«Абарона Марыупалю ўвойдзе ў падручнікі гісторыі». Што кажуць пра завяршэнне баёў за горад ва Украіне і РФ


Украінскі жаўнер стаіць пад сонечным святлом падчас блакады заводу «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. 16 траўня 2022 года.
Фота: kztsky / Instagram

Belsat.eu сабраў некалькі паказальных рэакцыяў на завяршэнне арганізаванай абароны «Азоўсталі» ў Марыупалі.

  • Увечары 16 траўня пасля амаль трох месяцаў жорсткіх баёў украінскі бок заявіў пра пачатак аперацыі для выратавання абаронцаў «Азоўсталі». У Генштабе ЗСУ зазначылі, што найвышэйшае кіраўніцтва аддало загад камандзірам захаваць жыцці асабістага складу. Байцоў сталі раззбройваць і вывозіць з камбінату на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі. Афіцыйны Кіеў разлічвае, што яны будуць абмененыя на расейскіх вайскоўцаў.
  • Паводле ацэнак брытанскай выведкі, на раніцу 20 траўня ў палон трапілі 1700 вайскоўцаў. Невядомая колькасць абаронцаў застаецца на заводзе, у тым ліку камандзіры «Азова».
  • У Маскве падкрэсліваюць, што выхад украінскіх байцоў – гэта менавіта паланенне, а не эвакуацыя, як кажуць у Кіеве. Расейскія дэпутаты выступаюць супраць абмену «азоўцаў» і заклікаюць судзіць абаронцаў Марыупалю як «нацысцкіх злачынцаў». Сярод прыхільнікаў Пуціна гучаць прапановы нават пакараць іх смерцю.

Лідар гурта «Океан Ельзі», экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Святаслаў Вакарчук лічыць,, што гераічная абарона Марыупалю ўвойдзе ў падручнікі гісторыі, і не толькі ва Украіне, але і ва ўсім свеце.

Скрыншот sviatoslav.vakarchuk / Instagram

«Ваяры, якія амаль тры месяцы паспяхова выконвалі заданне ў звышчалавечых умовах, – сапраўдныя героі. Цяпер настаў час выканаць заданне для ўсіх украінцаў. Вярнуць кожнага Героя дадому. І не спыняцца, пакуль апошні не прыйдзе дадому», – адзначыў ён на сваёй старонцы ў Instagram.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што абаронцы Марыупалю ўвесь гэты час адцягвалі на сябе значныя сілы расейскіх войскаў, што было вельмі важна для агульнай сітуацыі на фронце.

«Мы нават не можам сабе ўявіць, як важна было трымаць на сабе Марыупаль, стрымліваць 20 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Калі б яны гэтага не зрабілі, наша сітуацыя на фронце сёння была б звышцяжкай. Падкрэсліваю: яны героі для нашай краіны», – адзначыў ён у інтэрв’ю часопісу «Новое время».

Аналітыка
«Яны застаюцца ў пекле». Што трэба ведаць пра абарону «Азоўсталі»
2022.05.17 00:22

Вядомы расейскі гісторык Андрэй Зубаў звяртае ўвагу на гераізм абаронцаў Марыупалю і кажа, што Расея мусіць паважаць іх мужнасць.

«Калі вораг здаецца, праявіўшы да гэтага выключную мужнасць, яго вітае і яму аддае абавязак гонару (менавіта абавязак) яго супернік. Толькі дзікун не шануе мужнасці ворага.

Я не вораг Украіне. Хутчэй, я яе сябар у гэтай жудаснай вайне. Але я, як расейскі грамадзянін, схіляю галаву перад абаронцамі Азоўсталі, якія 82 дні абаранялі сваю цвярдыню, не завагаўшыся перад абліччам нягодаў і смерці. Калісьці Аляксандр II забраў шаблю Асман-пашы, які капітуляваў, каб з пашанай вярнуць яе гэтаму параненаму абаронцу Плеўны. Рыцар таму і рыцар, што ён шануе ворага, не прыніжае, а ўсхваляе ягоны подзвіг».

Эвакуацыя вайскоўцаў з заводу «Азоўсталь» 17 траўня 2022 года.
Фота: Reuters / Forum

Былы афіцэр ФСБ і экс-лідар баевікоў «ДНР» Ігар Стралкоў-Гіркін лічыць, што з ваеннага і палітычнага пункту гледжання «Азоў» выканаў сваю задачу на 100 %. Захоп «Азоўсталі» ён лічыць нязначным поспехам расейскага боку.

«У Марыупалі канчатковая здача праціўнікамі «Азаўсталі» і паланенне групоўкі, якая яго абараняла – буйны прапагандысцкі поспех, але – у агульнай карціне – ён адкладзены ў часе вынік адноснага поспеху першага этапу аперацыі, а не «другога-канкрэтнага». У рэальным жа часе і з ваеннага пункту гледжання – гэта таксама, на жаль, поспех чыста тактычны. Не больш за тое».

Расейскі журналіст і блогер Андрэй Мальгін мяркуе, што абаронцаў Марыупалю Крэмль мяняць на сваіх палонных не будзе.

«Іх не будуць мяняць, яны патрэбныя для прапаганды. Іх будуць мучаць, абцугамі вымаць прызнанні аб уяўных зверствах, будуць здымаць прапагандысцкія фільмы з татуіроўкамі, з кадрамі факельных шэсцяў, са «сведчаннямі мірных жыхароў», якія, абліваючыся слязамі, раскажуць, што іх выкарыстоўвалі як «жывы шчыт» у падвалах Азаўсталі. Потым паказальны суд і пажыццёвыя тэрміны».

Hавiны
Дзякуй за прытулак «Азоўсталь» – месца маёй смерці і майго жыцця. У палон здаўся аўтар знакамітых фота
2022.05.20 15:57

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў