Ліцэісты з Падляшша здалі іспыты па беларускай мове


135 навучэнцаў дзвюх сярэдніх школаў з беларускай мовай навучання – у Бельску Падляскім і Гайнаўцы – сёння атрымалі дыплом сярэдняй школы на гэтай мове. Гэта даўняя традыцыя і абавязковы экзамен для вучняў гэтых школаў.

У Другім ліцэі з беларускаю моваю навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім іспыт напісаў 61 студэнт. Восем асобаў былі вызваленыя як лаўрэаты і фіналісты алімпіяды па беларускай мове, таму здалі гэты іспыт на пашыраным узроўні, паведаміў дырэктар Андрэй Сцепанюк.

У Другім ліцэі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы іспыт здалі 74 асобы, а 12 алімпійцаў былі вызваленыя ад яго. Абедзве гімназіі – гэта школы з традыцыямі, важнымі для беларускай меншасці Падляшша.

Фота: bialorushajnowka.pl

Падчас іспыту, як і ў выпадку з польскаю моваю, выпускнікі ліцэю адказвалі на пытанні да журналісцкіх тэкстаў (Яўгена Вапы «У пушчы моц», Юрыя Хлапоніна «Мова і нацыянальная свядомасць»). У эсэ яны мусілі разважаць пра сутнасць сувязі паміж чалавекам і малою радзімаю на падставе твораў Якуба Коласа.

Як адзначаюць самыя выпускнікі, іспыт па беларускай мове – гэта магчымасць не толькі даведацца пра беларускую культуру, але і атрымаць дадатковыя балы для набору ў некаторыя ВНУ.

Дырэктар Сцепанюк шкадуе, што колькасць навучэнцаў гэтай школы з кожным годам памяншаецца. На гэта, безумоўна, уплывае дэмаграфічны спад, той факт, што вучні выбіраюць навучанне ў іншых буйных цэнтрах, але і таксама працэсы асіміляцыі беларускай меншасці: «змешванне з большасцю».

«Мы стараемся як мага больш заахвочваць тых, хто прыязджае і дадаткова хоча вывучыць беларускую мову, культуру і літаратуру», – адзначыў Андрэй Сцепанюк.

Рэпартаж
Беларуская вёска пад Беластокам
2021.05.18 17:46

Завуч падкрэслівае, што большасць вучняў у школе – гэта польскамоўная моладзь, якая ўдома таксама размаўляе па-польску, а не па-беларуску.

«Усё складаней пераканаць маладых людзей захацець займацца сваім мінулым, сваёй самабытнасцю. Я гэтага не хаваю, гэта вялікі боль. Я думаю, што не толькі школаў, не толькі беларускай меншасці, але, напэўна, і шмат якіх меншасцяў», – адзначыў Сцепанюк.

Стабільнай колькасцю вучняў можа пахваліцца Другі ліцэй з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Штогод там вучні збіраюцца па тры класы, нагадаў дырэктар гэтай школы Ігар Лукашук. Таксама ёсць класы, дзе некаторыя прадметы выкладаюцца на дзвюх мовах – польскай і беларускай.

Фота: bialorushajnowka.pl

cez/МГ belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў