За паведамленне ў «Viber» берасцеец атрымаў 2 гады «хіміі»


Берасцейскі Дом правасуддзя.
Фота: Белсат

Суддзя Маскоўскага раёну Берасця Яўген Брэган 20 траўня прызнаў вінаватым Уладзіміра Шурубейку ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), паведамляе «Вясна».

Паводле следства, Шурубейка напісаў у «Viber»-чаце «Вычулкі.Ямна», паведамленне пра супрацоўніка органаў дзяржбяспекі Дзяніса Сямёнава, што той «с*ыкло, чмо і ныцік».

Следства перакананае, што Уладзімір зрабіў гэта «з мэтаю нашкодзіць аўтарытэту дзяржаўнай улады». Судова-лінгвістычная экспертыза ў крымінальнай справе заключыла, што выказванне Шурубейкі ў чаце ўтрымлівала негатыўную ацэнку асобы Сямёнава.

Дзяніс Сямёнаў ацаніў свае маральныя пакуты на 2500 рублёў, атрымаў ад асуджанага 1500 рублёў і заявіў, што прэтэнзіяў больш не мае.

Суддзя Брэган пакараў Уладзіміра Шурубейку двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У тэрмін адбытага пакарання залічыць 3 дні, праведзеныя пад вартай, а таксама перыяд з 7 красавіка да 22 траўня пад хатнім арыштам.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў