Украінскае Міністэрства абароны раскрыла расейскі план заваёвы да 9 траўня


Ва ўкраінскім Міністэрстве абароны лічаць, што Расея мае план, які прагне выканаць да 9 траўня. Пра гэта заявіў спікер ведамства Аляксандр Матузянік. Наступнымі планамі войскі РФ пакуль не збіраюцца абмяжоўвацца, паведамляе «РБК-Україна».

Запуск ракеты. Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Anadolu Agency

Украінскі бок лічыць, што расейскія войскі хочуць выйсці на межы Данецкай і Луганскай вобласцяў да 9 траўня. Таксама яны плануюць утрымаць сухаземны калідор да акупаванага Крыму.

«Цяпер іх мэта цалкам зразумелая: адціснуць украінскія сілы за адміністрацыйныя межы Данеччыны і Луганшчыны ды ўтрымаць сухаземны калідор да часова акупаванага Крыму. Менавіта такую ​​«перамогу» іх улада і будзе спрабаваць «прадаць» свайму грамадству. Але Расея дакладна не абмяжуецца выключна гэтым», – заявіў Матузянік.

Абноўлена
Уладзімір Зяленскі заявіў, што пачалася бітва за Данбас
2022.04.19 08:48

Паводле спікера Міністэрства абароны, расейцы будуць спрабаваць развіць наступ і ў іншых вобласцях, у прыватнасці на Херсоншчыне, каб захапіць як мага больш тэрыторыяў. Імаверна, цяпер войскі РФ рыхтуюцца і збіраюць сілы, каб замацавацца на ўжо акупаваных участках. Аднак гэта будзе залежаць ад вынікаў баявых дзеянняў каля Данецку і Луганску.

Апроч таго, Матузянік паведаміў, што расейцы будуць спрабаваць акружыць украінскую ваенную групоўку:

«Гэта такая тактыка расейскай арміі – поўнае або частковае акружэнне падраздзяленняў на асноўных напрамках, перакрыццё магчымых шляхоў лагістычнага забеспячэння і далейшы разгром. Яны любяць даваць справаздачу пра ўтварэнне так званых катлоў. Нашая задача – гэтага не дапусціць».

ЗХ belsat.eu

 

Стужка навінаў