Адзіны выгадны спосаб перасылаць грошы з-за мяжы – перадаваць наяўныя праз падарожнікаў


Беларусы, якія жывуць і працуюць за мяжой, сутыкнуліся з праблемай: зрабілася складана пераслаць грошы сваім родным і блізкім. Пасля таго, як краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць Расеі і Беларусі, бадай, адзіным надзейным спосабам застаецца перадача наяўных праз асобаў, якія едуць у Беларусь.

Фота: Belsat.eu

Папулярныя раней сэрвісы для пераводу грошай у Беларусь губляюць сваю прывабнасць. Яшчэ ў пачатку бягучага года грамадзяне нашай краіны, якія працуюць за мяжой, маглі скарыстацца сэрвісамі «Paysend», або «Revolut». Гэтыя дадаткі дазваляюць перасылаць грошы ў Беларусь і сёння, але ёсць шэраг момантаў.

«Paysend»

Дадатак «Paysend» праз хуткасць і даступнасць быў адным з самых папулярных для пераводу сродкаў з-за мяжы. Грошы пасля пераводу з’яўляліся даволі хутка. Курсы валютаў былі камерцыйнымі і задавальнялі карыстальнікаў. Але цяпер гэтыя дадатныя моманты страцілі актуальнасць.

«Я тыдзень таму пераводзіў 400 польскіх злотых праз «Paysend». Дадатак цяпер канвертуе польскую валюту ў долары ЗША. На той момант атрымалася 87,80 долара. А ў Беларусі родныя атрымалі ўсяго 221 рубель», – распавядае чытач «Белсату».

Курс канвертацыі праз «Paysend» страціў сваю прывабнасць. Скрыншот / paysend.com

Пры гэтым наш суразмоўца кажа, што высланая сума без дадатковых канвертацыяў склала б 293 беларускія рублі. Страты пры пераводзе ў нашага чытача склалі больш за 70 рублёў, гэта звышнявыгадна.

«Revolut»

Сэрвіс «Revolut» пасля расейскага ўварвання ва Украіну перастаў пераводзіць грошы ў Беларусь. Кампанія прыпыніла сваю працу ў нашай краіне. Але карыстальнікі звярнулі ўвагу, што грошы з замежнага рахунку можна пераводзіць на картку «Revolut», а з яе – на сэрвіс «МТС грошы». Пазней наяўныя можна выводзіць праз сэрвіс АРІП у любы беларускі банк.

Фота: revolut.com

Але літаральна некалькі дзён таму карыстальнікі заўважылі, што курсы канвертацыі рэзка страцілі сваю прывабнасць. Раней сэрвіс выстаўляў курс блізкі да таго, што вызначаў Нацыянальны банк Беларусі. Але цяпер пры выкарыстоўванні дадатку значная частка грошай губляецца.

Hавiны
Сэрвіс «Revolut» перастаў пераводзіць грошы ў Расею і Беларусь
2022.03.04 17:15

Перадача наяўных

Складаны з гледзішча часу і высілкаў на пошукі спосаб перадачы наяўных родным праз асобаў, якія вяртаюцца ў Беларусь. Але з улікам таго, што цяпер вельмі шмат грамадзянаў нашай краіны працуюць у Еўропе, гэты спосаб прымальны. Пры ім людзі не губляюць сродкаў і няма ніякай канвертацыі. Адшукаць асобаў, якія павязуць вашым родным грошы, не так і лёгка, але перадачы ў Беларусь праз падарожнікаў сталі даволі папулярнымі.

Аплаты замежнымі карткамі ў Беларусі

Чытачы «Белсату» таксама звяртаюць увагу, што ў еўрапейскіх банках ёсць магчымасць зрабіць некалькі картак да свайго рахунку. Адну з картак можна перадаць сваім родным у Беларусь, дзе ёю можна карыстацца. Здымаць наяўныя з такіх картак не вельмі выгадна, паколькі акрамя кепскіх курсаў банкі яшчэ бяруць і адсоткі за выдачу грошай. Але рабіць аплаты магчыма. Курсы канвертацыі пры аплаце ў Беларусі таксама не самыя лепшыя. Тым не менш, карыстальнікі страцяць болей пры пераводзе грошай праз вышэйапісаныя сэрвісы.

Hавiны
Наступствы санкцыяў? Банкі паведамляюць аб праблемах з плацяжамі праз SWIFT
2021.08.13 15:39

Альтэрнатыўныя сэрвісы

Раней найбольш папулярнымі сэрвісамі для пераводу грошай з-за мяжы былі «MoneyGram» і «Western Union». Таксама паслугу міжнародных пераводаў грашовых сродкаў выконвае віртуальная расейская картка «KoronaPay». Але пасля расейскага ўварвання ва Украіну сэрвісы абмежавалі сваю працу. «Western Union» увогуле сышоў з Беларусі і Расеі, а «MoneyGram» яшчэ пакуль працуе з некаторымі банкамі. Праўда, перад карыстаннем сэрвісамі лепей спраўджваць у банку працаздольнасць сістэмы.

Адметнасць міжнародных грашовых пераводаў праз згаданыя сэрвісы сёння таксама і тое, што грошы атрымаць можна толькі ў беларускіх рублях паводле курсу на момант выдачы.

Паводле Нацыянальнага банку, у 2020 годзе беларусы атрымалі 319 млн беларускіх рублёў пераводамі з-за мяжы; у 2021-м 362 млн беларускіх рублёў; у 1-ым квартале 2022 году 72 млн беларускіх рублёў былі атрыманыя дзякуючы падтрыманню з замежжа.

Hавiны
«Беларусбанк» часова забараніў здымаць грошы з картак «Visa» банкаў-нерэзідэнтаў
2022.05.16 15:09

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў