Нюрнбэрг: як судзілі нацысцкіх злачынцаў і што засталося ад рэштак фашысцкай імперыі


Вайна ва Украіне працягваецца ўжо амаль два месяцы. Галасы пра неабходнасць новага Нюрнбэргу над Расеяй асабліва моцна пачалі гучаць пасля таго, як расейскія войскі адступілі з паўночных вобласцяў Украіны. Украінскія і міжнародныя следчыя ўжо пачалі расследаванні гэтых і іншых ваенных злачынстваў з мэтай прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Заля Нюрнбэргскага працэсу. Фота з музею ў Цэнтры дакументацыі нацысцкай партыі. Нюрнбэрг, Нямеччына.
Фота: СП / Белсат

На глабальным узроўні расследаваннем займаецца Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. Яму падсудныя ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд. МКС можа прыцягнуць да адказнасці за «вядзенне агрэсіўнай вайны». Гэта злачынства неапраўданага ўварвання або канфлікту, што выходзіць за межы апраўданых ваенных дзеянняў у мэтах самаабароны. МКС стварылі ў Нюрнбэргу пасля таго, як суддзя, дасланы Масквой, пераканаў супольнікаў, што нацысцкія лідары мусяць паўстаць перад судом за «злачынствы супраць міру».

Адпраўляемся ў Нюрнбэрг – горад, дзе нарадзілася міжнароднае крымінальнае права, каб паглядзець, як судзілі нацысцкіх злачынцаў і што засталося ад колішняй велічы нацысцкай імперыі, якая таксама калісьці «ўставала з каленяў».

Манументальная скульптурная кампазіцыя «Вуліца правоў чалавека», створаная ў 1993 годзе. Яе стварэнне стала чарговым важным крокам у пераўтварэнні «гораду мітынгаў партыі» ў сучасны «горад міру і правоў чалавека». Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

***

Каля гадзіны ночы адчыніліся дзверы ў ягоную камеру. Начальнік турмы яшчэ раз зачытаў прысуд. Рыбэнтроп слухаў моўчкі, абыякава гледзячы ў пустэчу перад сабой. Канваіры звязалі яму рукі за спінай вяроўкай, што глыбока і балюча ўрэзалася ў скуру запясцяў. Цёмны калідор, за ім – пераабсталяваная спартовая зала Нюрнбэргскай турмы, што нагадвае імправізаваную плошчу з шыбеніцамі. Два жаўнеры ваеннай паліцыі падняліся разам з Рыбэнтропам сходамі ў 13 прыступак на эшафот.

Рыбэнтропа паставілі на зачыненае вечка люка і звязалі яму ногі. На пытанне, ці не хоча ён нешта сказаць, ён адказаў напышлівай тырадай пра выратаванне сваёй душы і мір ва ўсім свеце. Штатны кат амерыканскага войска, старэйшы сяржант Джон Ўудс накінуў яму на галаву чорны каўпак і зацягнуў на шыі вяроўку. Ён прывёў у дзеянне механізм, і люк адчыніўся.

Джон Ўудс да гэтага прывёў у выкананне каля трохсот смяротных прысудаў. Але, нягледзячы на вялікі досвед, пакаранне смерцю галоўных нацысцкіх злачынцаў ён арганізаваў дрэнна. Даўжыня вяроўкі і глыбіня люка былі разлічаныя кепска, і асуджаныя паміралі не імгненна, ад пералому шыйных пазванкоў, а ад удушша. Рыбэнтроп мучыўся 15 хвілінаў, пакуль надышла смерць.

Люкі аказаліся занадта вузкімі, і многія з прыгавораных, падаючы ў іх з вяроўкай на шыі, біліся аб край. Былы камандуючы вермахту, генерал-фельдмаршал Вільгэльм Кайтэль так разбіў галаву, што ўвесь ягоны твар заліла крывёй.

У гэтую ноч пастанавілі пакараць смерцю ўсіх галоўных нацысцкіх злачынцаў, але справа зацягнулася. Кат і ягоныя памочнікі сталі спяшацца. З адной шыбеніцы яшчэ здымалі труп пакаранага, а да іншай на эшафот ужо вялі наступнага, які бачыў, што сталася з ягоным папярэднікам. Апошнім у залу занеслі цела Гёрынга, які за тры гадзіны да гэтага ў камеры скончыў жыццё самагубствам. Насілкі з ім паставілі пад шыбеніцай – гэта быў сімвалічны акт.

Цэнтр дакументацыі нацысцкай партыі. Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

Паміралі нацысты з гледачамі: на пакаранні прысутнічалі 40 асобаў, сярод якіх было 8 журналістаў (па двое ад СССР, ЗША, Францыі і Вялікай Брытаніі). Яны, праўда, перадсмяротных пакутаў асуджаных не бачылі: памост закрывалі драўляныя шчыты і цёмны брызент.

Трупы нацыстаў сфатаграфавалі, у адзенні і распранутымі, потым загарнулі ў прасціны і паклалі ў труны. Апячаталі. Раніцай іх на цяжкавіках у суправаджэнні ўзброенай аховы прывезлі ў крэматорый на ўскраіне Мюнхену. Там не ведалі, каго менавіта будуць спальваць: працаўнікам сказалі, што ў трунах – загінулыя амерыканскія салдаты. Будынак ачапілі. Кожную труну перад крэмацыяй адчынялі, каб пераканацца, што труп не падмянілі. Спальванне трупаў цягнулася некалькі гадзінаў. Пасля попел сабралі ў скрыню, пагрузілі ў аўтамабіль і вывезлі. Праз два дні, ноччу, попел высыпалі з мосту ў раку Ізар у Мюнхене. Усё гэта праходзіла ў варунках абсалютнай сакрэтнасці.

***

«Я нічога не ведаў» і «толькі выконваў загад»: як судзілі нацысцкіх злачынцаў

Нюрнбэргскі працэс над галоўнымі нацысцкімі злачынцамі стаў рэвалюцыяй для свайго часу і паслужыў зараджэнню новага правапарадку ў свеце. Нярэдка яго называюць «Судом гісторыі». Яшчэ да заканчэння Другой сусветнай вайны супольнікі ў антыгітлераўскай кааліцыі дамовіліся, што вярхі злачыннага рэжыму Трэцяга райху належыць судзіць міжнароднаму трыбуналу. Высокія дзяржаўныя чыноўнікі, якія аддавалі злачынныя загады, былі абвінавачаныя ў самых цяжкіх злачынствах, што калі-небудзь бачыла сусветная гісторыя – за развязванне агрэсіўнай захопніцкай вайны, за ваенныя злачынствы і за злачынствы супраць чалавечнасці.

Без суда над галоўнымі ваеннымі злачынцамі ў Нюрнбэргу сёння не існавала б Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе.

У Нюрнбэргу судзілі 24 асобы, якія прадстаўлялі эліту Трэцяга райху. Гітлер, Гімлер і Гёбельс скончылі жыццё самагубствам у апошнія дні вайны. Марціна Бормана, сакратара Гітлера, які быў ва ўцёках, судзілі завочна. А на лаве падсудных апынуліся, сярод іншых, другі чалавек у нацысцкай Германіі Гэрман Гёрынг, намеснік «фюрэра» ў НСДАП Рудальф Гэс, міністр замежных справаў Трэцяга райху Ёахім фон Рыбэнтроп.

Судовы працэс пачаўся 20 лістапада 1945 года і працягваўся амаль год. Былі заслуханыя паказанні 280 сведкаў. Пратаколы і доказы склалі 40 тамоў.

У Нюрнбэргу судзілі не толькі нацыянал-сацыялістычных лідараў, але і злачынныя арганізацыі Трэцяга райху: СС, СА, СД і гестапа, кіраўнічы склад НСДАП, імперскі кабінет міністраў, генеральны штаб і вярхоўнае камандаванне вермахту.

На гэтым месцы стаяў Гітлер, калі прамаўляў на шматтысячных парадах. Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

Нюрнбэрг невыпадкова быў абраны для працэсу над нацысцкімі злачынцамі. У гэтым горадзе праходзілі партыйныя з’езды НСДАП у часы Трэцяга райху. Тут Гітлер ладзіў грандыёзныя прапагандысцкія шоу, у якіх удзельнічалі тысячы асобаў. Сімвалічнае значэнне Нюрнбэргу дазволіла заходнім супольнікам пераканаць савецкі бок правесці судовы працэс на падкантрольнай амерыканцам тэрыторыі.

У вялізным будынку Палацу правасуддзя можна было размясціць усіх працаўнікоў Міжнароднага трыбуналу – каля тысячы асобаў. Важна было і тое, што будынак быў злучаны з турмой, дзе ўтрымліваліся абвінавачваныя, падземным пераходам. У склад Міжнароднага трыбуналу ўваходзілі восем суддзяў – па два ад СССР, ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі.

Працэс над галоўнымі нацысцкімі злачынцамі быў першым з 13 Нюрнбэргскіх працэсаў. Пазней праходзілі суды над нацысцкімі суддзямі, дактарамі канцлагераў, айнзацгрупамі, прамыслоўцамі Трэцяга райху і іншымі. Усяго на іх судзілі 185 абвінавачваных, з якіх 24 былі прыгавораныя да пакарання смерцю, яшчэ 20 – да пажыццёвага зняволення.

Ніхто з абвінавачваных не прызнаў сябе вінаватым. Усе напіралі на тое, што «ўсяго толькі» выконвалі загады.

Рыбэнтроп, напрыклад, запэўніваў суддзяў, што не ведаў пра злачынную сутнасць рэжыму, адным са слупоў якога быў. «Паверце, мы самі абураныя гэтымі пераследамі, гэтымі зверствамі! – казаў ён ад імя ўсіх падсудных. – Такія рэчы проста зусім нетыповыя для немцаў! Ну, можаце вы сабе ўявіць, напрыклад, каб я мог кагосьці забіць?!»

Частка экспазіцыі сучаснага медыямузею, што займае адно крыло гітлераўскага Палацу зʼездаў. Тут можна пабачыць шмат дакументаў, сведчанняў, паслухаць фрагменты радыёвыступаў і паглядзець урыўкі фільму «Трыумф волі». У іншым крыле Палацу зʼездаў размяшчаецца канцэртная зала. Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

Ці возьмем допыт на Нюрнбэргскім працэсе Ота Олендорфа – групэнфюрэра СС, камандзіра айнзацгрупы D. У 1947 годзе ён стаў адным з галоўных абвінавачваных у асобным працэсе справы аб айнзацгрупах. І паводле вынікаў таго працэсу 10 красавіка 1948 года яго прыгаварылі да смяротнага пакарання праз павешанне. Уражвае той спакой, з якім ён распавядаў пра масавыя забойствы цывільных асобаў на акупаваных тэрыторыях. Гэты чалавек шчыра спачуваў… сваім падначаленым, якія «вымушаныя былі» біць людзей, каб тыя супакоіліся і не мяшалі расстрэлам. Ён перажываў за душэўны спакой нямецкіх афіцэраў, якім трэба было пасля некалькіх гадзінаў «працы» адпачыць.

Праца ў лагеры, куды дасылалі працаваць габрэяў. Частка экспазіцыі сучаснага медыямузею, што займае адно крыло гітлераўскага Палацу з’ездаў. Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

Уражвае таксама і двудушнасць вярхоў Трэцяга райху. Яны ўсе жылі ў раскошы. Міністр прапаганды Ёзэф Гёбэльс, напрыклад, калекцыянаваў… сядзібы. Пры гэтым нястомна паўтараў у сваіх выступах, што сапраўдны немец мусіць мець не больш за адну хату: уласнасць разбэшчвае.

У ноч на 16 кастрычніка 1946 года былі прыведзеныя ў выкананне першыя смяротныя прысуды, вынесеныя нацысцкім злачынцам. За тры гадзіны да пакарання смерцю Гэрман Гёрынг скончыў жыццё самагубствам, прыняў цыяністы калій. Хто менавіта пранёс у строга ахоўную турму капсулу з ядам, дакладна невядома дагэтуль.

Тыя, каго прыгаварылі да пазбаўлення волі, адбывалі пакаранне ў турме Шпандаў у Берліне. Пасля смерці апошняга з іх, Рудальфа Гэса, будынак турмы ўзарвалі. Цяпер на гэтым месцы супермаркет і аўтастаянка.

Апошнія пакаранні адбыліся 7 чэрвеня 1951 года ў Ляндсбэргскай турме. Пасля вайны яе перайменавалі ў Турму для ваенных злачынцаў № 1. Тут утрымліваліся прызнаныя вінаватымі нацысты. Пасля вынясення прысудаў пашкадаваць злачынцаў прасілі вельмі многія, у прыватнасці – дэпутаты Бундэстагу.

Партрэт рэжысёркі Лені Рыфэншталь, якая здымала «Трыумф волі», у Цэнтры дакументацыі нацысцкай партыі. Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

У 1951 годзе ў Ляндсбэргу адбыўся мітынг у абарону зняволеных нацыстаў. Прыйшло некалькі тысяч асобаў. Скончыўся мітынг скандалам, бо паралельна праходзіла контрдэманстрацыя ў памяць аб ахвярах. Са сведчанняў відавочцаў, сімпатыі насельніцтва былі цалкам на баку злачынцаў, у той час як ахвяраў нацыянал-сацыялізму не ахоўваў ніхто…

На перавыхаванне і пакаянне звычайных немцаў спатрэбілася яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў.

З часу заканчэння Другой сусветнай вайны прайшло 77 гадоў, але яшчэ жывых былых нацыстаў у Нямеччыне працягваюць судзіць да гэтай пары. Нават калі чалавек быў «шараговым ахоўнікам» і «проста стаяў на вышцы» у лагеры, яго абвінавачваюць і судзяць за саўдзел у забойстве сотняў і тысячаў людзей.

Могілкі загінулай імперыі

Нюрнбэрг сёння – прыгожы сярэднявечны горад з фахвэркавымі вуліцамі, мастамі і старадаўнім замкам на ўзгорку. Сталіца Франконіі лічыцца адной з самых прыгожых мясцінаў на мапе Нямеччыны. Але горад мае і іншы бок.

Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

Калісьці Гітлер называў Нюрнбэрг духоўнай сталіцай Трэцяга райху, горадам, чыя «гатычная архітэктура найбольш поўна перадае дух нямецкай культуры». Гады Трэцяга райху можна лічыць самымі змрочнымі ў гісторыі гораду. Тут у 1935 г. былі прынятыя вядомыя на ўвесь свет «расавыя законы», якія афарбавалі горад у карычневы колер і сталі прэлюдыяй да знішчэння габрэяў. Кінарэжысёрка Лені Рыфэншталь зняла тут вядомы прапагандысцкі фільм «Трыумф волі».

У Нюрнбэргу праводзіліся маштабныя парады НСДАП, і тут дайшла да свайго апагею ідэя аб стварэнні «звышчалавека», «чысціні нямецкай крыві» і асаблівай ролі фюрэра ў гісторыі райху. Прапаганда такіх маштабных ідэяў вымагала ад тагачасных вярхоў стварэння адпаведных ёй візуальных вобразаў – манументальных збудаванняў, што дэманстравалі б сувязь ідэяў нацызму з імперскім мінулым Нямеччыны.

Спецыяльна для гэтых мэтаў у паўднёва-ўсходняй частцы Нюрнбэргу на беразе возера была вылучаная асобная тэрыторыя, вядомая сёння як «Тэрыторыя партыйных зʼездаў» нацыстаў. Кіраваў будаўніцтвам асабісты архітэктар Гітлера Альбэрт Шпээр.

Вось так на малюнку ілюстравалі будаўніцтва Палацу з’ездаў, дзе цяпер месціцца Дакументальны цэнтр. Нюрнбэрг, Нямеччына.
Фота: СП / Белсат
Цэнтр дакументацыі нацысцкай партыі. Змрочны будынак, падобны да Калізэю. Вонкавы выгляд. Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

Вялізны змрочны будынак, падобны да Калізэю – гэта Зала сходаў і Цэнтр дакументацыі нацысцкай партыі. У паўночным крыле месцяцца няскончаныя рэшткі кангрэс-холу былых нацысцкіх партыйных мітынгаў. Яго сталая выстава прысвечаная прычынам станаўлення і наступствам панавання нацысцкай партыі ў Нямеччыне, таксама ёсць стэнды, прысвечаныя антыгітлераўскаму супраціву ў краіне. Паводле задумы гэты гіганцкі будынак меўся падкрэсліць пераемнасць і сувязь Трэцяга райху з Рымскай імперыяй і змяшчаць у сабе падчас зʼездаў адначасова да 50 000 асобаў. Для адштукавання фасаду выкарыстоўваліся гранітныя пліты з усіх вобласцяў імперыі, што ў сваю чаргу меліся сімвалізаваць трываласць і вечнасць нацысцкай ідэалогіі. Але маштабнае будаўніцтва так і не было канчаткова завершанае. Сёння будынак Залы сходаў нагадвае хутчэй вялізную будоўлю. Адзіная акультураная частка месціцца з левага боку будынку, дзе абсталяваны музей.

Трыбуна Цэпэліна, галоўная трыбуна Трэцяга райху. Закінутыя прыступкі, у расколінах расце трава. Месца пустэльнае, раз-пораз тут прабягаюць лёгкаатлеты на трэнаванні, а таксама ездзяць дзеці на самакатах. Нюрнбэрг, Нямеччына. Восень 2021 года.
Фота: СП / Белсат

Абыходзім возера і трапляем да трыбуны Цэпэліна. Гэта галоўная трыбуна Трэцяга райху – адзінае вялікае збудаванне на тэрыторыі зʼездаў, што ўдалося скончыць. Тут праходзілі ваенныя парады, у якіх удзельнічалі да 100 000 вайскоўцаў. Правобразам галоўных трыбунаў паслужыў антычны Пэргамскі алтар. Унутры трыбуны размяшчалася пампезная Зала славы, са столлю, выкладзенай пазалочанай мазаікай. Тут прымалі высокіх гасцей.

Пасля падзення фашысцкага рэжыму і вызвалення гораду амерыканскімі войскамі насупраць гэтай трыбуны быў праведзены яшчэ адзін парад, гэтым разам ужо арміі ЗША. Яго кульмінацыяй стаў падрыў велізарнай скульптурнай свастыкі, што вянчала галоўную трыбуну.

Свой выгляд трыбуна страціла яшчэ ў 1967 годзе праз праблемы з каланадай, якая ў выніку была падарваная. Але розныя масавыя мерапрыемствы праходзілі тут ажно да 1992 года: мітынгі на 1 траўня, канцэрты, рэлігійныя зборы і нават аўтагонкі. Сёння насупраць трыбуны абсталяваная пляцоўка для цяжкавых машынаў.

Падрыў велізарнай скульптурнай свастыкі, што вянчала галоўную трыбуну. Фота зробленае ў Цэнтры дакументацыі нацысцкай партыі. Нюрнбэрг, Нямеччына.
Фота: СП / Белсат

Цэнтральная вось гэтага архітэктурнага комплексу – 2,5-кіламетровая Вялікая дарога, пабудаваная для парадаў. Побач закладзены стадыён, вядомы як самы вялікі ў свеце, дзе, на задуму Гітлера, у будучыні меліся праходзіць Алімпійскія гульні.

У Нюрнбэргу таксама месціцца былы вакзал Мэрцфэльд, з якога адправілі ў канцлагеры больш за дзве тысячы габрэяў. Цяпер тут пануе запусценне, захаваліся часткі станцыйных пабудоваў, сходы і некаторыя з васьмі перонаў. І вядома ж – Палац правасуддзя, дзе адбываўся Нюрнбэргскі працэс. Цяпер там адкрыты мемарыял, а ў славутай Зале 600, як і раней, праходзяць судовыя паседжанні, але ўжо ў звычайных крымінальных справах.

Сёння рэшткі вялікіх будынкаў, пабудаваных у той час, сведчаць пра маштабныя прапагандысцкія шоу. А таксама пра тое, што кожны злачынца ўрэшце атрымае сваё пакаранне.

СП belsat.eu

Стужка навінаў