У судзе над Віктарам Бабарыкам у панядзелак пачнуцца спрэчкі бакоў


Заўтра, 21 чэрвеня, а 10-й раніцы ў судзе Маскоўскага раёну пачынаюцца спрэчкі бакоў у справе «Белгазпрамбанку», у тым ліку з удзелам Віктара Бабарыкі.

Віктар Бабарыка ў судзе Маскоўскага раёну Менску. 6 красавіка 2021 г.
Фота: viktarbabarykaofficial / Telegram

Спрэчкі бакоў будуць доўжыцца некалькі дзён. Гэта апошняя стадыя ў справе, пасля якой бок абвінавачвання запросіць у суда тэрміны для падсудных.

Віктар Бабарыка ў адным з лістоў перадаў, што ўсё яшчэ верыць у справядлівы суд, і яго не вельмі пужае вялікі тэрмін у калоніі:

«Я – наіўны чалавек і працягваю верыць у магчымасць справядлівага рашэння ў судзе, але ўсё ж мая наіўнасць – не глупства. І самы горшы варыянт я таксама разгледзеў.

Вялікі тэрмін у калоніі не самы трагічны варыянт. Тым больш што цяпер там збіраюцца не самыя дрэнныя людзі».

«Важныя не столькі ўмовы, у якіх я застаюся, колькі разуменне сваёй патрэбнасці камусьці і магчымасці дапамагаць людзям рэалізоўваць іх просьбы. Пакуль будуць тыя, каму я магу быць карысны, фізічныя ўмовы і абмежаванні – праблема вырашальная», – дадаў Віктар Бабарыка.

Артыкулы
Мінуў год з затрымання Віктара Бабарыкі
2021.06.18 10:23

Віктар Бабарыка кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, але сышоў з пасады, каб узяць удзел у выбарах. Пра свой удзел ён абвясціў 12 траўня 2020 года. На той момант яму было 56 гадоў. У часе кампаніі за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам былі сабраныя 434 тысячы подпісаў пры неабходных 100 тысячах. Аднак зняволенага не зарэгістравалі кандыдатам.

Віктара Бабарыку вінавацяць у легалізацыі грошай, атрыманых злачынным шляхам, праз дзейнасць «Белгазпрамбанку», а таксама ў даванні хабару і ўхіленні ад сплаты падаткаў.

Артыкулы
Бабарыка з СІЗА даў інтэрв’ю расейскаму РБК: Румынскі сцэнар змены ўлады магчымы
2021.06.18 15:13

АД, belsat.eu

Стужка навінаў