У Віцебску завяршыўся працэс у справе чатырох удзельнікаў «экстрэмісцкіх перформансаў»


У судзе Віцебскага раёну завяршыўся судовы працэс над палітвязнямі Ірынай Пярцовай, Арцёмам Латышавым, Кацярынай Макарэвіч і Юліяй Лабуновай. Ім прысудзілі ад двух да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі, паведамляюць чытачы belsat.eu.

Злева направа: Кацярына Макарэвіч, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Юлія Лабунова.
Фота: «Наша ніва»

Усе чацвёра былі затрыманыя ў верасні 2021 года і 7 месяцаў да суда правялі ў Віцебскім СІЗА. Іх судзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: ч. 2 арт. 339 («Злоснае хуліганства»); ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); арт. 341 («Псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства»). У прыватнасці, іх вінавацілі ў датычнасці да удзелу ў псаванні банэра з выявамі супрацоўнікаў ДАІ, інсцэнізацыі «пахавання Аляксандра Лукашэнкі» на віцебскіх могілках «Арэхава», дэманстратыўным спаленні дзяржаўных газетаў і ў тым, што яны разбілі імправізаваны тэлеэкран з наклееным партрэтам Грыгорыя Азаронка.

У выніку суддзя Міхаіл Зубеня асудзіў Арцёма Латышава на 4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Кацярыну Макарэвіч – на 3 гады і 6 месяцаў, Юлію Лабунову – на 3 гады і 6 месяцаў, Ірыну Пярцову – на 2 гады.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі знаходзіцца 1201 палітычны зняволены.

Hавiны
Сына следчага з Жодзіна абвінавачваюць у перадачы каналу «NEXTA» службовага дакументу бацькі
2022.05.20 15:38

belsat.eu

Стужка навінаў