Этап, горш за які няма: што хаваецца за мурамі гарадзенскай турмы

З 18 траўня ў гарадзенскай турме № 1 судзяць 12 асобаў, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча і вінавацяць у тэрарызме. «Белсат» пагутарыў з былымі палітзняволенымі, якія раней прайшлі праз гэтую турму, як наладжаны побыт за кратамі і якімі мясцовымі правіламі кіруюцца адміністрацыя ды асуджаныя.

Мікалай Аўтуховіч на выхадзе з гарадзенскай турмы ў 2014 годзе. Фота: Радыё Свабода»

«Гатэль, дзе заўсёды ёсць вольныя месцы», – так кажуць пра гэтую турму яе працаўнікі. Зазірнем у змрочныя камеры і паглядзім, як жывуць мясцовыя арыштанты і што дапамагае ім выжыць.

зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя вязні. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае побыт за кратамі, але пры дапамозе тых, хто ўжо адседзеў, мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Гарадзенская турма складаецца з двух асобных будынкаў: «амерыканка» і «бастыён». Яны злучаныя калідорам, таму з аднаго ў другі можна прайсці, не выходзячы на двор.

«Амерыканка» складаецца з трох паверхаў і выглядае прыкладна так, як выглядалі турмы ў амерыканскіх фільмах 1990-х гадоў. У ёй малыя камеры, прыкладна на 6,5 кв. м. У іх стаяць двух’ярусныя нары (адпаведна чатыры «шконкі» – ложкі), размяшчаюцца ўнітаз («дальняк»), умывальнік («мыльніца») і шафа для ежы («лядоўня»). Гараць цьмяныя лямпачкі, з акна дзённае святло амаль не паступае, таму ў камерах практычна заўсёды паўзмрок.

Плюс у тым, што там толькі чацвёра асобаў, таму гэтыя камеры лічацца найбольш камфартабельнымі. Мінус – у камеры практычна немагчыма рухацца, рабіць фізічныя практыкаванні. Там вельмі вільготна, на сценах і столі – чорна-зялёная цвіль. Паветра – як у сырым сутарэнні, ім цяжка дыхаць. З восені ў камерах робіцца вельмі холадна.

«Бастыён» – стары будынак, у якім раней былі келлі манахаў-езуітаў. Камеры тут большага памеру, на 8 месцаў, ёсць магчымасць рухацца і займацца спортам. Пасярод камеры стаіць «дубок» (стол) з дзвюма лавамі.

Ад паўстанцаў Каліноўскага да актывістаў Ціханоўскага: гісторыя гарадзенскай турмы

Самае непрыемнае месца ў плане побыту – «каранцін». Гэта тая ж камера ў «амерыканцы» на 6,5 кв. м., куды засяляюць асобаў, якіх аднекуль этапуюць у турму або перад перасяленнем у іншую «хату» (арыштантаў перыядычна перасяляюць з камеры ў камеру, каб у адной «хаце» не наладжваліся ўстойлівыя сувязі). Часам у «каранціне» могуць размяшчацца адначасова 11 чалавек.

Яшчэ адно вельмі непрыемнае месца ў турме – «шклянкі». Гэта памяшканне без вокнаў, 2 х 3 м, наглуха закрытае. Туды перад этапам набіваюць чалавек 20, 3-4 гадзіны чалавек мусіць стаяць, бо сесці немагчыма. Без паветра: галава кружыцца, ногі падкошваюцца. Некаторыя падаюць.

Для парушальнікаў рэжыму ёсць штрафны ізалятар, або карцар. Гэта невялікае памяшканне з дашчанаю падлогаю, маленькім сталом, адкіднымі нарамі і дзіркай у падлозе замест прыбіральні. Садзяць сюды на тэрмін да 15 дзён для «выхавання» і «выпраўлення». Прайшоўшы некалькі разоў праз ШІЗА, можна забыцца пра сваё здароўе.

Сённяшні ліміт напаўнення камераў – тысяча зняволеных, што амаль удвая больш, чымся ў савецкі час. Запоўненая турма на 60 %.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Побыт

У вязняў узнікае шмат складанасцяў побытавага плану: напрыклад, у камерах забаронена мець вострыя прадметы, нават нажніцы выдаюць толькі тупыя, імі немагчыма абрэзаць пазногці. Голяцца арыштанты бяспечнымі аднаразовымі станкамі або электрабрытвамі.

У турме не дазваляюць карыстацца звычайнымі лыжкамі, акрамя прыёмаў ежы паводле раскладу. А гэта значыць, што вязні не могуць ні размяшаць цукру ў гарбаце, ні зʼесці ўласнай ежы, якую перадаюць родныя.

Арыштанты выдатна ўмеюць рабіць розныя побытавыя рэчы з таго, што ёсць пад рукою. Нож у камеры не дазволены, але вязні і садавіну ды гародніну наразаюць, і бляшанкі адкрываюць. Як? Бляшанкі адкрываюцца двума спосабамі. Першы – аб дзверы «лядоўні», гэта металічная шафа, дзе захоўваюцца прадукты. Там металічныя дзверы таўшчынёю некалькі міліметраў, б’еш аб іх і пракручваеш бляшанку. Другі спосаб – церці аб кафлю. Ад бляшанкі пасля можна адарваць металічны кругляк і зрабіць з яго разак: кляпаеш, каб ён быў тонкі і роўны, точыш аб сцяну ці камень, калі выходзіш на шпацыр, там ёсць прыдатныя для гэтага грубыя каменныя муры.

Яшчэ можна разабраць брытву і рэзаць нешта лязом. Калі штосьці тонкае, можна рэзаць ніткаю. Вяроўкі ў камеры таксама не дазволеныя, але вязні робяць іх, каб сушыць адзенне. Напрыклад, з пакетаў ад хлеба.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

У душ можна схадзіць усёй камераю раз на тыдзень. Але калі цябе з той ці іншай прычыны не будзе ў камеры (напрыклад, выклікалі на «кабінеты» – сустрэчу з адвакатам або следчым), у душ ты не трапляеш і давядзецца чакаць яшчэ тыдзень.

Адміністрацыя турмы ды іншыя вязні

Вертухаі ды адміністрацыя турмы самі не да канца разумеюць, як ставіцца да палітычных. З’явілася цэлая праслойка такіх арыштантаў, якая ўжо досыць вялікая, каля 10–15 %. У асобных людзей негатыўнае стаўленне да палітзняволеных. Але ёсць і тыя, хто спрабуе нечым дапамагчы. Шмат хто ў адміністрацыі пераходзіць у размовах на беларускую мову.

Іншыя арыштанты таксама пакуль не вельмі разумеюць, з кім цяпер маюць справу. У гэтым асяроддзі ёсць такое правіла: не кранаць палітыкі. Але палітычныя навіны там усё роўна абмяркоўваюцца, і пэўная палітызацыя ўсё ж адбываецца.

Большая частка кантралёраў у турме – цалкам адэкватныя людзі. Але ёсць і тыя, для якіх зняволены – ніхто. Яны самасцвярджаюцца, зневажаючы арыштантаў, здзекуючыся з іх. Напрыклад, могуць нацкаваць сабаку, і ён укусіць. З медыцынай у турме вялікія праблемы: часам дапамогі даводзіцца чакаць некалькі дзён. І ўкус сабакі нікога з адміністрацыі хваляваць не будзе. А падлячыць зубы ў турме дык увогуле немагчыма.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Адміністрацыя турмы імкнецца шчыльна кантраляваць сітуацыю ў камерах. Для гэтага звычайна падсаджваюць «качак», якія зліваюць адміністрацыі ўсю інфармацыю.

Нават у межах таго, што ёсць, адміністрацыя турмы можа стварыць вязню розныя ўмовы: можна чалавека пасадзіць у халодную і сырую камеру, а можна пасадзіць у больш светлую і сухую. Аператыўны аддзел вызначае, у якую камеру чалавек трапіць і якія ў яго будуць суседзі. Ад гэтага дастаткова шмат залежыць.

У турме вязня могуць «прэсаваць» – не даваць спаць. Калі чалавек тры дні не спіць, з яго можна віць вяроўкі. Часам на такія здзекі паступаюць замовы ад следчых, каб развязаць язык падследнаму. Для такіх мэтаў у камеры падсяляюць «кумаўскіх» – гэта зэкі, якія працуюць на адміністрацыю, або пераапранутыя міліцыянты. Іхная мэта – правакаваць на канфлікт, бойку, не даваць спаць. Яны ўначы гучна размаўляюць, спецыяльна накурваюць памяшканне і г. д. Адміністрацыя турмы, зразумела, на гэта ніяк не рэагуе.

Былыя вязні распавядаюць, што сярод вязняў у турме фармуецца зэкаўская эліта, падкантрольная турэмнай адміністрацыі. Ніхто ў турме проста так не можа ўсталяваць сваіх правілаў і законаў.

У гарадзенскай турме пераважна сядзяць асобы, асуджаныя за асабліва цяжкія злачынствы. Калі вязень праблемны, то ў выніку ён трапляе сюды. Гэта апошні этап, горш за які няма.

Ежа

Адна з надзённых праблемаў у турме – недастатковае харчаванне. Адмысловы рэжым прадугледжвае абмежаванні на перадачы. Фактычна чалавек абмежаваны турэмным пайком, які там завуць «палажняк» – гэта тое, што належыць выдаваць. А наесціся ўволю турэмнай ежай нерэальна.

Зранку – каша, на абед – часцей макарона ці бульба. Амаль няма мяса. З такой ежаю не памрэш, бо яе дастаткова, але яна не карысная: толькі вугляводы, няма бялкоў, нармальных тлушчоў, садавіны і гародніны.

Рэжым у турме

Дзень у вязняў пачынаецца а 6:00 з пад’ёму, праз 10 хвілінаў – сняданак, а 12:00 – абед, а 18:00 – вячэра. Цягам дня – шпацыр, звычайна на гадзіну. Удзень спаць нельга, за гэтым сочаць ахоўнікі. Прагулачныя двары вельмі малыя і ўяўляюць сабою тыя ж камеры: 3 х 4 м, толькі пад густою сеткаю з кратамі, праз якую відаць неба. Яны месцяцца над камерамі, на даху турмы.

Тэлефанаваць вязням турмы не дазваляюць, бо гэта ўстанова строгага рэжыму. Сустрэча з роднымі – раз на паўгода, не больш за 2 гадзіны, праз шкло. Размаўляюць зняволеныя з роднымі праз адмысловы тэлефон пад наглядам ахоўнікаў.

Камунікацыя паміж вязнямі

Арыштанты камунікуюць паміж дворыкамі падчас шпацыру. Грукаеш у сценку і пытаеш, якая камера гуляе. Калі ты ведаеш, што там ёсць твой знаёмы або ў суседняй камеры з тою, што гуляе, перадаеш прывітанне.

У камерах «амерыканкі» сцены не вельмі тоўстыя, можна паразмаўляць проста праз іх, прыкладваючы вуха або «кругаль» (кубак). Стук у сцяну мае пэўнае значэнне. Калі выклікаеш кагосьці, грукаеш у сцяну некалькі разоў; калі ставіш размову на паўзу, бо, напрыклад, падыходзіць вартаўнік, стукаеш адзін раз; калі канчаеш размову, грукаеш двойчы.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Таксама можна камунікаваць паміж камерамі, якія месцяцца адна над адною, з дапамогай умывальніка ці ўнітаза. Так арыштанты нават гуляюць у шахматы паміж камерамі.

Што дапамагае выжыць у турме

У турме ёсць пісаныя і няпісаныя правілы, якія дапамагаюць выжыць. Вельмі жорстка тут спыняецца «крысятничество», калі ў камеры нехта крадзе рэчы іншых арыштантаў. Нармальныя асуджаныя сочаць за чысцінёй у камерах. Калі чалавек зайшоў у камеру і плюнуў, ён павінен быць пакараны. Хоць ёсць і такія, хто да анучы і не дакранецца – «не камільфо».

У турме нельга нічога прасіць: можна штосьці самому даць або агучыць, што табе нешта трэба, і хтосьці на гэта адгукнецца.

Зэкі, якія ўжо доўга сядзяць, вельмі ветліва камунікуюць адно з адным. Тут не прынята моцна мацюкацца. Як правіла, вязні не лезуць у чужыя справы. Калі толькі гэта не «кумаўскія»: яны адразу ж выведваюць, хто ты, чым дыхаеш.

Што дапамагае трымацца ў турме? Сфармулявалі 6 правілаў:

  1. Правільны настрой. Важна не спадзявацца, што раптам адбудзецца цуд і ты пойдзеш дадому. А таксама разумець каштоўнасць свайго жыцця, бо без гэтага ў пэўны момант можна перастаць змагацца.
  2. Гумар. Без яго там складана. У турме абвастраюцца пачуцці, і нават драбніца можа падацца смешнаю.
  3. Трэба паводзіцца цвёрда, але не выклікаць агрэсіі ні паводзінамі, ні словамі. Звонку трэба быць прыемным чалавекам з гумарам, але моцным унутры, умець абгрунтавана абараняць сваю пазіцыю і каштоўнасці.
  4. Да словаў у турме трэба ставіцца асцярожна. Трэба думаць, што кажаш, бо, напрыклад, чорт у турме – гэта не казачны персанаж, а певень – не проста хатняя птушка.
  5. Не дыстанцыявацца ад турэмнай культуры. Трапіўшы ў турму, трэба жыць паводле яе правілаў. Але пры гэтым заставацца сабой і абараняць свае прынцыпы.
  6. І традыцыйнае, але самае важнае: не вер, не бойся, не прасі.

«Акенца – тры кубікі армаванага шкла і труба для паветра». Былы палітвязень пра турму № 4 у Магілёве

СП belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны