Анджэй Дуда мяркуе, што Расея не зможа напасці на Польшчу, а Украіна верне тэрыторыі


Прэзідэнт Польшчы ў інтэрв’ю Польскаму прэсаваму агенцтву падзяліўся меркаваннем пра магчымую інтэрвенцыю Расеі і прагнозам адносна заканчэння вайны ва Украіне. Палітык адзначыў, што лічыць напад Расеі на Польшчу малаімаверным, і выказаў спадзяванне, што Украіна з дапамогай саюзнікаў зможа вызваліць акупаваныя раней тэрыторыі.

Анджэй Дуда.
Фота: censor.net

Анджэй Дуда назваў напад Расеі малаімаверным, бо агрэсія супраць аднаго чальца NATO прывядзе да вайны з усім Альянсам.

«Вядома, патэнцыйная пагроза ўсё яшчэ існуе. Але варта адзначыць, што ў Польшчы больш за 10 тысяч салдатаў найбуйнейшага войска свету – самага магутнага, самага лепшага і з самым сучасным узбраеннем. Гэтыя вайскоўцы маюць досвед баявых дзеянняў. У нас таксама ёсць амерыканская інфраструктура, цяжкае ўзбраенне, СПА. Частка тэрыторыі Польшчы ўжо абароненая амерыканскімі сістэмамі «Patriot», – адзначыў Анджэй Дуда.

Таксама палітык дадаў аптымістычны прагноз адносна заканчэння вайны ва Украіне і запэўніў суседнюю краіну ў падтрыманні.

«Я хацеў бы, каб вайна скончылася тым, што Украіна верне ўсе свае тэрыторыі ў міжнародна прызнаных межах. Гэта вельмі важна для агульнай бяспекі Еўропы і для будучыні, бо ў палітычным значэнні гэта азначала б перамогу Украіны ў вайне», – заявіў Анджэй Дуда.

Нагадаем, што ідзе 86-ы дзень вайны ва Украіне. 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў аб пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі», мэтамі якой былі звяржэнне ўраду Украіны, захоп Кіева і дэмілітарызацыя краіны.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў