Сам-насам з тыранам. Беларусы перамогуць рэжым Лукашэнкі без дапамогі звонку?


Прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў у Беларусі часта папракаюць за чаканне вонкавага пераадолення ўнутрыпалітычнага крызісу. Але ці магчыма высілкамі толькі беларусаў перамагчы дыктатуру?

Масавыя пратэсты, якія адбываліся пасля прэзідэнцкіх выбараў улетку і ўвосень 2020 года, не дасягнулі галоўнай мэты – адхілення ад улады рэжыму Лукашэнкі. Нягледзячы на тактычную перамогу ўладаў, унутрыпалітычны крызіс і праз 2 гады пасля апісаных падзеяў не быў развязаны.

Больш за тое, крызіс (не толькі палітычны, але і эканамічны, сацыяльны) працягвае паглыбляцца. Гэтаму асабліва паспрыяў пачатак вайны ва Украіне. Таму сярод палітычных і грамадскіх дзеячаў трывае дыскусія пра кароткае, але адначасова вельмі складанае пытанне: што беларусам рабіць далей? Адказы могуць быць розныя.

«Мне вельмі не падабаецца пасыл «акрамя беларусаў, ніхто не развяжа іхнай праблемы». Можна, вядома, паспрабаваць жыць у XIV стагоддзі, адгарадзіцца ад усіх і сядзець з коп’ямі. Але гэта не працуе. Калі б Украіна казала, што «толькі Украіна можа [з вайною. – Заўв. belsat.eu] справіцца», то з чым бы яна ваявала? Толькі пастаўка зброі ўтрымлівае ўкраінскае войска ў тонусе. Таму альбо мы кажам пра партнёраў, альянсы, ціск, альбо «мы самі справімся». Не, не справімся», – кажа грамадскі дзеяч, кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Спадар Халезін дадае, што без развязвання геапалітычнага вузла Расея – Украіна – Беларусь пераадоленне ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі немагчымае. Таму параза Украіны ў вайне будзе азначаць аўтаматычную паразу і Беларусі перад Расеяй, якая адбудзецца ўжо без баявых дзеянняў.

План: Б
Лукашэнка дае задні ход і хоча перамоваў
2022.04.27 15:35

З такім меркаваннем не згодная метадолаг Святлана Мацкевіч:

«Калі гавораць, што геапалітычны канфлікт павінен сам неяк вырашыцца, гэта сітуацыя, калі ўсё неяк павінна без нас развязацца».

Спадарыня Мацкевіч настойвае, што пераадолець палітычны крызіс могуць толькі перамовы: без гэтага ці хаця б без спробаў перамовіцца змяніць сітуацыю ў Беларусі немагчыма.

«На сёння батальён Каліноўскага не той палітычны субʼект, які можа пераадолець унутраны канфлікт у Беларусі. Выхад на маршы не развязаў гэтай сітуацыі. Гэтага недастаткова. Дынаміка на полі бою ці нават на мірным пратэсце не дазваляе развязаць сітуацыі. Яе пачынаюць развязваць палітыкі праз перамовы, і для гэтага патрэбная субʼектнасць. Хтосьці з кімсьці павінен пачынаць перамовы, і калі з тым бокам зразумела, з кім размаўляць, то не зразумела, з нашага боку з кім размаўляць. І гэта праблема дэмакратычных сілаў», – адзначае Святлана.

Таксама ў праграме:

  • Літасці не будзе. Батальён Каліноўскага рыхтуе свой план адхілення Лукашэнкі ад улады
  • Нашая хата не з краю. Вайна ва Украіне можа перакінуцца і на Беларусь
  • Перамовы вялі нават з «Талібанам». Ці ёсць сэнс весці перамовы з рэжымам?

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

Стужка навінаў