Біскуп Касабуцкі пракаментаваў напад на адміністрацыю Касцёлу

Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Мінска-Магілёва. Снежань, 2020. Фота: ТК / Белсат

Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі выступіў у Facebook з заявай з нагоды нападу невядомымі на будынак Курыі (адміністрацыі) епархіі.

«Я хацеў бы перш за ўсё звярнуць увагу на тое, што не варта кагосьці абвінавачваць у гэтых справах, пакуль не скончыцца следства. Гэта важна, таму што заўсёды ёсць небяспека абвінаваціць нявіннага чалавека», – адзначыў біскуп.

Асаблівым чынам Юрый Касабуцкі падзякаваў усім людзям, якія яго «падтрымліваюць словам, малітвай, быццём разам».

«Гэта вельмі важна, бо наша людская салідарнасць з’яўляецца праявай чалавечай дасканаласці і здольная рабіць нават цуды… Мяне найбольш кранае тое, што звяртаюцца людзі розных канфесіяў, нацыянальнасцяў, поглядаў і выказваюць сваю падтрымку. У гэтым адзінстве наша моц, бо мы праяўляем сябе як адзіны беларускі народ», – заявіў ён.

Пры гэтым біскуп падкрэсліў, што заўсёды падтрымлівае «чалавека церпячага, пераследаванага, якому цяжка»

«Я малюся і заахвочваю маліцца за ўсіх тых, каму найбольш патрэбна Божая ласка, каб вытрымаць у выпрабаваннях… Я быў, ёсць і буду супраць гвалту, насілля, здзекаў, катаванняў, рэпрэсій і хлусні», – адзначыў Юрый Касабуцкі.

Таксама біскуп папрасіў у малітве аб заступніцтва бласлаўлёнага Ежы Папялушку – каталіцкага святара, які быў забіты ў 1984 годзе камуністычнымі ўладамі Польшчы.

«Хрысціянская візія»: у Менску напалі на будынак каталіцкай Курыі і пашкодзілі аўтамабіль пробашча

Нагадаем, што ўначы 19 траўня на будынак Курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі напалі невядомыя. У дзверы кідалі бетонным вазонам для кветак. Быў пашкоджаны ўваход, пабіты дамафон. Акрамя таго, быў пашкоджаны прыпаркаваны побач аўтамабіль пробашча касцёлу, ксяндза Антонія Клімантовіча. Па аўтамабілі білі цаглінамі, раструшчылі лабавое шкло.

Працоўная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія» звяртае ўвагу на тое, што дворык, у якім стаяў прыпаркаваны аўтамабіль, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад штаб-кватэры ГУБАЗіКу, на яго выходзяць камеры назірання. Аўтамабіль святара Антонія Клімантовіча падобны да аўтамабіля біскупа Юрыя Касабуцкага, які напярэдадні выступіў у падтрымку партала TUT.by.

МГ belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны