку, ніводны расейскі афіцэр для РФ так не важны, як палонныя азоўцы. Але Украіна гатовая да таго, каб «на полі бою зарабляць моцныя пазіцыі для перамоваў за сталом, для абмену і вяртання нашых хлопцаў».

Hавiны
Палонных камандзіраў «Азова» перавезлі ў Маскву
2022.06.19 18:30
  • 16 траўня пасля амаль трох месяцаў жорсткіх баёў украінскі бок заявіў пра пачатак аперацыі для ратавання абаронцаў «Азоўсталі». На той момант ва ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі камбінату скончыліся рэсурсы для абароны, практычна не засталося вады, ежы і лекаў. Байцоў сталі раззбройваць і вывозіць з камбінату на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі.
  • Агулам у Марыупалі ў палон трапілі каля 2,5 тысяч украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку камандзір «Азова» Дзяніс Пракапенка. Палонных трымаюць на тэрыторыях, падкантрольных так званай ДНР, а таксама ў расейскіх СІЗА, хаця гэта супярэчыць Жэнеўскай канвенцыі.
  • Дэпутаты расейскай Дзяржаўнай думы заклікаюць учыніць трыбунал для байцоў «Азова», а некаторыя нават прапаноўвалі дзеля суда над азоўцамі скасаваць мараторый на смяротнае пакаранне ў Расеі. Следчы камітэт РФ паабяцаў дапытаць палонных «у межах расследавання крымінальных справаў аб злачынствах украінскага рэжыму супраць мірнага насельніцтва Данбасу».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў