Пад расейскім кантролем застаецца 80 % тэрыторыі Луганску


Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што 80 % тэрыторыі ягонага рэгіёну застаецца пад кантролем Расеі.

Сяргей Гайдай.
Фота: 24tv.ua

У эфіры CNN Гайдай пагадзіўся, што другі этап вайны пачаўся, але папярэдзіў, што гэта яшчэ не «поўнае ўварванне».

«У нас тут вельмі сур’ёзная сітуацыя. Уся тэрыторыя Луганску абстраляная. Няма бяспечнага гораду… Мы разумеем, што расейскі ўрад будзе рухацца наперад і знішчаць усё на сваім шляху. Таму мы спрабуем эвакуяваць усіх, як мага больш», – сказаў Гайдай.

Ён заклікае грамадзянскіх асобаў пакінуць усходні рэгіён Украіны пры актывізацыі баявых дзеянняў. Цяпер з 350 тысяч жыхароў, што былі на тэрыторыі вобласці да вайны, каля 70 тысяч застаюцца на месцы.

«Большасць людзей зʼехалі на ўласным транспарце, з дапамогай аўтобусаў або валанцёраў. Мы паняцця не маем, калі будуць створаныя гуманітарныя калідоры, але эвакуацыя ідзе кожны дзень. Рэч у тым, што Расея заўсёды парушае пагадненні. Абстрэл, нягледзячы на ​​ціхія гадзіны, усё яшчэ працягваецца», – дадаў ён.

Гайдай сказаў, што абстрэлы адбываюцца «без перадышкі», электрасетка і ўсё водазабеспячэнне разбураныя. Большасць з людзей жывуць у бункерах, падвалах і прытулках.

«Гэта другі месяц, калі ўсе гэтыя людзі жывуць пад зямлёй», – сказаў кіраўнік Луганскай АВА . «Мы спрабуем аказаць ім нейкую дапамогу, спрабуем даставіць ваду і пераканацца, што яны не паміраюць ад голаду. Амаль няма стабільных паставак газу, таму сітуацыя даволі складаная», – дадаў ён.

Калі Сяргея Гайдая спыталі, як ён бачыць заканчэнне вайны, ён сказаў, што спыненне баявых дзеянняў можа быць праз палітычную дамову, але дадаў, што расейцам цяжка давяраць.

«Яны ўвесь час хлусяць», – сказаў ён. «Усе ведаюць пра гэта. Ніхто ім не верыць. Усім вядома, што пагадненне з Расеяй не каштуе паперы, на якой яно надрукаванае. Расея сёння – вораг усяго свету, а не толькі Украіны. Іх амбіцыі пашырыліся значна далей за Украіну».

Ваенны губернатар таксама звярнуўся да Захаду з просьбай даць больш вайсковай тэхнікі, каб дапамагчы ў абароне Украіны.

Hавiны
Ва Украіне хочуць прызнаць Расею і Беларусь дзяржавамі – спонсарамі тэрарызму
2022.04.20 22:53

Фота вокладкі: Reuters

АД belsat.eu

Стужка навінаў