Якія навіны, такія і песні. Што паслухаць пра мінулы тыдзень: Mister X, Gods Tower, «Красная зелень»…


«Белсат» пачынае не толькі здымаць і пісаць навіны, але і слухаць музыку пра іх. За пультам Алесь Наваборскі.

16 чэрвеня не стала мастака-авангардыста і барда Андрэя Плясанава. Памёр праз каронавірус пасля працяглай хваробы. Яму было 72 гады.

Галоўная пазітыўная навіна – малады менскі рок-гурт «Atesta» выдаў свой першы поўнафарматны альбом «16+». У яго ўвайшлі і новыя песні, і ўжо вядомыя, як то «+375» пра незадаволенасць жыццём у Беларусі і кавер на «Колер маёй рэвалюцыі» гурту Siver.

Галоўнай палітычнай падзеяй мінулага тыдня, падобна, стала падрыхтоўка новых санкцыяў супраць беларускіх уладаў і сустрэча кіраўнікоў ЗША і Расеі, дзе сярод іншага абмеркавалі і Беларусь. А памятаеце, з чаго гэта пачалася новая хваля санкцыяў? «Самалёт з Пратасевічам мы пасадзілі, Пратасевіча тожэ пасадзілі зацем», – пераказваюць Саўка ды Грышка голасам Лявона Вольскага.

А хочацца нагадаць, што калісьці самалёты асацыяваліся не са зняволеннем, а з воляй. Вось паслухайце, што пра палёты спяваў рэпер Vinsent у 2015 годзе.

Аляксандр Лукашэнка тым часам працягвае разгортваць «самалётны» канфлікт: цяпер хоча перастаць прымаць украінскія самалёты, якія не лятаюць у Беларусь ужо амаль месяц. А мог бы не сварыцца лішні раз з паўднёвымі суседзямі, а прыгадаць, як Вольскі ў 2004 годзе спяваў з нябожчыкам Скрабіным пра суседзяў-сусідів:

Тым часам у Беларусі больш навінаў пра няволю. За штосьці незразумелае затрымалі музыку Сяргея Верамеюка – нібы за «непадпарадкаванне». Асудзілі на 15 дзён арышту. За тры дні да затрымання ён выдаў лірычную песню пра палёты.

За штосьці невядомае затрымалі і кіраўніка мужчынскага хору «Унія» Паўла Гонцу. За што і калі суд, не кажуць, і нават жонка не ўяўляе. Застаецца толькі слухаць старыя запісы хору.

Гарадзенскі панк-музыка Ігар Банцэр на гэтым тыдні паехаў на «хімію» за тое, што зняў штаны перад міліцыянтамі. «Нету ангелов среди нас», – спяваў ён вясной 2020 года.

На «хімію» хочуць цяпер асудзіць і, бадай, самага вядомага беларускага метал-спевака: лідара «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава. Яго правіна – каментар пад відэа, у якім ён параўнаў старшыню аблвыканкаму з парсюком. Пяць гадоў таму той самы Наважылаў спяваў пра людзей, якіх неапраўдана назвалі хлусамі.

Хочуць, але наўрад ці змогуць асудзіць оперную спявачку Маргарыту Ляўчук. Супраць яе распачалі крымінальную справу за «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Гэты здзек, падобна, пабачылі ў кліпе гурту «Красная зелень», у якім Ляўчук спявае з блогерам Андрэем Павуком. Гэты кліп вам не пакажам, а тое раптам што. Але пакажам, як Ляўчук і Павук адрэагавалі на крымінальную справу.

Гурт «Laudans» на мінулым тыдні запісаў новую версію сваёй песні «Межы» і прысвяціў яе Вітольду Ашурку, які памёр за кратамі.

Дзіўная гісторыя адбылася на канцэрце гурту «Кино» ў Менску. Падчас таго, як гурт выконваў песню «Перемен», невядомыя дасталі чырвона-зялёныя сцягі. Аднаго з тых, хто гэтым абурыўся, міліцыя звяла на «прафілактычную гутарку», аднак адпусціла. Пасля слухачы расступаліся падалей ад тых, хто трымаў дзяржаўныя сцягі. А песня на канцэрце гучала так.

Дарэчы, пра пратэставыя гімны. Роўна год таму «TOR Band» выдаў кліп на песню «Мы не народец», якая стала адным з музычных сімвалаў 2020 года ў Беларусі і засталася актуальнай у 2021-м.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў