Дзяржава больш за 10 гадоў змагаецца з карупцыяй у медыцыне – і пакуль перамогі не відаць


У найноўшай гісторыі Беларусі, як паведамляюць афіцыйныя асобы, так званыя карупцыйныя справы ў медычнай сферы маюць не толькі сталы характар, але і вызначаюцца маштабамі. Сілавікі штогод рапартуюць пра хабарніцтва або перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобных галоўных дактароў, а раз на некалькі гадоў у шэрагі абвінавачваных трапляюць дзясяткі лекараў. «Белсат» узгадаў найбольш гучныя так званыя карупцыйныя справы ў медычнай сферы за апошнія 10 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Даволі часта на лаве падсудных апынаюцца вядомыя і найлепшыя спецыялісты ў галіне аховы здароўя. Яшчэ ў 2013 годзе даволі гучным стаў працэс супраць віцебскага доктара Леаніда Шылько. Адзін з галоўных медыкаў краіны атрымаў 6 гадоў турмы за крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Сілавікі налічылі, што доктар, які зрабіў з касцюковіцкай больніцы адну з найлепшых у краіне, скраў каля 3 тысяч долараў ЗША.

Праз год пасля гэтага адбыўся суд над гендырэктарам, галоўным інжынерам і лекарам-анестэзіёлагам «Экамедсэрвісу» ў Горадні. Іх прызналі вінаватымі ў смерці гарадзенкі Юліі Кубаравай. Пасля гэтай трагедыі следчыя і кантрольныя органы пільна правяралі прыватную медыцыну.

«Экамедсэрвіс».
Фота: doktora.by

У шэрагу карупцыйных справаў у 2013–2016 гадах фігуруюць сумы хабару памерам ад 50 долараў ЗША. Эксперты не раз адзначалі, што ахова здароўя – тая сфера, на якой дзяржава заўсёды ашчаджае. А заробкі лекараў застаюцца надзвычай малымі. Адсюль і крымінальныя справы, у якіх лекары атрымлівалі грошы за несапраўдныя лісты непрацаздольнасці, спрыянне ў справе ўхілення ад войска. Часам адбываліся і медычныя памылкі, якія прыводзілі да траўмавання або нават смерці пацыентаў.

Фіналам усёй гэтай сітуацыі стала раскрыццё супрацоўнікамі КДБ у 2017 годзе найбуйнейшай у гісторыі Беларусі «справы медыкаў». Першымі ахвярамі сталі галоўныя дактары больніцаў у Менску, Гомельскай, Магілёўскай і Гарадзенскай вобласцяў.

Масавыя затрыманні медыкаў і фармацэўтаў дзяржаўныя тэлеканалы паказалі як вынік размовы Аляксандра Лукашэнкі з народам падчас паездкі ў Віцебскую вобласць. 7 ліпеня 2017 года жыхарка Капылю спытала, чаму беларускія лекі даражэйшыя за еўрапейскія. Лукашэнка тут жа знайшоў вінаватых:

«Калі вы ставіце пытанні, што ў нас дарагаватыя лекі, значыць, ёсць праблемы. Мае памочнікі перададуць ва ўрад, каб там прааналізавалі ды паведамілі мне, што за дарагія лекі, якіх людзі купіць не могуць… Нельга вытворцу лекаў даваць магчымасць сыцець за наш кошт».

Аб’ектыў
21 вінаваты ў карупцыі, але справа медыкаў працягваецца
2019.12.27 23:00

Паводле абвінавачвання, лекары дапамагалі некаторым пастаўнікам медычнага абсталявання і лекаў, за што атрымлівалі «адкаты» памерам да 5 % ад сумы ўгоды. У справах фігуравалі сумы памерам ад 400 да 5000 долараў.

Справа ў 2018 годзе атрымала далейшае развіццё. За кратамі апынуліся намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі ды кіраўнікі даччыных прадпрыемстваў міністэрства. Агулам тады затрымалі 95 медыкаў па ўсёй краіне. Але на лаве падсудных засталіся каля 20 дактароў. І калі спачатку дзяржаўныя медыі рапартавалі, што карупцыйныя абароты дасягалі сотні тысяч долараў, то ў судовых залах агучваліся меншыя сумы – тысячы долараў. Тым не менш, абвінавачваныя, сярод якіх і выбітныя дактары, што ўратавалі сотні жыццяў, атрымалі ад 2,5 да 9 гадоў турэмнага зняволення.

Цікавым момантам справы медыкаў 2018 года сталася тое, што Васіль Жарко, які ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя з 2006 да 2016 года, выйшаў сухім з вады. Некаторы час ён праходзіў як сведка, КДБ выклікаў яго на допыты. Тады ён апраўдваўся, што не ведаў пра існаванне маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя.

«Але што такая справа вырасце, я проста не чакаў», – сказаў Васіль Жарко.

Васіль Жарко і спявачка Аляксандра Гайдук.
Фота: nn.by

Але журналісты адзначалі, што такая татальная карупцыйная схема не паўстае на пустым месцы, а выбудоўваецца гадамі. Варта таксама нагадаць ва ўсёй гэтай сітуацыі, што Васіль Жарко, акрамя іншага, хросны бацька сына Лукашэнкі Мікалая.

Наводзіць парадак у медычнай сферы Лукашэнка пасля гэтага скандалу накіраваў Уладзіміра Караніка.

Пасля карупцыйнай хвалі ў 2020 годзе медыкаў працягвалі арыштоўваць. Але гэтым разам праз палітычны пераслед. Менавіта лекары ў жніўні 2020 года пачалі агучваць журналістам сапраўдныя маштабы катаванняў мірных пратэстоўцаў. У студзені 2021 года галоўны пазаштатны інфекцыяніст Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Мікіта Салавей апублікаваў у сваім Facebook спіс медыкаў, якіх затрымалі і асудзілі за апошні тыдзень. 26 студзеня стала вядома, што лекара звольнілі.

Уладзімір Каранік выйшаў пагаварыць з медыкамі падчас страйку ў Менску. 17 жніўня 2020 года.
Фота: TK / Белсат

У сёлетнім сакавіку-красавіку ў Беларусі зноў распачалася маштабная чарговая «справа медыкаў». Агулам сілавікі затрымалі больш за 30 артапедаў-траўматалоўгаў, некаторыя з якіх узначальвалі аддзяленні ў розных медычных установах краіны.

Першыя арышты адбыліся яшчэ 26 сакавіка. І толькі 18 красавіка Лукашэнка распавёў пра затрыманне агулам 35 дактароў і назваў гэта «аперацыяй». Паводле непацверджанай інфармацыі, артапеды праходзяць паводле арт. 430 Крымінальнага кодэксу («Атрыманне хабару»), а справа звязаная з пастаўкамі эндапратэзаў.

Нібыта дактары падказвалі пацыентам, «якія імпартныя артапедычныя дэталі ім у цела ўставіць», і атрымлівалі хабар.

Гісторыі
Аперацыя пераносіцца. Менчукі расказалі, ці давалі хабар артапедам за пратэзаванне суставаў
2022.04.18 21:50

belsat.eu

Стужка навінаў