Ігара Лосіка этапавалі ў Гомель напярэдадні дня народзінаў


Ігар і Дар’я Лосікі. Фота з Facebook

20 траўня стала вядома, што палітычнага вязня Ігара Лосіка этапавалі са следчай турмы № 8 Жодзіна ў СІЗА № 3 Гомля, паведамляе радыё «Свабода».

Да яго з перадачаю сёння, у дзень народзінаў Ігара, прыехала жонка Дар’я Лосік: «Усе прыехалі ў Жодзіна, і, як высветлілася, дарэмна. Калі яго вывезлі, я не ведаю. Нам не сказалі».

Яна мяркуе, што перавод Ігара звязаны менавіта з днём народзінаў:

«Я сабрала Ігару святочную перадачу, а тут такая нечаканасць непрыемная. Цукеркі любімыя Ігара, мясныя прадукты падбірала, ягонае любімае печыва. Шмат чаго. Канверты прасіў яму перадаць. Нятанна гэта каштавала, шчыра прызнаюся. А цяпер вось так».

Сёння Ігару спаўняецца 29 гадоў. Дар’я падрыхтавала мужу адмысловую перадачу, але яе не прынялі.

Дасюль невядома, калі пачнецца суд над палітзняволеным. За кратамі Ігар Лосік застаецца ўжо 329 дзён.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў