Украінка, якая пазіруе з рэдкім дарагім амерыканскім пісталетам-кулямётам, – не фэйк


У сацсетках нядаўна распаўсюдзілі фота прыгожай украінскай вайскоўкі. Неўзабаве з’явіліся каментары пра тое, што бландзінка ў форме – падстаўная мадэль. «Белсат» праверыў, хто на фота.

Узброеная ўкраінская прыгажуня выклікала буру ў сацсетках. Фота з адной з груп Facebook

Дзяўчына на фота апранутая ў форму ўзору мульцікам, у руках яна трымае амерыканскі пісталет-кулямёт «KRISS Vector». Фатографу яна ўсміхаецца з салону машыны хуткай дапамогі, а малая пяхотная рыдлёўка, якая стаіць побач, указвае на тое, што аўтамабіль выкарыстоўваецца ў цяжкіх умовах.

Падраздзяленне, у якім служыць дзяўчына, можна вызначыць паводле нашыўкі на плячы. Гэта ўкраінскі добраахвотніцкі медычны батальён «Гаспітальеры», які ўваходзіць у склад добраахвотніцкай арміі. Гаспітальеры ратуюць параненых жаўнераў проста на полі бою.

Фільмы
Трымайся, братка!
2017.01.11 17:28

«Белсат» звязаўся з прадстаўніком батальёну, які паведаміў, што бландзінка са зброяй – стралок агнявога прыкрыцця адной з машынаў хуткай дапамогі.

«Гэта не фэйк, а ў батальёне ў нас шмат прыгожых дзяўчат. Бландзінку на фатаграфіі завуць Кіра. Дзеля ейнай бяспекі я не магу раскрыць, дзе яна цяпер служыць», – адказвае Андрэй Долік, які каардынуе ў Варшаве закуп і збор харчоў для «Гаспітальераў».

Спекуляцыі таксама развейвае афіцыйны допіс медычнага батальёну ў Facebook, у якім ратавальнікі просяць фінансавага падтрымання сваёй дзейнасці. Тут фотаздымак з жаўнеркай ужо размешчана з вадзяным знакам «Гаспітальераў». Яго гераіня падпісаная – гэта Кіра Нечай, якая не хавае ў Facebook месца сваёй службы.

Кіра працавала ў Камітэце Вярхоўнай Рады ў пытаннях процідзеяння і перадухілення карупцыі, была менеджарам праектаў у Цэнтры дэмакратыі і вяршэнства права. Да вайны дзяўчына захаплялася альпінізмам, пешым турызмам, стральбой, арыентацыяй на мясцовасці. Цяпер яна абараняе радзіму ад расейскага акупанта.

«Гэта – Кіра здаровага чалавека», – напісала пра яе сяброўка ў Twitter.

Украінскіх ратавальнікаў таксама можна падтрымаць праз польскі фонд, які супрацоўнічае з батальёнам. І тут таксама тварам збору стала ўзброеная парамедык.

ПЯ/ДР belsat.eu

Стужка навінаў