Былы віцэ-прэм'ер РФ: Расею трэба знясіліць эканамічна, каб яна не ўяўляла сабой пагрозы


Сёння ў Вільні, падчас другой антываеннай канферэнцыі, арганізаванай форумам «Свабоднай Расеі», было абвешчана аб стварэнні апазіцыйнай кааліцыйнай структуры «Расейскі камітэт дзеяння», якая выступае супраць развязанай Пуціным вайны ва Украіне.

У канферэнцыі прыняў удзел расейскі апазіцыйны палітык і экс-віцэ-прэм’ер Расеі Альфрэд Кох. «Белсат» пагаварыў з палітыкам пра крокі, якія змогуць аслабіць Расею і чаму ў Лукашэнкі няма станоўчых перспектыў.

Альфрэд Кох.
Фота: rufabula.com

Паводле слоў палітыка, цяпер Расея ўяўляе сабой пагрозу перш за ўсё з-за свайго вялізнага ядзернага патэнцыялу і гатоўнасці весці буйнамаштабную вайну. Магчымасць моцна паслабіць яе, калі не цалкам ухіліць, атрымацца толькі ў выніку поўнага эканамічнага знясілення Расеі.

«Хуткая вайна, нават паспяхова скончаная для Украіны – гэта эканамічна амаль не паслабіць Расею, яна кансалідуецца і будзе яшчэ злей і небяспечней. Таму Захад, відаць, абраў іншую стратэгію на выматванне ў доўгай і знясільваючай вайне Расеі, каб яна эканамічна аслабла настолькі, каб не ўяўляла сабой той пагрозы, якую ўяўляе зараз», – кажа Альфрэд Кох.

Па прагнозах Мінэканомікі Расеі гэты і наступны год будуць зусім не радасныя для Расеі. «Гэта першы вынік санкцыяў. Расея будзе падаць мінімум два гады, магчыма і даўжэй, у залежнасці ад таго, як далей будзе развівацца санкцыйная палітыка: ці будзе эмбарга на нафту ці газ», – запэўнівае палітык.

На яго думку, пасля ўводу санкцый і сыходу многіх замежных кампаній з расейскага рынку, краіна не зможа наладзіць імпартазамяшчэнне. «Цяпер нацыяналізавалі заводы Рэно, але што яны там збіраюцца на іх вырабляць? Масквіч?», – задаецца пытаннем экс-віцэ-прэмʼер Расеі.

Што датычыцца Лукашэнкі, то на думку Кахо, яго манеўры, нават калі яны заўважныя няўзброеным вокам, нейкім чынам не змогуць яго выратаваць: «Ён сябе на адну дошку з Пуціным паставіў раней, чым пачалася вайна. Яшчэ разгонамі мітынгаў два гады таму ён усё пра сябе Захаду распавёў. Таму ў яго няма добрых перспектыў. І калі абрынецца рэжым Пуціна, то разам з ім абрынецца і рэжым Лукашэнкі».

«Пуцін ваюе супраць любых праяваў свабоды, ён баіцца калі ягонае ўласнае насельніцтва ўбачыць, што, аказваецца, можна па-іншаму. Што такія ж як яны, беларусы і ўкраінцы, пабудавалі свабоднае дэмакратычнае грамадства і жывуць у ім. Гэта і выклікае галоўную лютасць Пуціна ў адносінах да ўкраінцаў».

На думку Альфрэда Коха, Пуцін лічыць рускіх і ўкраінцаў адным народам і ён не можа дазволіць адной частцы адзінага народа жыць свабоднымі, у той час як другую частку ён падмяў пад сябе.

ПраСвет
У расейскім войску ўсё дрэнна. Камандуе асабіста Пуцін? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2022.05.20 16:41

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў