Ратавальнікі далі парады, як паводзіцца падчас спякоты


Паводле прагнозаў сіноптыкаў бліжэйшыя дні максімальная тэмпература паветра днём будзе +30–32 градусы. Па ўсёй краіне аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

У сувязі з гэтым ратавальнікі рэкамендуюць як мага менш заставацца пад прамымі сонечнымі праменямі, асабліва з 12:00 да 16:00, калі сонца найбольш актыўнае.

Якія яшчэ парады даюць ратавальнікі ў спёку?

  • Пазбягаць прамых сонечных праменяў і спіртнога

Калі перабыванне на сонцы непазбежнае, рэкамендуецца абараняць цела ад сонечных праменяў. Лепш выкарыстоўваць закрытую адзежу з натуральнай тканіны і сонцаахоўныя крэмы. Піць больш вадкасці, але не спіртное. У спякоту дзеянне алкаголю ўзмацняецца, і арганізм робіцца больш адчувальным да высокай тэмпературы. Рэкамендуецца піць астуджаную ваду, зялёны чай, квас.

  • Адкласці доўгія паездкі

Варта па магчымасці абмежаваць працяглыя паездкі на аўтамабілі. Калі такой магчымасці няма, будзьце максімальна ўважлівымі на дарозе, бо падчас спякоты можа пагоршыцца самаадчуванне, увага рассяродзіцца, а рэакцыя замарудзіцца.

Не пакідайце дзяцей у салоне прыпаркаванага аўтамабіля нават на непрацяглы час. Ва ўмовах спёкі гэта можа спрычыніцца да непрытомнага стану дзіцяці.

  • Старанна выбіраць месца для купання

Калі вы плануеце адпачынак каля вады, выбірайце спецыяльна дазволеныя месцы, у тым ліку, дзе дзяжураць работнікі Таварыства выратавання на водах. Дно вадаёма павінна быць чыстым і неглыбокім, без карчакоў, багавіння і ілу. Паглядзіце – ці няма бітага шкла, вострых камянёў і іншых небяспечных прадметаў. Назірайце за дзецьмі, калі яны гуляюць на беразе, не выпускайце іх з вока.

  • Разводзіць вогнішча толькі ў адведзеных месцах

Разводзіць вогнішчы і смажыць шашлыкі неабходна ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Іх спіс вызначаюць мясцовыя органы ўлады. Калі гаворка ідзе аб лецішчы ці прыватным доме, то перш за ўсё трэба пераканацца, што месца для мангалу і вогнішча бяспечнае, выключае трапленне іскраў і полымя на гаручыя элементы збудаванняў.

Паклапаціцеся пра тое, каб паблізу не было сухіх галінак і ўсяго таго, што можа лёгка загарэцца. Ну і, вядома, мангал або вогнішча нельга пакідаць без нагляду, у тым ліку на апеку дзяцей. Па заканчэнні працэсу гарэння рэшткі падпаленых матэрыялаў павінны быць патушаныя да поўнага спынення тлення.

Таксама ў некаторых раёнах краіны ўведзена забарона на наведванне лясоў.

Hавiны
У Беларусі праз спёку абвясцілі памаранчавы ўзровень небяспекі. Спіс месцаў, дзе нельга купацца
2021.06.19 14:47

АД, belsat.eu

Стужка навінаў