Выбары – гэта стрэс. Улады вырашылі адмяніць мясцовыя выбары ў 2022 годзе


Наталля Якубіцкая.
Фота: ctv.by

Беларускія парламентарыі пачалі працэдуру пераносу мясцовых выбараў, якія мусілі пачацца ўжо праз некалькі месяцаў, на два гады. Пра гэта паведамляе тэлеканал СТВ.

На паседжанні 19 траўня было вырашана падоўжыць паўнамоцтвы дзейных дэпутатаў мясцовых саветаў. З такой прапановай выступіла Наталля Якубіцкая, старшыня Менскага абласнога Савету дэпутатаў, чалец Савету Рэспублікі і Канстытуцыйнай камісіі.

Паводле дэпутатаў, выбары павінны прайсці ўжо пасля зацвярджэння канстытуцыйных зменаў.

«У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, у адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 29-га склікання павінны адбыцца не пазней за 18 студзеня 2022 года. Разам з тым у цяперашні час праводзіцца актыўная работа Канстытуцыйнай камісіі над праектам зменаў Асноўнага закона краіны, які ў наступным мяркуецца вынесці на рэферэндум», – патлумачыла Якубіцкая.

Прапанова павінна прайсці абмеркаванне ў пастаянных камісіях палат парламента, пасля чаго будзе вынесены зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай унесці праект закону ў парламент. Такі парадак і адобрылі дэпутаты.

«Сёння, прымаючы рашэнне аб тым, каб, падкрэсліваю, заканадаўчым чынам забяспечыць падаўжэнне паўнамоцтваў дзейных дэпутатаў мясцовых Саветаў, мы разумелі, што гэтая мера не проста правільная, але гэта мера, выкліканая часам», – заявіў Валянцін Семяняка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Дэпутат Алег Гайдукевіч патлумачыў перанос тым, што «ў нас кожны год выбары, кожны год стрэс для краіны».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў