«The Wall Street Journal»: «ЗША могуць перагледзець беларускія санкцыі ўзамен на транзіт украінскага збожжа»


19 траўня Рада бяспекі ААН абмеркавала пытанне харчовай бяспекі ў 2022 годзе. У цэнтры дыскусіі стаяла пытанне экспарту ўкраінскага збожжа, якое ў выніку расейскай агрэсіі засталося заблакаваным. Чарнаморскія парты пакуль не могуць выконваць сваіх функцыяў. Такім чынам, у ААН адзначылі, што гэтая сітуацыя можа выклікаць голад у краінах трэцяга свету, куды раней Украіна экспартавала збожжа. У Радзе бяспекі ААН пастанавілі разгледзець магчымасць чыгуначнага транзіту тавару праз Беларусь, паведамляе «The Wall Street Journal».

Поле са збожжам.
Фота: АЗ / Белсат

Тэма экспарту ўкраінскага збожжа зрабілася ў чацвер прадметам дыскусіі ў Радзе бяспекі ААН. У паседжанні ўзялі ўдзел генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Ва ўкраінскіх зернясховішчах захраслі 20 млн тонаў збожжа. Без яго цэны на харчы вырастуць. Для насельніцтва краінаў Захаду гэта не крытычна, але рост цэнаў на ежу ў такіх краінах, як Егіпет, Марока, Пакістан і іншыя, можа прывесці да крызісу.

«Мы працуем над дасягненнем такога пакетнага пагаднення, якое дазволіць экспарт сельгаспрадукцыі Украінай не толькі чыгуначным шляхам, але і праз Чорнае мора, і выведзе расейскія прадукты харчавання і ўгнаенні на сусветныя рынкі без усякіх абмежаванняў», – паведаміў Гутэрыш.

Аднак дыпламаты кажуць, што Расея не ідзе на сутнасны кантакт у пытанні дэблакады чарнаморскага ўзбярэжжа Украіны.

Расейскі карабель на вучэннях.
Фота: mil.ru

Вось чаму ўчора Вашынгтон абмяркоўваў пытанне перадачы Украіне амерыканскіх супрацькарабельных ракетаў «Гарпун» ды іншай зброі, якая дазволіла б украінцам расчысціць марскія шляхі да Адэсы. Адначасова ўчора стала вядома, што Францыя размесціць непадалёк Канстанцы ў Румыніі супрацьпаветраны комплекс «Мамба» радыусам дзеяння каля 100 км.

Адначасова ўлады ЗША разглядаюць транзіт украінскага збожжа праз Беларусь як альтэрнатыву. Улады ЗША прапануюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектару, калі Менск пагодзіцца на транзіт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю. Ідэя палягае ў транспартаванні збожжа з Украіны чыгункай праз Беларусь да порту ў Клайпедзе (Літва).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: «Наша Ніва»

Заходнія краіны ўнеслі ў санкцыйны спіс кампанію «Беларуськалій» – аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў у свеце – у 2021 годзе, у адказ на фашызацыю рэжыму ў Беларусі і спробы дэстабілізаваць еўрапейскія краіны праз плынь мігрантаў. Пазней пад абмежаванні трапіла і «Беларуская калійная кампанія». Аднак рэальна санкцыі супраць беларускага калію запрацавалі толькі ў лютым 2022 года, калі Літва спыніла транзіт гэтай сыравіны, што закрыла яе шлях на рынкі. І гэта самыя балючыя санкцыі, якія ўводзіліся супраць рэжыму.

«The Wall Street Journal» адзначае, што беларускага шляху ўсё ж такі недастаткова для транспартавання тых аб’ёмаў збожжа, што экспартуе Украіна, якая апошнія гады збірае вялізныя ўраджаі. Уявіце сабе, што Украіна ў 2021 годзе сабрала каля 107 млн тонаў збожжа проці прыкладна 7 млн тонаў, якія сабрала Беларусь. Чыгункаю можна будзе перавезці толькі 10 % даваенных экспартавых абʼёмаў збожжа з Украіны.

Чыноўнікі ААН таксама мяркуюць, што вяртанне беларускага і расейскага калію на рынак будзе важным для захавання ўраджайнасці ў розных краінах свету. Заходнія дзяржавы заяўляюць, што санкцыі супраць Расеі не закранаюць угнаенняў, сельгаспрадукцыі ды іншых сфераў, якія маюць харчовае і гуманітарнае значэнне.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў