Медыі: Беларусь з дапамогай Украіны даставіла знішчальнікі ў Сербію


Беларусь перавезла ў Сербію два знішчальнікі МіГ-29 украінскім самалётам. Такія звесткі маюць журналісты сербскай службы радыё «Свабода».

Паводле атрыманай імі інфармацыі, знішчальнікі трапілі ў Сербію грузавым самалётам Ан-124, які належыць Украіне. Сербскія журналісты адзначаюць, што падчас рэйсу 15–17 траўня самалёт кампаніі «Антонаў» перавозіў два з чатырох падораных сербскаму боку адрэстаўраваных беларускіх знішчальнікі МіГ-29.

На шляху ў Бялград ён зрабіў тэхнічную пасадку ў Будапэшце, што пацвердзілі ў Міністэрстве абароны Вугоршчыны. Пры гэтым у Мінабароны Сербіі адзначылі, што не маюць звестак аб прызямленні самалёта са знішчальнікамі ў Будапэшце.

Грузавы самалёт авіякампаніі «Антонаў».
Фота: Facebook / Antonov Airlines

Вядома, што першапачаткова Сербія хацела набыць авіятэхніку, але пазней атрымала самалёты ад Беларусі ў падарунак.

Журналісты адзначаюць, што гэта ўжо не першы выпадак, калі падсанкцыйныя краіны (у гэтым выпадку Беларусь) дастаўляюць зброю ў Сербію праз паветраную прастору NATO.

Ва Украіне пацвердзілі рэйс

Украінскі авіяперавознік «Антонаў» пацвердзіў пералёт самалёта АН-124-100 з Беларусі ў Сербію. Кампанія не выдае, што было грузам АН-124, спасылаючыся на «ўмовы падпісанага кантракту»:

«Такія перавозкі не падпадаюць пад санкцыі Украіны (краіны-эксплуатанта), Еўрапейскага Звязу (краіны на маршруце) і Вялікай Брытаніі (краіны з перастрахоўшчыкамі самалётаў ДП «Антонаў»)».

«Антонаў» – дзяржаўная авіякампанія.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў